Хацець не шкодна, або як трапіць "у тэлевізар"

06.06.2014
"Звязда", 6 чэрвеня 2014 г.

 
На мінулым тыдні тэлеканал "Беларусь 2" прадставіў прэм'еру праекта "Хачу ў тэлевізар". Тут кожны ахвотны можа стаць "зоркай" эфіру: перад камерамі можна агучыць свае цікавыя ідэі, пазнаёміцца з апантанымі людзьмі і скарыстаць шанц заявіць пра сябе на ўсю краіну. Днямі ў студыі Белтэлерадыёкампаніі прайшоў ужо трэці кастынг для прэтэндэнтаў. Карэспандэнты "Звязды" паназіралі за ўдзельнікамі, пакуль журы шукала новыя кадры ў каманду прафесіяналаў...

Другога шанцу не будзе?

Частка прэтэндэнтаў на тое, каб трапіць у тэлевізар, ужо чакае пад дзвярыма студыі, нехта яшчэ ў грымёрцы, а мы пераступаем за першым удзельнікам парог, дзе чакае здымачная група. Хлопцу чапляюць мікрафон-пятлічку і запрашаюць у кадр.
- Мяне завуць Міша Янчанка, мне 30 гадоў, і я прадстаўляю горад Гомель. Жанаты, маю сына, - расказвае пра сябе прэтэндэнт. - Прымаю ўдзел у гэтым конкурсе, бо хацеў бы заняць на вакансію спартыўнага каментатара.
Камісія падтрымлівае Мішу і прапануе паспрабаваць сябе ў запаветнай ролі ў тую ж хвіліну. Паколькі нашаму герою падабаецца хакей, то і трансляцыю ён умоўна вядзе з хакейнага спаборніцтва.
- Увага! Увага! Працуюць усе цэнтральныя тэлеканалы,?- не губляецца хлопец.?- З вясенняга горада Мінска тэлеканал "Беларусь 2" вядзе прамую тэлетрансляцыю гульні паміж зборнымі Расіі і Фінляндыі...
Як потым падзяліўся хлопец у асабістай размове, жаданне прыйсці сюды не было спантанным, і здзейсніць сваю мару ён спрабуе не ўпершыню:
- Апошнія 14 гадоў я працаваў у хакейнай сферы - быў хакейным агентам, асістэнтам генеральнага менеджара ў клубе, меў нават вопыт каментавання матчаў, таму ёсць вялікае жаданне падзяліцца ведамі з тэлегледачамі. Два гады таму ў нас адкрыўся інтэрнэт-канал, і руская версія каментавання матчаў ляжала на маіх плячах. Тады і задумаўся, а чаму б не паспрабаваць паўдзельнічаць у нейкіх конкурсах, звязаных менавіта са спортам. Летась я ўдзельнічаў у конкурсе на каментатара, але першы плод - за плот, таму сёння я тут. Калі не прайду? Гэта творчы працэс, і насамрэч ніколі не варта спыняцца і апускаць рукі: сёння ты не падыходзіш, але калі працягваеш працу над сабой, то праз год можа з'явіцца яшчэ адна магчымасць.
Вось ужо рэжысёр змяняе ўмовы, і новаспечанаму каментатару трэба ўявіць сябе на футбольным матчы. Так у момант мы аказваемся на стадыёне "Дынама". Дарэчы, прызнаўся Міша журы, на чэмпіянаце свету па футболе ён будзе перажываць за зборную Германіі, бо сам родам з Патсдама і сімпатызуе гульцам гэтай каманды.
- Выдатна, дзякуем! Глядзіце сябе ў тэлевізары ў эфіры "Беларусь 2" бліжэйшым часам.
Дзяніс з Жодзіна падаў заяўкі быць вядучым адразу ў трох праектах, якія сёння ідуць на "Беларусь 2" - "Раніца на Беларусь 2", "Імперыя песні" і "Вышэй за дах", аднак потым перадумаў "мерацца прафесіяналізмам" з Віталем Карпанавым. На пытанне, чаму выбраць вядучым трэба было б яго, хлопец адказаў у вершах: "Талант родился у меня, // Я знал что все меня заметят, // Горел, как пламя у огня, // И словом бойко я ответил..."
- У вас тэхнічная адукацыя, а вы лірык! - замест адзнакі выказаўся нехта са здымачнай групы. Хлопец тлумачыць такое спалучэнне коратка:
- Часам людзьмі рухае безвыходнасць. Я, калі шчыра, не люблю дзве рэчы - нечаканасці і абставіны. І сам па сабе крыху высакамерны.
Дзянісу прапанавалі ўявіць, што яму патэлефанавалі сярод ночы і прапанавалі весці эфір, які пачнецца праз 15 хвілін,?- каб праверыць, ці гатовы той паступіцца сваім гонарам дзеля мэты.
- Скажу, што змагу толькі праз паўгадзіны, альбо наогул адмяню заявачку. Трэба загадзя папярэджваць што, дзе і калі будзе,?- тлумачыць сваю пазіцыю прэтэндэнт. Чарговыя некалькі пытанняў, і на развітанне чуецца "Усяго найлепшага!".

Экстрым і канкурэнцыя

Прыцягвае маю ўвагу і прыгожая дзяўчына (хоць дзяўчаты там усе былі прыгажуні) мадэльнай знешнасці. Кацярына, як аказалася, заўжды марыла трапіць на тэлебачанне: "Гэта мая мара з дзяцінства. І мне здаецца, чалавек, які яе рэалізуе, больш аддадзены будзе працы, чым проста людзі з добрай знешнасцю і выдатнай дыкцыяй".
- Ваша мара толькі што здзейснілася,?- заўважае рэжысёр.
-Хацелася б затрымацца,?- крыху губляецца прэтэндэнтка. Але зноў бярэ сябе ў рукі, распавядаючы, якую праграму хацела б весці:
- Мне падышла б любая тэматыка, але больш блізкае - тое, што датычыцца стылю, прыгажосці.
Пазней цікаўлюся ў дзяўчыны, што адчувала, апынуўшыся перад камерай?
- Адрэналін неверагодны, быццам руку ў кіпень апусціла. Хвалявалася,?- прызнаецца Каця.
...Нехта з удзельнікаў прапаноўваў зрабіць перадачу для дзяцей, іншыя прэтэндавалі на музычна-забаўляльныя праекты. А вось пільнае вока тэлекамеры засяродзілася на хлопцу ў фартуху.
Хлопец адразу пачынае з прэзентацыі і сябе, і сваёй ідэі:
- Усіх вітаю! Вось і ў Алены Спірыдовіч з'явіўся новы калега. Мяне завуць Уладзімір Валасных,?- трымаецца мужна юнак перад камерай.?- Калі гаворыш пра беларускую кухню, то самае складанае - не выкарыстаць ужо ў першым сказе слова "бульба". Бачыце, і ў мяне не атрымалася...
Потым ён запрашае прыгатаваць дранікі. Не ведаю, як прысутным у камісіі, а мне захацелася хутчэй апынуцца дома і прыгатаваць смачную страву. Так, няхай не ўсё гладка атрымалася ў Валодзі, але тое, што рыхтаваўся, адчувалася. Можа, з часам і праўда трапіць у эфір "Беларускай кухні".

Хочаш папулярнасці? Працуй над сабой!

Гісторыя кожнага з 20 кандыдатаў па-свойму непаўторная. Нехта меў неблагую ідэю, але ніяк не мог уявіць сябе ў эфіры. Нехта верыў у чароўную сілу сваёй кашулі. Аляксандр Комар з Барысава прыйшоў на кастынг у яркім світары з выявай твару, які крыўляецца: "Мой выгляд дэманструе маё несур'ёзнае стаўленне да таго, чаго я ўжо дасягнуў. І імпульсам да сур'ёзнай працы магло б стаць тэлебачанне". Знаходзіліся і смелыя дзяўчаты, як Алена з Мінска, якая патлумачыла прычыну свайго прыходу лаканічна: "Хачу папулярнасці!" Коратка, ясна і шчыра.
- Чым часцей за ўсё "чапляюць" удзельнікі, калі ўлічваць, што гэта ўжо трэці кастынг?
- Талентам, эрудзіраванасцю, а некаторыя яшчэ і абаяльнасцю. Але для працы нам вельмі патрэбна, каб быў талент добра размаўляць, рухацца і трымацца ў кадры. Безумоўна, калі нехта праявіць жаданне заспяваць, станцаваць ці паказаць яшчэ нейкі талент, то гэта толькі плюс,?- адказвае кіраўнік праекта "Хачу ў тэлевізар", выканаўчы прадзюсар тэлеканала "Беларусь 2" Аляксей Ніканчык.?- Галоўная мая парада - рыхтуйцеся да кастынгу, каб маглі данесці да гледача свае ідэі, расказаць пра сябе і пра праект, які хочаце рэалізаваць. Толькі ад падрыхтаванасці залежыць тое, як той ці іншы чалавек будзе прадстаўлены ў эфіры.
З уласных назіранняў дадам: працуйце над сваёй мовай, майце на ўзбраенні скорагаворкі, вершы ці нешта яшчэ з вуснай творчасці і верце ў свае мары. Раней, як расказала здымачная група, тут і танцавалі, і спявалі, і на шпагат садзіліся - словам, паказвайце сябе па максімуме. Здзівіце рэжысёраў і сябе саміх. А тыя, хто ўжо паспрабаваў свае сілы, чакаюць чарговых выпускаў праекта на тэлеканале "Беларусь 2".

P.?S. Усю падрабязную інфармацыю аб праграме "Хачу ў тэлевізар" можна знайсці на старонцы праекта: http://www.belarus2.by/teleproekty/khochu-v?televіzor.

Алена ДРАПКО.