Хакейныя тыдні на тэлебачанні

10.04.2014
"Рэспублiка", 10 апреля 2014 г.

 
Добрая навіна для тых, хто не здолеў купіць білеты на матчы чэмпіянату свету па хакеі: беларускае тэлебачанне пакажа ўсе 64 сустрэчы, прычым у прамым эфіры. Выключныя правы на арганізацыю трансляцый набыла Белтэлерадыёкампанія.
Матчы будуць паказаны на каналах "Беларусь 1", "Беларусь 2" і "Беларусь 5". Апошні на перыяд з 9-га па 25 мая наогул стане цалкам хакейным. Гульні, у тым ліку і паўторы, будуць трансліравацца з ранку да позняга вечара. Пасля паўночы запланаваны агляды дня. Штодзённа будзе выходзіць праект "Авертайм. Чэмпіянат свету. Мінск 2014". У студыю на "Мінск-Арэне" плануецца запрашаць хакейных спецыялістаў, якія абмяркуюць апошнія навіны, прааналізуюць канкрэтныя сустрэчы, балельшчыкі таксама будуць мець магчымасць выказацца. Праект будзе папярэднічаць гульні, а таксама выходзіць у перапынках і пасля яе. Па словах кіраўніка канала "Беларусь 5" Паўла Булацкага, асвятляць чэмпіянат будзе вопытная каманда журналістаў, якія неаднойчы былі на падобных спаборніцтвах.
Самыя галоўныя і відовішчныя матчы, у тым ліку з удзелам зборнай нашай краіны, давераны "Беларусь 2". Значную частку хакей зойме і на галоўным канале медыяхолдынга. Усе апошнія хакейныя і каляспартыўныя весткі будуць пададзены ў рэжыме онлайн у выпусках навін. Кіраўнік АТН Кірыл Казакоў абяцае, што журналісты пабываюць за кулiсамi турнiра, пазнаёмяць гледачоў з рознымі службамі, якія працуюць на чэмпіянаце. Дзеля гэтага агенцтва "ахвяравала" трыццаць шэсць сваіх спецыялістаў. Усяго ж на чэмпіянаце акрэдытавана каля двухсот прадстаўнікоў Белтэлерадыёкампаніі.
І яшчэ некалькі фактаў. Для зручнасці на працягу двух тыдняў будуць паказваць ролікі з раскладам трансляцый матчаў. У асвятленні чэмпіянату задзейнічаны і радыйныя падраздзяленні холдынга. "Радыус-FM" ужо сёння прапануе сваім слухачам розныя віктарыны з розыгрышам прызоў. А беларускае радыё абяцае нават прамыя рэпартажы з трэціх перыядаў найбольш цікавых матчаў.

Наталля СЦЯПУРА, "Р".