Казкi, цуды i дзяцiнства

13.06.2009
"Звязда", 13 июня 2009


Сталi вядомыя некаторыя падрабязнасцi падрыхтоўкi дзiцячага конкурсу "Еўрабачанне-2010", што адбудзецца ў Мiнску
Беларусы даведалiся аб тым, што конкурс нарэшце прыме наша краiна, у панядзелак 8 чэрвеня. Прадстаўнiкi Белтэлерадыёкампанii, якiя прадстаўлялi i абаранялi прэзентацыю праекта "Еўрабачання" перад назiральнай радай Еўрапейскага вяшчальнага саюза, прызналiся, што ведалi аб станоўчым рашэннi на трое сутак раней, але захоўвалi маўчанне да афiцыйнага рэлiзу з Жэневы. "Хоць нам так i карцела падзялiцца з вамi радасцю", - заўважыў кiраўнiк прэзентацыi, намеснiк дырэктара Першага канала Аляксандр Капёнкiн.
Нягледзячы на тое, што да будучага конкурсу яшчэ 1,5 года, у беларускiх арганiзатараў ужо гатовая дэталёвая праграма знаходжання замежных дэлегацый у нашай краiне - прадумана, што госцi змогуць бясплатна аформiць вiзы i мытнае афармленне непасрэдна ў аэрапорце, што юных артыстаў паселяць у адным з цэнтральных гатэляў - у якасцi найбольш верагодных варыянтаў разглядаюцца гасцiнiцы "Вiкторыя" цi "Еўропа", - у вольны час павязуць у Белавежскую пушчу ў госцi да Дзеда Мароза, а падчас рэпетыцый забяспечаць пастаяннай дапамогай i кансультацыямi каманды ўрачоў-фанiятараў...
Для конкурсу 2010 года беларускi бок прапанаваў мноства новых iдэй, якiя, цалкам верагодна, пяройдуць у спадчыну i да наступных арганiзатараў. Прыкладам, для ўсiх без выключэння ўдзельнiкаў будуць падрыхтаваны прызы - копii галоўнага прыза, каб прайграўшым не было так крыўдна i каб звесцi да мiнiмуму колькасць дзiцячых слёз. Яшчэ адзiн свежы струмень - адмысловыя дабрачынныя праграмы (ужо распрацоўваецца сумесны праект з ЮНIСЕФ, плануецца наведванне дамоў-iнтэрнатаў i ўручэнне падарункаў дзецям-сiротам, дзецям-iнвалiдам, каб яны адчулi сябе часткай агульнага свята; для iх таксама будзе выдзеленая частка бiлетаў на галоўныя рэпетыцыi i непасрэдна на шоу дзiцячага "Еўрабачання"). Акрамя таго, для ўдзельнiкаў i гасцей конкурсу будуць падрыхтаваныя прома-пакеты, куды ўвойдзе, у прыватнасцi, "карта крамаў" Мiнска i камплект купонаў на атрыманне бясплатных дробных сувенiраў або знiжак у некаторых крамах.
Улiчваючы такi размах, паўстае пытанне - дзе знайсцi грошы, каб не ўдарыць тварам у гразь? Паводле слоў намеснiка старшынi Белтэлерадыёкампанii, бюджэт дзiцячага "Еўрабачання" яшчэ не складзены, але ўжо вядома, што фiнансаванне будзе забяспечваць часткова ЕВС (членскiя ўнёскi краiн - удзельнiц саюза), часткова Белтэлерадыёкампанiя, часткова - генеральныя i мясцовыя спонсары, дый на дзяржаўную падтрымку мерапрыемства такога ўзроўню цалкам можа разлiчваць.
Адкрытымi застаюцца некалькi пытанняў: якая сусветная поп-зорка пагодзiцца правесцi ў Мiнску майстар-клас для ўдзельнiкаў конкурсу (перамовы праз нью-ёркскае агенцтва iдуць з некалькiмi кандыдатамi) i хто стане вядучым конкурсу. На ролю апошняга ЕВС парэкамендаваў ужо Дзянiса Кур'яна, якi апошнiя некалькi гадоў каментуе дарослае "Еўрабачанне" i вядзе нацыянальны адбор на дзiцячае. Але i тут павiнен быць выбар, таму Белтэлерадыёкампанiя абвяшчае конкурс на вядучых: ад мужчыны, акрамя прыемнай знешнасцi, патрабуецца свабоднае валоданне англiйскай мовай, ад сiмпатычнай дзяўчыны - французскай.
...Разглядаючы ўсе гэтыя планы i перспектывы, беларускi аргкамiтэт не забываецца i на блiжэйшае "Еўрабачанне", якое адбудзецца 21 лiстапада ў Кiеве. Удзел у iм пацвердзiлi 13 краiн, да лiку якiх упершыню далучылася Швецыя - прычым якраз дзякуючы пiяр-кампанii, якую беларусы актыўна праводзiлi на дарослым "Еўрабачаннi" ў Маскве. Хто будзе прадстаўнiком ад нашай краiны, высветлiцца пасля вераснёўскага гала-канцэрта 10 -і фiналiстаў, але ўжо цяпер бачна, што сёлетнi адбор выклiкаў у беларусаў надзвычайную, а месцамi нават хваравiтую цiкавасць. Ролiк з выступленнем 13-гадовага Юры Дземiдовiча "Чароўны трусiк" усяго за 10 дзён паглядзелi i пракаментавалi больш як 300 тысяч чалавек, прычым рэакцыя многiх дарослых стварае ўражанне, што большасць з iх забылася - гаворка iдзе пра дзяцей!
"Мы вельмi перажываем за фiналiстаў адборачнага тура дзiцячага "Еўрабачання" з-за гэтай нечаканай вялiзнай увагi да аднаго з удзельнiкаў. Невядома, добра цi дрэнна гэта на iх адаб'ецца. Усё ж такi трэба помнiць, што гэта дзецi, i падбiраць словы для ацэнак, - мяркуе Аляксандр Мартыненка. - Тым больш, не забываемся, што ў фiнале ёсць яшчэ дзевяць таленавiтых дзяцей - усе яны таленавiтыя i па-свойму цiкавыя, i ўсе вартыя перамогi". Бацькi i педагог Юры спецыяльна папрасiлi не мусiраваць больш гэту тэму, а арганiзатары нагадалi, што ўсе фiналiсты зноў збяруцца ў Мiнску ў жнiўнi, пакажуць свае дапрацаваныя нумары, i тады ўжо варта будзе параўноўваць i гаварыць - пра ўсiх. Бо, паводле правiлаў дзiцячага конкурсу, дзецi не павiнны быць "прадметам пiяру" для дарослых.