Казкі - гэта цуд

15.06.2012
"Народная газета", 15 июня 2012 г.


Дзе беларускія артысты ператвараюцца ў вожыкаў, зайчыкаў і сабачак?
Памятаю, як у дзяцінстве мы, малыя, часта збіраліся па вечарах ля дзядулі і яго любімай радыёлы. Здаецца, ён не прапускаў ні аднаго выпуску навін. Але як толькі з'яўляліся ў пакоі дзеці, ахвяраваў нават інфармацыйным эфірам - толькі б даць малым паслухаць "Вячэрнюю казку". Ведаў, якое задавальненне нам дастаўлялі цікавыя казачныя гісторыі на мілагучнай матчынай мове. На жаль, няма ўжо дзядулі, а тая радыёла пыліцца на бацькавым гарышчы. Але "Вячэрняя казка" на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё працягвае гучаць і радаваць усё новыя пакаленні маленькіх беларусаў.
 
- "Вячэрнюю казку" можна без перабольшвання назваць брэндам Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё. І, дарэчы, гэта праграма не нашмат маладзейшая за само Беларускае радыё. Хутка мы адзначым яе паўвекавы юбілей, - расказвае загадчык аддзела літаратурна-мастацкіх праграм Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Галіна Шаблінская (на фота). - Вырасла некалькі пакаленняў беларусаў, якія помняць "штовечаровую радыйную казку" на добры сон. Казка - гэта асаблівы жанр, у якім зашыфраваны код мудрасці і філасофіі цэлага народа, яго ментальнасці і прыгажосці. У нашым выпадку літаратурны жанр набывае іншае аблічча - аўдыё, дзякуючы голасу выканаўцы, гукавым шумам і музыцы.
"Вячэрняя казка" з'явілася ў пачатку 60-х гадоў ХХ стагоддзя ў аддзеле літаратурна-музычных перадач Галоўнай рэдакцыі вяшчання для дзяцей і юнацтва Беларускага радыё і мела нават іншую назву - "Вячэрняя калыханка". Крыху пазней яе галоўнай дзеючай асобай і адным з любімых радыёгерояў маленькіх слухачоў стаў Баюн Калыханавіч, лісты якому пісалі дзеці з усіх куткоў Беларусі. З цягам часу фармат праграмы мяняўся, узнікалі новыя ідэі і адпаведна іншыя казачныя вядучыя.
 
- Праект займеў сённяшнюю назву "Вячэрняя казка", - працягвае Галіна Васільеўна. - Але яго мэта засталася ранейшай - дарыць хлопчыкам і дзяўчынкам эфірную сустрэчу з добрай казкай, якая абуджае дзіцячую фантазію і ў ролі шчырага радыёсябра завітвае ў кожны дом, дзе яго чакаюць.
Вялікую ролю ў гэтым радыйным праекце адыгрывае музыка - лічыць гукарэжысёр Ларыса Гаршунова (на фота злева знізу), якая працуе на радыё ўжо больш за трыццаць гадоў. - Без яе казка не будзе гучаць.
 
- Спецыяльна для гэтага праекта было напісана некалькі песень-калыханак кампазітарамі Леанідам Захлеўным, Зміцерам Яўтуховічам, Эдуардам Зарыцкім і іншымі. Пабывалі ў радыйнай "Вячэрняй казцы" і многія беларускія выканаўцы. Гэта вельмі мілагучныя дзіцячыя песні-калыханкі, якія дапамагаюць бацькам укласці спаць сваіх маленькіх сыноў і дачок, - расказвае Ларыса Мікалаеўна. - Працаваць для дзяцей - вялікая радасць. Хто не любіць казкі?! Казкі - гэта цуд. Тут размаўляюць коцікі, сабачкі, кветкі...
"Размаўляюць", вядома, не самі. Іх агучваюць беларускія акцёры. Колькі знакамітых людзей працавала і працягвае працаваць у радыйнай "Вячэрняй казцы": народныя артысты СССР Глеб Глебаў, Лідзія Ржэцкая, Генадзь Аўсяннікаў, народныя артысты Беларусі Юрый Сідараў, Лілія Давідовіч, Марыя Захарэвіч і многія іншыя. 

- Для мяне сустрэча з казкай і яе персанажамі заўсёды радасная і жаданая. Гэта магчымасць на некалькі хвілін вярнуцца ў дзяцінства і апынуцца ў чароўным свеце, дзе дабро заўсёды перамагае зло, - расказвае Ліка Пташук (на фота справа), дачка вядомага беларускага кінарэжысёра, народнага артыста Беларусі Міхаіла Пташука. Некалькі гадоў таму Ліку запрасілі паўдзельнічаць у знакамітым праекце ў якасці выканаўцы і рэжысёра.
 
- Гэту прапанову я прыняла з задавальненнем. Але і зразумела, якая адказнасць паўстае перада мной, - прызнаецца Ліка. - Вядома, што дзіцячая аўдыторыя самая складаная і патрабавальная. Але перад гэтым у мяне некалькі гадоў былі штодзённыя хатнія "рэпетыцыі" з маім сынам, якому чытала не толькі казкі, але і дзіцячыя вершы, апавяданні. І для мяне лепшай узнагародай было тое, калі ён мяне ўважліва слухаў. Хочацца верыць, што так мяне слухаюць і маленькія радыёслухачы.
Як рэжысёр праекта Ліка працавала і над афармленнем эфіру, разам з гукарэжысёрам зрабіла новыя музычныя застаўкі, адбіўкі, запісала вершы. Зараз Ліка яшчэ і аўтар - самастойна рыхтуе тэксты для эфіру. І, як прызнаецца, стараецца выбраць для "Вячэрняй казкі" толькі самае лепшае. Гэта і сусветныя шэдэўры, і беларуская класіка, і творы таленавітых сучаснікаў - Алены Масла, Расціслава Бензярука, Васіля Жуковіча, Вольгі Караткевіч і іншых. Усе казкі праекта на беларускай мове.

Людміла МІНКЕВІЧ, "НГ".