Кавалер Мальтыйскага ордэна

15.04.2006
"Звязда", 15 красавіка 2006 г.


"Еўрабачанне-2006"
У рамках прома-тураў па запрашэнню Белтэлерадыёкампанii ў нашу краiну працягваюць прыязджаць замежныя выканаўцы - будучыя сапернiкi на конкурсе. Зрэшты, цяперашнi госць - мальтыйскi спявак з iтальянскiм iмем Фабрыцыо Фанiела - не канкурэнт Палiне Смолавай хоць бы з той прычыны, што "стартуе" вышэй. Летась, нагадаю, спявачка К’яра заняла другое месца i забяспечыла Мальце месца адразу ў фiнале.
Сам Фабрыцыо - не навiчок на "Еўрабачаннi". Ён прымаў удзел у конкурсе ў 2001 годзе, заняў 9-е месца - i лiчыць яго поспехам. Дзякуючы выступленню ў Капенгагене спявак стаў першым з мальтыйскiх выканаўцаў, хто пачаў мiжнародную музычную кар’еру - заключыў кантракт з нямецкай кампанiяй i выпусцiў адзiн за адным два альбомы хiтоў... Аднак на гэтым не спынiўся i сёлета зноў прыняў удзел у мальтыйскiм нацыянальным адборы - фестывалi "Песня для Еўропы".
Са 180 дасланых заяў журы выбрала 50 лепшых кампазiцый, i толькi 18 з iх удзельнiчалi ў жывым канцэрце, пасля якога адбылося тэлефоннае галасаванне. Лiдарам гледачы прызналi Фабрыцыо Фанiела з песняй "I Do". "Гэта рэальная гiсторыя таго, як расстаўся з дзяўчынай. Мы запiсалi кампазiцыю ў сааўтарстве з маiм сябрам", - расказаў Фабрыцыо. Паводле слоў выканаўцы, калi ягоная экс-дзяўчына даведалася, што прысвечаная ёй песня перамагла, то пажартавала, што палова поспеху i камерцыйнага прыбытку належыць ёй. ...Аднак згубленае каханне песня не вярнула, i сэрца спевака дагэтуль свабоднае, пра што ён i паведамiў у Мiнску, паралельна з хiтрынкай заўважыўшы, што яму ну вельмi падабаюцца беларускiя дзяўчаты.
Вiдэа на лiрычна-танцавальную кампазiцыю так i цягне завяршыць словамi: "I жылi яны доўга i шчаслiва". Бо песня, зразумела ж, пра каханне. А яе назву (у даслоўным перакладзе "Я раблю") можна патлумачыць як "Я кахаю цябе, i раблю ўсё, каб ты мне паверыла!". Але як перадаць гэтыя эмоцыi на сцэне? "Мы з бэк-вакалiстам i 4 дзяўчатамi падтанцоўкi паспрабуем, натуральна, зрабiць шоу. Але збольшага я спадзяюся, што за гэтыя тры хвiлiны, што будзе гучаць песня, людзi проста зразумеюць яе i мае пачуццi", - кажа Фабрыцыо. Спецыяльна для таго, каб слухачы пазнавалi кампазiцыю з першых акордаў, дэлегацыя Мальты наведала з прома-турам Балгарыю, Грэцыю, Кiпр, Лiтву, Латвiю - усяго да пачатку "Еўрабачання" плануецца пабываць у 17 краiнах. З беларускай канкурсанткай Фабрыцыо Фанiела спадзяецца пазнаёмiцца на Мальце, дзе абяцае не толькi цёплы прыём, але i падтрымку на будучыню (у сэнсе галасоў за Беларусь у паўфiнале).
"Якое месца я палiчу поспехам? Натуральна, вельмi парадуюся першаму!" - заразлiва смяецца Фабрыцыо. Калi на гэты раз штурм "Еўрабачання" не ўдасца, магчыма, ён зробiць трэцюю спробу. А магчыма, не. "Я жыву сённяшнiм днём i не планую кар’еру так далёка. Зараз, напрыклад, галоўнае - прамацiраваць мой трэцi альбом у розных краiнах, дзеля чаго пасля конкурсу я паеду ў вялiкi тур". Акрамя таго, Фабрыцыо жыве не адзiнай музыкай - на Мальце ён трымае бар i рэстаран, амаль прафесiйна гуляе ў футбол. Карацей, песня "I Do" вельмi падыходзiць яму ў якасцi дэвiзу: рабiць паўсюль, рабiць заўжды... Пакуль не дасягнеш вынiку.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.