Кацярына Шыбко: "Любімую справу ні на што не прамяняеш"

05.04.2013
"Звязда", 5 красавіка 2013 г.

 
Свой шлях у прафесію яна пачала з праграмы "Зона Х", якую тады курыраваў Кірыл Казакоў. Патрапіць да прафесіянала і прайсці яго школу - хіба не ўдача? Калі чалавек мае мару і працуе, то вынік не прымусіць сябе чакаць. Кацярына Шыбко на ўласным прыкладзе даказвае гэта. На тэлебачанні яна тры гады, ужо год як стварае і вядзе праграму "Невынікі", якая выходзіць па суботах у рамках "Панарамы" на тэлеканале "Беларусь 1", дзе расказвае пра "закадравае жыццё" падзей тыдня. Пра свае першыя крокі ў прафесію, закуліснае жыццё тэлевізіёншчыкаў Каця падзялілася са "Звяздой".

- Чаму вырашыла пачынаць менавіта з крымінальнай журналістыкі?
- Патрапіць у праграму "Зона Х" я хацела з самага пачатку. Магчыма, выбар быў абумоўлены тым, што там ужо працавалі людзі, якіх я ведала. Было пэўнае ўяўленне пра калектыў і яго кіраўніка. Ім быў тады Кірыл Казакоў, які зараз з'яўляецца галоўным дырэктарам Агенцтва тэлевізійных навін. Я разумела, што калі мне пашчасціць прайсці яго школу, то я змагу многаму навучыцца. Яшчэ адна прычына - аператыўная журналістыка, калі ў большасці выпадкаў табе даводзіцца тэкст пісаць па дарозе да месца здарэння. Праграма была добрай школай.

- Можаш успомніць, калі ўвогуле ўпершыню задумалася пра будучую прафесію?
- Я наведвала гурток юнага журналіста ў родным Маладзечне. І там мне таксама пашчасціла з кіраўніком. Друкавалася ў розных газетах, пачынаючы ад нашай рэгіянальнай і выданняў кшталту "Зорька", "Раніца", "Рэспубліка". Потым у мяне з'явілася свая пастаянная рубрыка ў рэгіянальнай газеце. І я зразумела: у мяне атрымліваецца і ёсць магчымасць расці - значыць, ёсць сэнс далей гэтым займацца. Таму, калі паўстала пытанне паступлення, я выбрала журфак.

- Калі гаварыць пра рэпарцёрскую працу, якія здымкі пакінулі самыя яркія ўражанні?
- Я памятаю адзін са сваіх першых сюжэтаў, калі яшчэ працавала ў "Зоне Х". Мне прапанавалі расказаць, чаму затапляваецца Няміга. Тады якраз быў перыяд моцных ліўняў, і там усюды была вада. І вось я з маленькай камерай разам з дыгерамі спускалася ў калектар, каб убачыць усё на свае вочы. Я здымала, яны тэлефонамі падсвечвалі. Было страшна і рызыкоўна, але ж згадзілася зрабіць эксклюзіў!

- А як адчуваеш сябе ў якасці вядучай?
- Камера адна і тая ж, проста праца ў студыі - крыху іншы працэс. Па-іншаму рыхтуешся да эфіраў. "Невынікі" - гэта праца ў вялікай камандзе, а не проста ты, аператар і кіроўца. Важна знайсці падыход да людзей, каб мы былі адной камандай.

- Вобраз "элегантнай лэдзі" з грымёрамі доўга шукалі для цябе?
- Калегі жартуюць з таго, як па-юнацку я выглядаю. Таму давялося доўга эксперыментаваць. Чаго толькі не спрабавалі: і прычоскі розныя, і макіяж, і адзенне! Але спыніліся на класічным варыянце. А грым любога зробіць калі не старэйшым, то больш салідным. На вуліцы мяне ніхто не пазнае, а родныя часам здзіўляюцца, калі бачаць мяне ў эфіры.

- У жыцці таксама аддаеш перавагу класічнаму стылю ў адзенні?
- У мяне гардэроб падзелены, можна сказаць, пароўну: на 15-гадовага падлетка і такую вось "класічную лэдзі". Таму там ёсць і вытанчаныя сукенкі, і туфелькі на абцасах, а таксама джынсы, байкі і красоўкі. Я, напрыклад, калі ў суботу іду на працу толькі на мантаж, то магу дазволіць сабе байку і джынсы. Але гэта рэдкая раскоша, бо, калі едзеш здымаць сюжэты і кантактаваць з людзьмі, апранаешся больш строга. Наогул жа ўсё залежыць ад настрою.

- Вяртаючыся да праграмы "Невынікі", раскажы, як рэагуюць калегі на цябе, калі ты перахопліваеш іх пытаннямі пасля здымак?
- Я нават па ўласным вопыце магу сказаць, што гэта вельмі нязвыкла. Карэспандэнтам нялёгка памяняцца ролямі. Адразу ж пачынаюцца пытанні: "А што табе сказаць? А як я выглядаю?" Хаця калі яны здымаюць сюжэты, то ніхто нават не думае пра гэта. Але цяпер, калі праграма існуе ўжо год, то ўсё больш спакойна. Некаторыя адразу здагадваюцца, што мне трэба, калі я тэлефаную ім у канцы тыдня. Ці нават ужо збіраючыся на здымкі, прыкладна прыкідваюць: а гэта ж можа і ў "Невынікі" трапіць.

- У чым асабіста для цябе магія тэлевізійнай журналістыкі?
- Складана патлумачыць... У цябе ненарміраваны рабочы графік, ты прыходзіш на працу раніцай, але ніколі не ведаеш дакладна, калі патрапіш дадому. І часам думаеш: як жа ўсё надакучыла! А праз некалькі дзён, калі графік прыходзіць у норму, разумееш, што без гэтага было б сумна. Гэта проста нейкае прыцяжэнне. Мне здаецца, што ў журналістыку проста так ніхто не прыходзіць. Выбіраючы гэтую прафесію і жадаючы ў ёй працаваць, як бы ні стамляўся, усё адно будзеш лічыць справу любімай. І ні на што яе не прамяняеш.

Алена ДРАПКО.