Кастынг, якога... не існуе!

25.03.2014
"Звязда", 25 сакавіка 2014 г.


У сацыяльнай сетцы "Вконтакте" дзейнічае суполка, стваральнікі якой праводзяць "кастынг на здымкі ў праграме "Калыханка". Для ўдзелу ў адборы татам, мамам, бабулям і іншым сваякам невядомыя асобы прапануюць прывесці дзяцей на папярэдні запіс (здымкі, між іншым, каштуюць 250 тысяч).
"Ні тэлеканал, ні Белтэлерадыёкампанія не маюць ніякага дачынення да гэтай дзейнасці! - падкрэслівае намеснік дырэктара тэлеканала "Беларусь 3" Сяргей Макарэй. - Мы самі даведаліся аб тым, што адбываецца, выпадкова: атрымалі ліст ад пільнай глядачкі, якая ўдакладняла, ці насамрэч праводзіцца адбор дзяцей для "Калыханкі". Потым і іншыя бацькі, якія засумняваліся ў сапраўднасці кастынгу, забілі трывогу. Цяпер у нас такіх лістоў ужо 5 ці 6. Людзі нават называюць адрас, дзе праходзіць "адбор", і суму, якую трэба заплаціць за здымкі. Нашы юрысты звярнуліся ў праваахоўныя органы: па-першае, стваральнікі інтэрнэт-суполкі незаконна выкарыстоўваюць таварны знак "Калыханкі", а па-другое, падрываюць рэпутацыю праграмы. Пакуль не ведаю, як будзе кваліфікавана падобная дзейнасць (махлярства ці ўвядзенне ў зман спажыўцоў), але хачу звярнуцца да бацькоў з афіцыйнай заявай: сёння ні "Калыханка", ні ранішняя праграма для дзяцей і падлеткаў "Дабраранак" ніякага кастынгу дзяцей для ўдзелу ў здымках не праводзяць! Калі вы альбо вашы сваякі, сябры сталі ахвярамі падману - звяртайцеся ў праваахоўныя органы".
За руку, праўда, тэлевізіёншчыкі пакуль што нікога не схапілі, і група ў сацыяльнай сетцы працягвае дзейнічаць. Яе стваральнікі заклікаюць распавесці аб праекце сябрам (гэта значыць, падзяліцца інтэрнэт-спасылкай з іншымі карыстальнікамі), выкласці ў інтэрнэт фота свайго дзіцяці ад 3 да 8 гадоў(!) і кантактны тэлефон, а таксама ўдакладняюць "С какого вы города?" (арфаграфія арыгінала захавана). Сотні бацькоў (пераважна матулі) ужо выклалі фота і пакінулі ў адкрытым доступе свае нумары тэлефонаў. Тыя, каму тэлефанаваў менеджар праекта, расказваюць, што дзяцей абяцаюць запісаць для зусім іншай штодзённай перадачы і нават на іншым канале - "Дзіцячая казка" на тэлеканале "Жэст". Але ў "шапцы" суполкі ўказана менавіта "Запісваем на здымкі ў "Калыханку", а спасылак на "Жэст" няма. На запыты карыстальнікаў з просьбай патлумачыць сітуацыю адміністратар суполкі адказаў не дае, а па нумары кантактнага тэлефона дазваніцца немагчыма: слухаўку ніхто не бярэ.
Афіцыйны каментарый прадстаўнікоў тэлеканала "Жэст" пакуль атрымаць не ўдалося.

P.S. Пасля таго, як пра сітуацыю напісалі СМІ, інтэрнэт-суполка змяніла назву і рэкламную абвестку. А аўтар праекта, аператар Аляксей Акмаў, які ўжо не раз адзначаўся скандальнымі выхадкамі, абвясціў, што "грошай ні з каго не браў" і яго не так зразумелі. Кропку ў гэтым канфлікце, думаецца, паставяць усё ж юрысты.