Кастынг да эфіру давядзе

18.04.2014
"Звязда", 18 красавіка 2014 г.

 
У Белтэлерадыёкампаніі прайшоў першы этап адбору вядучых для тэлеканалаў "Беларусь 1", "Беларусь 2", "Беларусь 3", "Беларусь 5" і "Беларусь 24". Колькасць ахвотных паспрабаваць сябе склала больш за 50 чалавек. Прычым трапіць на блакітны экран захацелі не толькі выпускнікі факультэта журналістыкі, але і эканамісты, юрысты, выкладчыкі, вайскоўцы і нават гульцы ў покер.
Адборам лепшых кандыдатаў займалася спецыяльная камісія, у склад якой уваходзілі кіраўнікі тэлеканалаў і тэлевізійныя прафесіяналы медыяхолдынга. Варта сказаць, што некаторыя з будучых тэлезорак здзіўлялі і звярталі на сябе ўвагу з першых хвілін з'яўлення. Іх і запрашалі на другі тур.
- Здзіўлялі перш за ўсё сваёй упэўненасцю, абаяльнасцю і ўменнем трымацца, падтрымліваць размову. Часам кандыдаты нават жартавалі і іранізавалі, адказваючы на нашы пытанні, - падзяліўся ўражаннямі намеснік галоўнага дырэктара галоўнай дырэкцыі тэлеканала "Беларусь 1" Сяргей Шышко. - Для нас галоўнай мэтай было зразумець, чаму чалавек выказвае жаданне працаваць на тэлебачанні, таму кожны з патэнцыяльных кандыдатаў павінен быў адстаяць свой пункт гледжання, аргументаваць пазіцыю. Большасці давялося адмовіць, бо не можа кожны першы сустрэчны быць прафесіяналам, калі адсутнічае талент. Будучым прэтэндэнтам скажу толькі адно: калі адчуваеце, што праца журналіста і вядучага на тэлебачанні - гэта ваша, то вызначыцеся з выбарам і прыходзьце да нас.
Члены журы задавалі ўдзельнікам каверзныя пытанні, каб паглядзець на рэакцыю, якая патрэбна, у тым ліку і для працы ў эфіры.
"Некаторым я даў шанц, прапанаваўшы для пачатку паспрабаваць сябе ў якасці карэспандэнта, рэпарцёра, - расказаў галоўны дырэктар Агенцтва тэленавін Кірыл Казакоў. - У Агенцтве тэлевізійных навін пастаянна ёсць магчымасць застацца ў нас, пачаўшы супрацоўнічаць. Аднак для гэтага патрэбна сапраўды праявіць сябе. Спадзяюся, што кастынг працягнецца і ў нас будзе магчымасць убачыць новых прэтэндэнтаў".
Дарэчы, многія з тых, каму ўдалося ў свой час паказаць сябе не толькі на кастынгу, але і ў працы - сёння працуюць у эфіры: Канстанцін Прыдыбайла, Паліна Іванча, Станіслаў Ліпскі, Ніна Мажэйка, Ксенія Кудраўцава, Наталля Тарасюк, Дзіяна Равякова.
Так, лёс Станіслава Ліпскага нібы спісаны з кнігі казачных гісторый. Былы супрацоўнік металургічнага завода сваім талентам і працавітасцю даказаў, што гаварыць пра спорт ён можа не горш за выпускнікоў Інстытута журналістыкі. Канстанцін Прыдыбайла даслаў сваю анкету на кастынг два гады таму, а сёння на яго творчым рахунку ўжо не адзін праект. Ксенія Кудраўцава спрабавала свае сілы некалькі гадоў таму, а потым даволі доўга чакала другога тэлефоннага званка. Сёння яна - вядучая выніковай праграмы тыдня "Галоўны эфір".
Нагадваем, кастынг працягваецца і Белтэлерадыёкампанія запрашае паспрабаваць сябе ўсіх мэтанакіраваных, таленавітых і харызматычных людзей, якія жадаюць дарыць гледачам добры настрой. Асноўныя патрабаванні да прэтэндэнтаў ранейшыя: узрост 25-45 гадоў, добрая дыкцыя, граматнае маўленне, уменне імправізаваць і свабоднае валоданне беларускай і рускай мовамі. Фотаздымкі (партрэт і ў поўны рост) і анкету неабходна дасылаць на адрас castіng@tvr.by. Анкету можна знайсці на сайце Белтэлерадыёкампаніі  www.tvr.by ў раздзеле "Кастынг вядучых".
Як абяцае кіраўніцтва тэлеканалаў, новыя твары ў эфіры з'явяцца ўжо гэтай восенню, у пачатку тэлевізійнага сезона 2014-2015.

Алена ДРАПКО.