Карціна маслам

08.09.2010
"Звязда", 8 сентября 2010 г.


Ідучы на інтэрв'ю з Юрыем Круглікам, вядучым Першага нацыянальнага тэлеканала, прыкметна хвалявалася. Пераможца конкурсу "Тэлевяршыня", прызнаны прыгажун, ён яшчэ на стадыі перагавораў задаў тон бяседы, маўляў, на банальныя пытанні адказваць не буду, таму рыхтуйцеся, паважаная, да размовы па душах. Мы сустрэліся з Юрыем у яго рабочым кабінеце. Вядучы быў без грыму (ці можа мне так падалося), у джынсах і кедах, аднак абаяльны і прыгожы, як і паказвае нам яго экран. Адным словам, карціна маслам. Прывітанне, лёгкія жартачкі, уключаны дыктафон - і размова пачалася.

Пра прафесійны вопыт і не толькі
 
- Часопіс "Пінгвін" уключыў вас у Топ-20 самых прыгожых беларусаў. Лічыце, што прыгажосць - сіла не толькі жанчын, але і мужчын?
- У часопісе так палічылі. Я з'явіўся там без уласнай ініцыятывы. У прынцыпе, я станоўча да гэтага стаўлюся. Каб занеслі ў спіс самых неталенавітых, то насамрэч аспрэчваў бы. А тут напісалі і напісалі. Дрэннага ж нічога не надрукавалі.
 
- Але ж, каб працаваць тэлевядучым, сапраўды патрэбны прывабныя знешнія дадзеныя.
- На знешнасці зацыклівацца не трэба. Прыгожы - не прыгожы, павінна быць харызма, унутраная напоўненасць. Калі вядучы шчыры і ведае, што ён скажа ў гэтую секунду ў эфіры, то на яго цікава глядзець. А калі ён пусты і чытае суфлёр, а не расказвае, то мала каму цікава назіраць такіх людзей ці то ў кіно, ці ў навінах або ў тэатры. На думаючага чалавека, нават калі ён маўчыць, напрыклад, акцёр у тэатры, заўсёды цікава глядзець. Адным словам, трэба трымаць руку на пульсе, каб не быць проста галавой, якая гаворыць.
 
- Строгі вядучы інфармацыйных праграм і шоўмен - адно другому не перашкаджае?
- А чаму яно павінна замінаць адно аднаму? Увогуле, гэта нармальна, што я магу дазволіць сабе быць розным, аднолькава сумленным з гледачом і ў кадры, і на сцэне. Мне цікава ўсё новае, калі гэта не лухта і не банальшчына. Увогуле, калі мая праца неяк дапаможа зрабіць прадукт, няважна тэлевізійны ці не, больш якасным, то гэта справа будзе мне цікавай.
 
- На "Млыне моды 2010" вы ўдзельнічалі ў спецыяльным праекце "Сапраўднае дэфіле". Супермадэллю паспелі сябе адчуць?
- Гэта быў насамрэч цікавы праект, калі на подыум выходзілі людзі, якія не мелі ніякіх адносін да мадэльнага бізнэсу - акцёры, тэлевядучыя, выканаўцы. Мерапрыемства мне спадабалася. Я выйшаў і злавіў сябе на думцы, што ўпершыню на подыуме, і быццам нічога такога не адбылося. Прайшоў туды-сюды - пачуў пра сябе, што касцюмчык няблага сядзеў. Аднак быць мадэллю не складаней, чым быць у эфіры. Увогуле, калі ты нечага хочаш, то гэтага можна дасягнуць. Проста патрэбен час. Палёт у космас - таксама складаная працэдура, але калі да гэтага падрыхтавацца, то можна паляцець і нават вярнуцца.

- Вы чалавек, які ставіць мэты і заўсёды іх дабіваецца?
- (Задумаўся) - Гледзячы на мэты. Я толькі пачынаю па-сур'ёзнаму іх ставіць і ў кар'еры, і ў жыцці. І гаварыць, што я такі паспяховы, маўляў, працую на телебачанні і ўсё ўжо зроблена, безумоўна нельга. Сённяшняя праца - гэта проста трамплін. Я сябе не бачу вядучым навін у сорак гадоў. Проста пакуль рана пра гэта гаварыць, і не хочацца кідаць словы на вецер.
 
Пра сур'ёзную рыбу і асабістае жыццё
 
- Калі б выпала тры дні адпачынку, як бы вы іх правялі?
- Я надта не стамляюся... Два гады ўжо не быў у адпачынку. Не хочацца мне. Я магу адпачыць, атрымаўшы 4-5 дзён раз у квартал, паехаць на рыбалку ці куды-небудзь на хутар. Нікога не бачыць і не чуць, не адказваць на тэлефонныя званкі. Ляжаць без толку на пляжы, нічога не рабіць і не зарабляць - у такім выпадку я паспею яшчэ адпачыць.
 
- У пашане актыўны адпачынак?
- Я не хаджу ў горы і не спускаюся на байдарках. Аднак рыбалка таксама можа быць актыўным відам адпачынку. Усё залежыць ад рыбы. Калі сур'ёзная рыба, сом ці шчупак, то спакойна сядзець на беражку не давядзецца.
 
- А дзе любіце рыбу лавіць?
- Месцы гэтыя не раскрыю. Аднак перадам прывітанне ў Брэсцкую, у Гродзенскую вобласці. Увогуле, еду заўсёды як мага далей ад мегаполісаў.
 
- Акрамя вадаёмаў з рыбай, аддаленых хутароў і, зразумела, эфіраў, дзе ячшэ можна сустрэць Юрыя Кругліка?
- Часцей за ўсё ў краме ў Вяснянцы, калі за прадуктамі туды заходжу. У кіно я не хадок. Калі хочацца паглядзець фільм, ці афіша не ўражвае, ці часу няма. Наведваюся калі-нікалі на прэм'еры. Як правіла, тыя фільмы, якія мне падабаюцца, апошнія гадоў 7-10 у кінатэатрах не паказваюць. На футбольныя матчы час ад часу ходзім з калегамі. У апошні раз быў на гульні мінскага "Дынама". Застаўся не задаволены і не запісаў сябе ў шэраг балельшчыкаў гэтай каманды. Калі ёсць магчымасць, наведваю канцэрты.

- На канцэрт якога выканаўца пайшлі б?
- Напэўна, на Джо Кокера пайду ў кастрычніку.
 
- Білет набылі адзін ці два?
- Неафіцыйна я сямейны чалавек. Разам мы ўжо больш за 4 гады. Мая выбранніца займаецца арганізацыяй канцэртнай дзейнасц. Яна брунетка і завуць яе Тамара.
 
- Больш нічога пра яе нам не давядзецца пачуць?
- Не думаю, што ёй бы спадабалася, калі будзе інтэрв'ю, знайсці інфармацыю і пра сябе. Мы звычайна пазнаёміліся. Ніякіх інтрыгавальных гісторый не было. Проста сустрэліся дзякуючы агульным знаёмым і вырашылі, што быць нам разам. Яшчэ нельга зразумець людзей, якія на захадзе сваёй славы расказваюць направа і налева пра былых жонак і мужоў. Мне не цікава, калі паспяховыя людзі выхваляюцца ў таблоідах, як і да чаго ў іх асабістым жыцці.
 
- А мне цікава, як падтрымліваеце выдатную фізічную форму, калі паснедаць можаце ў 4 раніцы, а пасля ранішняга эфіру ўжо і паабедаць?
- Гуляю ў футбол амаль кожны чацвер. Года паўтара наведваў спартыўную залу, быў у мяне і фітнес-трэнер, але я адмовіўся ад яго паслуг. Я зараз не магу дазволіць сабе многа часу траціць на падлічванне калорый. Каб мышцы былі ў тонусе, дастаткова проста бегаць ці гуляць у футбол. Што тычыцца дыет, то я свабодна магу павячэраць уначы і паснедаць пасля 9-гадзіннага ранішняга выпуску навін.
 
Асобна пра школу і корм для папугаяў
 
- Як вучыліся ў школе?
- Звычайна, на залаты медаль не ішоў. На дварэ - ліхія 90-я. Краіна жыла так, што не было чаго паесці, у магазінах чэргі за прадуктамі бясконцыя. Настаўніца тлумачыла геаметрыю, а ў яе вачах чыталася, дзе б гэта сялёдкі вэнджанай купіць ці чэхаславацкія калготкі. Ведаеш, геаметрыя ў галаву не ішла.
Шчыра кажучы, школьныя гады асабліва ў душу не запалі. Я не сустракаюся з аднакласнікамі, не настальгірую па тых часах. Проста ў школе мне было нецікава. Пасля 9 класаў паступіў у ПТВ і атрымаў прафесію мастака-афарміцеля.
 
- Дома карціны ёсць?
- Не маляваў ужо гадоў 5. У вучылішчы больш разьбой па дрэве займаўся. Аднак на кухні дагэтуль вісіць карціна маслам.

- Магчыма, творчасць у вас закладзена на генетычным узроўні?
- Не, мае бацькі - людзі зусім не творчых прафесій. Бацька міліцыянер, мама швачка. Ды й я, пакуль вучыўся ў школе, паспеў і бульбу пакапаць, і гусей пасвіў, і ў калгасе падпрацоўваў, і корм для папугаяў прадаваў.
 
- Пасля гэтага хатніх жывёлін, напэўна, не любіце?
- Я люблю, таму іх у мяне няма. Дома бываю пераважна ў начныя часы.

Вольга КОРШУН.