"Капенгаген я паглядзеў з акна гасцінічнага нумара"

20.05.2014
"Звязда", 20 мая 2014 г.

 
Конкурс "Еўрабачанне" з тых падзей, якія не толькі адлюстроўваюць сённяшнія тэндэнцыі ў музычнай прасторы, але і паказваюць, як праяўляецца ў нас любоў да ўласных артыстаў. Назіраючы за Тэа (Юрый Вашчук, удзельнік сёлетняга конкурсу) можна зрабіць выснову: беларусы ўмеюць "хварэць" за сваіх незалежна ад вынікаў... Вось мы і вырашылі даведацца, з чым спявак вярнуўся дадому і куды хоча рухацца далей.

- Юра, цябе цёпла сустракалі прыхільнікі ў аэрапорце. А якім быў прыём родных?
- Калі гаварыць пра бацькоў, то яны шчаслівыя і радуюцца за мяне. Іх перапаўнялі эмоцыі ад таго, што беларусы, як ні дзіўна, так цёпла ўспрынялі наш выхад у фінал конкурсу. Я прасіў у некаторых людзей патлумачыць такую рэакцыю, улічваючы, што мы ж не 1-е месца занялі, а 16-е. І ў адказ чуў: "Для нас вы - першы. Дзякуй вам!" Гэта вельмі прыемна.

- А калегі, з якімі бралі ўдзел у нацыянальным адборы, як адрэагавалі?
- Таксама падтрымлівалі. Было шмат тэлефонных званкоў, паведамленняў. Дарэчы, вось толькі на днях прачытаў усе SMS-кі, а да паведамленняў у сацыяльных сетках пакуль яшчэ не дабраўся. І ў аэрапорце не чакаў такога прыёму. Лічу, гэта не мая заслуга, а ўсёй нашай каманды. На конкурсе ўсе адзначалі актыўнасць беларускай дэлегацыі, і мы самі адзначаем, што зладжана спрацавалі, бо за два тыдні не адбылося ніводнага канфлікту. А цяжкія дні, калі проста нервы ледзь вытрымлівалі, здараліся.

- Зразумела, што конкурс - час напружанай працы. Ці ўдалося паглядзець Капенгаген?
- З акна майго нумара адкрывалася прыгожая панарама горада, таму Капенгаген я аглядаў так. А прагуляцца нармальна і дакрануцца да русалкі не было магчымасці.

- Па-дацку нешта гаварыць навучыўся?
- Асноўны акцэнт я рабіў не на вывучэнне дацкай мовы, а на ўдасканаленне англійскай. І вельмі рады, што напрыканцы нашай паездкі некаторыя з апошніх інтэрв'ю я самастойна даваў па-англійску. Гэта здзівіла нават маю перакладчыцу, але практыка двух тыдняў дала свой вынік.

- З якім талісманам ты ездзіў на конкурс?
- Талісман быў, але не скажу які, бо лічыцца ж, што талісманы працуюць да той пары, пакуль пра іх ніхто не ведае. Наогул, дзякуй маім сябрам. Ад іх мне быў уручаны спецыяльны канверт, які я мог адкрыць толькі 8 мая, а там Саша Саладуха, Вольга Рыжыкава, Лёня Шырын і многія іншыя былі сфатаграфаваны з таблічкамі "Мы цябе чакаем!", "Мы ў цябе верым!" Калі ўбачыў усё гэта, нават слёзы на вочы наварочваліся. Падтрымка сяброў была каласальнай, і гэта таксама мой талісман.

- Беларуская дэлегацыя везла ў Данію розную промапрадукцыю. А з якімі падарункамі ты вярнуўся?
- Ёсць шмат падарункаў, але яны пакуль што не ў мяне: аддаў іх на часовае захоўванне. Цікава будзе на ўсё паглядзець больш дэталёва, як з'явіцца час. Зноў жа, хачу сказаць, што мы былі на правільным шляху, калі не перабіралі з прома. Гэта павінна быць лёгкім рэверансам у бок журналістаў, канкурсантаў і прыхільнікаў, не больш таго.

- Ёсць меркаванне, што конкурс "Еўрабачанне" змяняе артыстаў, якія на яго трапляюць. Адчуў гэта на сабе?
- Адчуваю, хутчэй, не перамены, а набыццё каласальнага вопыту. Безумоўна, гэта прадуктыўны штуршок наперад. Удзел у "Еўрабачанні" я не расцэньваю як завяршэнне альбо нейкі вынік - я ўспрымаю конкурс як адзін з крокаў у сваім жыцці. Такі конкурс павінен быць добрай падтрымкай для артыста.

- Ты, у адрозненне ад некаторых мінулых прадстаўнікоў Беларусі на "Еўрабачанні", не быў канкурсантам "Славянскага базару"... Не хочаш апрабаваць тую сцэну?
- Прызнаюся, у мяне было шмат варыянтаў і шанцаў паўдзельнічаць там, але я не адчуваю, быццам упісваюся ў фармат конкурсу.

- А шоу талентаў, як, напрыклад, расійскі "Голас", цябе цікавяць?
- О, так! Але спрабаваць сябе і там я не хацеў бы. Проста цяпер мне хочацца працаваць над рэпертуарам, над стварэннем новых песень, а не ездзіць на нейкія конкурсы. Прыхільнікі цікавяцца, калі і дзе мяне чакаць з канцэртамі. Цяпер у мяне назбіраўся матэрыял, у які хочацца ўдыхнуць жыццё. Аднак спадзяюся, што будуць яшчэ цікавыя конкурсы, дзе я паспрабую свае сілы.

- Будзеш, як і раней, сумяшчаць сольную кар'еру, працу ў аркестры і на тэлебачанні?
- З усім неяк спраўляўся да "Еўрабачання", таму ніякіх змен не прагназуецца. Мне вельмі цікава працаваць як у аркестры, так і на тэлебачанні, развівацца сольна і займацца стварэннем аранжыровак.

- Цікава, ці ўдаецца пры тваёй загружанасці сачыць за чэмпіянатам свету па хакеі?
- Я вельмі стараюся. Безумоўна, не хапае часу, каб глядзець гульні ад пачатку і да канца, але перажываю за нашу зборную. Я меў магчымасць сустракацца з некаторымі нашымі хакеістамі раней і ведаю, што ім вельмі патрэбна наша падтрымка. Жадаю ім поспехаў і перамог!

Алена ДРАПКО.