Канцэрт для 10 мiльёнаў

23.06.2004
"Звязда", 23 чэрвеня 2004 г.


...Няма, напэўна, чалавека, якi б не ведаў значэння даты 3 лiпеня - дня вызвалення Беларусi ад нямецка-фашысцкiх захопнiкаў. I гэтаксама няма ў нашай краiне людзей, якiя б у 60-ю гадавiну вызвалення засталiся ў баку ад святочных мерапрыемстваў.
Спартсмены прымяркоўваюць да 60-годдзя вызвалення Беларусi разнастайныя спаборнiцтвы, магазiны праводзяць спецыялiзаваныя распродажы, знакамiтыя артысты даюць дабрачынныя канцэрты. А тэлеканалы - самыя даступныя i публiчныя “суразмоўцы” - навыперадкi рыхтуюць незвычайныя культурна-масавыя акцыi...

Наша газета ўжо пiсала пра сумесны спецпраект Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампанii, Першага нацыянальнага тэлеканала i Мiнскага гарвыканкама - “Плошча Перамогі”. Як мяркуецца, гэта мерапрыемства павiнна аб’яднаць лепшыя творчыя i прафесiянальныя сiлы рэспублiкi, а таксама стаць яркай прапагандай беларускай нацыянальнай культуры. Сёння ж мы раскажам пра гэту i iншыя акцыi тэлекампанii больш падрабязна.

Як заўважыў намеснiк старшынi Белтэлерадыёкампанii Аляксандр Мартыненка, насамрэч Першы нацыянальны i тэлеканал “Лад” падрыхтавалi вялiкую колькасць спецыялiзаваных праектаў, прысвечаных Вялiкай Айчыннай вайне. Частку гэтых праектаў мы ўжо маглi бачыць - напрыклад, класiку сусветнага кiно ў цыкле “60 фiльмаў пра вайну”, дакументальныя кiнастужкi, некалькi серый перадач Агенцтва тэлевiзiйных навiн “Партрэт сучаснiка” (галоўнымi героямi апошняга праекта сталi знакамiтыя людзi, якiя яшчэ з савецкiх часоў здымалiся ў фiльмах пра вайну, шырока асвятлялi гэту тэму на тэатральных пляцоўках i на тэлеэкранах: Райманд Паулс, Клара Лучко, Георгiй Жжонаў, Таццяна Даронiна i г.д.). “Выключна сiламi беларускага тэлебачання, - падкрэслiў Аляксандр Мартыненка, - падрыхтавана таксама дакументальная трылогiя, у якой прасочваюцца падзеi ад Вялiкай Айчыннай да нашых дзён: фiльмы пра Нюрнбергскi працэс, пра “К-19” (25 гадоў да Чарнобыля) i пра першага Героя Беларусi Уладзiмiра Карвата”. Непасрэдна 3 лiпеня па даўно заведзенай традыцыi Першы нацыянальны будзе весцi прамую трансляцыю парада, прысвечанага 60-годдзю вызвалення рэспублiкi. А напрыканцы гэтага года плануецца стварыць шэраг дакументальных карцiн сумесна з тэлевiзiйнiкамi Польшчы, Расii, Украiны, Малдовы - пра ўсе краiны, якiя ў той цi iншай ступенi закранула вайна. Пакуль што на гэты конт вядуцца перамовы.

...НА ГАЛОЎНАЙ ПЛОШЧЫ З АРКЕСТРАМ

- У праекце “Плошча Перамогi” мы з Надзеяй Гаркуновай жывём даволi шчыльна i сур’ёзна, мабыць, паўгода, - расказвае галоўны дырэктар дырэкцыi тэлевытворчасцi БТРК Уладзiмiр Iсат. - А сама iдэя нарадзiлася спантанна, з жадання зрабiць хоць што-небудзь да 60-годдзя. Тут i задумалiся: а што - “што-небудзь”? Прыгадалi, што была некалi задумка пасадзiць вялiкi сiмфанiчны аркестр у публiчным месцы i прадставiць канцэртную праграму. ...Ужо не памятаю, хто з нас гэта сказаў: “А пасадзiм мы аркестр... на плошчы Перамогi!”.

Канешне, iдэя не адразу i не ва ўсiх знайшла водгук i разуменне. Многiя дагэтуль упэўненыя, што на такiм значным i знакавым для ўсiх беларусаў месцы нельга праводзiць так званыя “забаўляльныя” мерапрыемствы. Давялося аўтарам праекта доўга кансультавацца ў вялiкай колькасцi спецыялiстаў, якiя i растлумачылi: плошча Перамогi - не могiлкi, i прычын, па якiх тут нельга праводзiць маштабныя культурныя акцыi, няма; гэта такая святыня, якую нельга абразiць спевамi цi танцамi.

Хто горача вiтаў праект, дык гэта беларускiя (i нават некаторыя расiйскiя) выканаўцы. На цяперашнi момант нават склалася такая сiтуацыя, што пэўным артыстам, якiя б жадалi паўдзельнiчаць у акцыi, арганiзатары вымушаны па розных прычынах адмаўляць.

Гала-прадстаўленне, якое пачнецца на плошчы Перамогi а 22 гадзiне i будзе доўжыцца 2 гадзiны 40 хвiлiн, умоўна падзелена на дзве часткi. Першая - чыста пастановачная дзея, тэатралiзаваная гiсторыя вызвалення Мiнска i ўсёй Беларусi, другая - уласна тэматычны канцэрт з удзелам зорак эстрады i вядомых творчых калектываў, артыстаў кiно, тэатра i балета, зорак спорту i г.д. Iмёны большасцi ўдзельнiкаў праекту аўтары пакуль не раскрываюць (баяцца сурочыць?), але па сакрэту магу паведамiць, што Таццяна Мархель будзе чытаць апавяданнi Васiля Быкава, Арнольд Памазан “агучыць” творы Мiхася Лынькова. Знойдзецца месца i вершам, i словам, i песням, i iнструментальнай музыцы - напрыклад, у выкананнi ансамбляў “Сябры” i “Песняры” (маецца на ўвазе дзяржаўны калектыў), сiмфанiчнага аркестра Белтэлерадыёкампанii, узорна-паказальнага аркестра мiнiстэрства абароны.

Усяго ў гала-канцэрце занята каля 600 удзельнiкаў; у iмправiзаванай глядзельнай зале на плошчы размесцяцца 800 VIP-персон (ветэранаў вайны, вызвалiцеляў Мiнска i ганаровых гасцей), i яшчэ прыкладна 10 тысяч гледачоў трапяць у “стаячы” сектар. А з дапамогай вялiзных пано-экранаў, якiя закрыюць фасады дамоў абапал плошчы (т.зв. “падкова”), тэлетрансляцыю прадстаўлення змогуць - калi пажадаюць - назiраць усе 10 мiльёнаў беларусаў.

СЛОВЫ I ЛЮДЗI

- Усе мы, на жаль, залежым ад капрызаў надвор’я: што прыдумана для артыстаў, гледачоў, апаратуры на выпадак дажджу?

Уладзiмiр Iсат: Надвор’е падносiць нам сюрпрызы рэгулярна... Але спадзяёмся, што дождж планаў не парушыць. Ва ўсякiм разе, мы даведалiся статыстыку за апошнiя 10 гадоў: у Мiнску 3 лiпеня толькi ў 2000 годзе быў дождж, i то гэта было звязана з нейкiмi прыроднымi катаклiзмамi (тэмпература паветра ў гэты дзень трымалася на ўзроўнi 13,5 градуса). Думаю, што гэта пытанне даволi актуальнае для гарадскiх уладаў - на ўвесь дзень запланаваны буйныя мерапрыемствы, у тым лiку з удзелам кiраўнiка дзяржавы. Так што пытаннем надвор’я займаюцца спецыяльныя структуры.

- Цi праведзены нейкiя перамовы з жыхарамi дамоў на плошчы, каб падрыхтаваць людзей маральна да вымушанага “зацямнення” на некалькi дзён (з 1 па 4 лiпеня)?

Уладзiмiр Iсат: Гэта важны момант - тым больш, лiтаральна днямi я даведаўся, што адзiн дом належыць Партызанскаму раёну, а другi - Цэнтральнаму... Кiраўнiкам адмiнiстрацый раёнаў даручана пагаварыць з людзьмi i папрасiць прабачэння за часовыя нязручнасцi. Дый мы, са свайго боку, гатовы пайсцi па дамах i ўручыць жыхарам, якiя пойдуць нам насустрач, запрашальныя бiлеты на канцэрт.

Надзея Гаркунова (кiнарэжысёр, аўтар сцэнарыя i рэжысёр-пастаноўшчык праекта “Плошча Перамогi”): Мы заклапочаны не толькi камфортам жыхароў “падковы” - рабочая група стараецца прадугледзець лiтаральна ўсе дробязi. Напрыклад, для ўдзельнiкаў канцэрта пад плошчай будуць размешчаны грымёркi i бытавыя памяшканнi - пагадзiцеся, артысты, тэхнiчныя спецыялiсты таксама маюць права на глыток кавы.

Дэталёва абмяркоўваем пытаннi бяспекi мерапрыемства, складанасцi з тэлетрансляцыяй... Дарэчы, самая вялiкая нечаканасць праекта - у тым, што ўсе выканаўцы ўпершыню збяруцца ў адной праграме менавiта 3 лiпеня - папярэднiх “прагонаў” не будзе, няма такой магчымасцi. Пакуль што рэпетыцыi праходзяць у дынамаўскiм манежы, якi прадастаўлены Белтэлерадыёкампанii бясплатна. Вытворчасцю унiкальных пано-экранаў плошчай 1000 i 800 квадратных метраў займаюцца ажно чатыры структуры. З Масквы спецыяльна запрошаны асвятляльнiкi з апаратурай фiрмы “IмЛайт” i магутнымi тэлепраектарамi. Канешне, зрабiць праграму “з чыстага лiста” - гэта вялiкая адказнасць, аднак рабочая група праекта гатова яе несцi i зрабiць усё, каб гледачы прыйшлi на свята i не ўбачылi “шурпатасцяў”.

БЕЗ ШУМУ, БЕЗ ПЫЛУ

- Кажуць, на гала-канцэрце не будзе традыцыйнага вядучага: вы прапануеце паглядзець на падзеi вачыма ветэрана i яго ўнучкi. Як жа гэта будзе адбывацца?

Надзея Гаркунова: Пачну здалёк. Справа ў тым, што ў аснове ўсяго праекта ляжыць самае што нi ёсць чалавечае стаўленне да даты 60-годдзя вызвалення Беларусi. Традыцыйны вечар-iмпрэза - не самамэта: мы хочам “ачалавечыць” увесь канцэрт. Народны артыст Беларусi Генадзь Мiхайлавiч Гарбук i маленькая актрыса Кiра Кiрычэнка, якая выходзiць на сцэну Купалаўскага тэатра з пяцi гадоў (зараз дзяўчынцы 7) арганiчна “ажыўляюць” праграму. Пачынаецца прадстаўленне. Паводле сцэнарыя, дзяўчынка з дзядулем прыходзяць на плошчу, i малая пытае: “Дзед, куды ты мяне прывёў?” - “На плошчу Перамогi”. - “А што такое Перамога?” - “Перамога - гэта жыццё”. I дзядуля тлумачыць, што памяць - гэта калi i праз 60 гадоў не спiцца па начах... Усё вельмi проста. Мы не хочам нiкога здзiвiць, не хочам ствараць шумiху - мы расказваем адно аднаму гiсторыi, якiя захоўваюцца ў кожнай сям’i, на якiх i “замешана” Перамога. Пакуль што я не ведаю, як далiкатна ўплесцi ў праграму неабходныя пратакольныя аб’явы, хто выступае i што прадстаўляе. Адпраўны пункт - сувязь пакаленняў. Мала хто з сучасных дзяцей ведае, што такое Перамога, што такое памяць, што такое вечны боль...

Не загадваю, што атрымаецца: убачым 3 лiпеня - хто жыўцом, хто на экране тэлевiзара. Калi ўсё складзецца ўдала, то ў 2005 годзе Белтэлерадыёкампанiя пачне рыхтаваць сумесную акцыю з расiйскiмi калегамi (у супрацоўнiцтве зацiкаўлены абодва бакi).

А сёлета - у iдэале - адбудзецца яднанне людзей па абодва бакi сцэны. I - вочы ў вочы. I - сэрца з сэрцам ва унiсон. Бо Перамога (памятаеце ж культавы “Беларускi вакзал”?) - адна на ўсiх...

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.