Канстанцін Прыдыбайла: "Я мог прыехаць у Беларусь у якасці футбаліста"

25.04.2014
"Звязда", 25 красавіка 2014 г.

 
Ён рос на праграмах Уладзіслава Лісцьева і рэпартажах Аркадзя Мамантава. А сёння сам працуе на тэлебачанні. Праўда, раней было захапленне спортам, праца ва ўніверсітэце і на радыё "Мінск". Цяпер жа Канстанцін Прыдыбайла - вядучы ў праектах "Мірны тур" і "Беларусь LІFE", а таксама навін на канале "Беларусь 1". Пра ўласны выбар па жыцці, любоў да Беларусі і нечаканасці ў кадры ён расказаў нашаму карэспандэнту.

- Косця, ты родам з Іжэўска - а гэта, трэба сказаць, не блізка. Якім чынам трапіў у Беларусь?
- Насамрэч я нарадзіўся ў Варкуце, за палярным кругам. Бацька ў мяне вайсковец, а маці ўрач - класічная для савецкіх часоў сям'я. Яны самі родам з Беларусі і выраслі тут. Бацька вучыўся ва ўніверсітэце транспарту ў Гомелі, а потым пайшоў у армію. А там з улікам абставін перамяшчэнне ўжо вызначала начальства. Так мы апынуліся ў Варкуце, потым з часам пераехалі ў Іжэўск, дзе я пражыў да 2006 года.
Я з дзяцінства ведаў, што мы беларусы і маіх бацькоў цягнула вярнуцца на радзіму. Тут уся іх сям'я. Думалі, планы здзейсняцца, калі бацька выйдзе на пенсію, але пакуль яны ўсё яшчэ ў Расіі. Я з 9 класа пачаў задумвацца пра тое, каб паступіць у беларускі ўніверсітэт, але, акрамя БДУ, не ведаў іншых варыянтаў. Паспеў здаць іспыты дома і паехаў у Мінск паступаць. Нават атэстат маці толькі праз месяц прывезла.

- Як праходзіла адаптацыя?
- Каб паехаць некуды, такога не было дагэтуль у маім жыцці. Уяві толькі: ты прыязджаеш у горад, дзе быў аднойчы, памятаеш вакзал, плошчу і ўнівермаг "Беларусь". Зразумела, перад ад'ездам вывучаў і глядзеў нешта ў інтэрнэце. Аднак прыехаць і жыць - зусім іншая справа. Першы месяц практычна не выходзіў з кватэры, бо быў заклапочаны паступленнем. Паступіў, паехаў у Іжэўск па рэчы, а вярнуўшыся, пачаў даследаваць ваколіцы. Цяпер карты і маршруты ў кожнага ў смартфоне, а я шукаў патрэбныя адрасы па звычайнай папяровай карце. Памятаю, першыя заняткі былі на вуліцы Курчатава, якая знаходзіцца за кальцавой Мінска, - каб дабрацца, распытваў прадаўшчыцу ў кіёску. За дзень да заняткаў з'ездзіў туды, агледзеўся на мясцовасці. А там ужо пачалася вучоба, з'явіліся знаёмыя, кампанія. Стала лягчэй.

- Сёння як адчуваеш сябе ў Мінску?
- Мне здаецца, быццам я ўжо дома. Нават мае сябры пачалі адзначаць, што я цяпер кажу "ў нас у Мінску", а раней такога не было...

- Да бацькоў цяпер ездзіш у госці?
- Хутчэй, яны прыязджаюць да мяне некалькі разоў на год. Я там апошні раз быў гады чатыры таму. Раней туды хадзіў амаль прамы цягнік з Мінска і на падарожжа страчваў гадзін 38. Дзве ночы пад стук колаў не заўсёды лёгка даюцца. Хаця я люблю цягнік: новыя знаёмствы, прыгоды... Вось бы самалёт - тады бываў бы дома часцей.

- А як так атрымалася, што ты выбраў прафесію псіхолага, калі ўлічваць заняткі танцамі і спортам?
- Бальныя танцы я пакінуў рана. А з футболам была свая гісторыя. Гуляў я добра. Неяк мяне нават запрасілі на прагляд у Мінск у клуб МТЗ-РІПА (з 2010 перайменаваны ў "Партызан" - Аўт.). І ўжо ў 2003 годзе я меў магчымасць пераехаць у Беларусь у якасці футбаліста. Я ж вырас у сям'і, дзе спорт быў заўсёды. Бацька з'яўляецца кандыдатам у майстры спорту па вольнай барацьбе. Пры жаданні можна было будаваць кар'еру футбаліста, але мяне не вельмі прываблівала перспектыва абмежаваць жыццё толькі трэніроўкамі, імкненнем да вынікаў. Хацелася нечага большага, таму паралельна з заняткамі спортам я стараўся вучыцца. З часам выбраў псіхалогію. Праўда, была думка паступаць на паліталогію. Веды дапамагаюць мне і сёння, хоць па спецыяльнасці і не працаваў. Псіхалогія наогул важную ролю адыгрывае ў жыцці кожнага.

- На тэлебачанне ты прыйшоў праз кастынг...
- Калі я прыйшоў на тэлебачанне, то кастынг быў яшчэ не ў такім маштабе, як ідзе цяпер. Два гады таму мяне запрасілі паспрабаваць сябе ў якасці вядучага праграмы "Добрай раніцы, Беларусь". Раней я скончыў курсы тэлевядучых, працаваў на радыё - так, магчыма, мяне і заўважылі. Запісалі мы нейкія пробы, але я не падышоў, відаць. А праз нейкі час патэлефанавалі з Агенцтва тэлевізійных навін і прапанавалі стаць вядучым навін спорту. Пасля сустрэчы мяне быццам зацвердзілі, толькі параілі спачатку паспрабаваць папрацаваць карэспандэнтам. З'явілася магчымасць зразумець спецыфіку тэлебачання і працы ў кадры. Доўга думаў, ці патрэбны мне спорт, бо дагэтуль пяць гадоў працаваў у сферы культуры і за спартыўнымі падзеямі амаль не сачыў. Я разумеў, што крыху "не ў тэме", аднак вырашыў не страчваць магчымасці і праз некалькі месяцаў добра асвоіўся, а праз паўгода, думаю, быў ужо неблагім спартыўным журналістам.

- Падчас першага эфіру вельмі хваляваўся?
- Напярэдадні мы размаўлялі з маім кіраўніком Мікалаем Стулам, і ён сказаў, што першы эфір будзе ў запісе. У вызначальны дзень я прачнуўся з поўнай упэўненасцю, што ўсё будзе так, як запланавалі. А тут тэлефануе кіраўніцтва і паведамляе: выхад у прамым эфіры. Кірыл Казакоў тады матываваў сваё рашэнне так: калі выплыве, то будзе плаваць, а не - значыць, не лёс... На працу я сабраўся значна хутчэй, чым планаваў. Быў адносна спакойны, але ў эфіры рукі ўсё ж дрыжэлі, хоць і працэс ведаў, і рэпетыцыя была не адна.

- На працы часцей здараюцца прыемныя нечаканасці альбо і панервавацца даводзіцца?
- Быў у маёй эфірнай практыцы выпадак, калі выключыўся суфлёр. Добра, што мы самі тэксты пішам, таму з сітуацыяй справіўся. Але ў першы раз было страшна. Непрадбачаныя сітуацыі здараюцца часцей на іншых праектах. У "Беларусь LІFE" знаёміліся з крабам Пятровічам, і ён цапаў мяне клюшнямі. Падчас "Мірнага тура" было шмат цікавага. Напрыклад, на рыбалцы Максіма Мірнага на Браслаўскіх азёрах. Дзве гадзіны ён вудзіў рыбу, і аператар вырашыў больш не здымаць, а я папрасіў пачакаць яшчэ пяць хвілін. Уключаецца камера - і тут Макс злавіў рыбіну! Здымае з кручка, кідае на траву, а праз хвіліну бачу, як яго малодшы сын Дзямід бярэ тую рыбіну і адпускае ў возера. Уяві, які кантраст эмоцый! І яны трапілі ў кадр. Так што, сапраўды, нечаканасці бываюць прыемнымі і даюць жыццё ўдалым кадрам.

- Наогул здымкі "Мірнага тура па Беларусі" былі не з лёгкіх?
- У тур мы ездзілі мінулым летам. За 7 дзён ахапілі 8 гарадоў. Здымкі ішлі нон-стоп, штодня ад 6 да 12 гадзін. Кожны дзень ты ўстаеш а сёмай раніцы і кладзешся спаць у гадзіну ночы. Плюс да гэтага ноччу праз кожную гадзіну прачынаешся і адсочваеш, як там праходзіць кадзіроўка відэа ў патрэбны фармат. Рэсурс добры здабылі. У канцы былі проста выціснутыя, але вынік таго варты. Беларусь прыгожая і вялікая. На жаль, многія месцы яшчэ не зведаны намі. Ёсць новыя ідэі, і наогул, лічу, праграм пра нашу краіну шмат быць не можа.

- У тваіх словах адчуваецца любоў і замілаванасць...
- Гэта як у песні: "Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць". Я ведаю, што і як у Расіі, люблю Украіну і бачу Беларусь. І тут мяне ўсё задавальняе і мне добра. Калі нешта не падабаецца, то спрабую дабіцца змен. Так, напрыклад, каля майго дома ёсць састарэлыя аўтамабілі, якія толькі месца займаюць, - значыць, зраблю ўсё магчымае, каб іх прыбралі. І гэта зробяць, няхай і праз месяц. Мне здаецца, кожны павінен імкнуцца зрабіць лепш, падтрымліваць чысціню. Дробязі многае вырашаюць. Многія імкнуцца здабыць візу і ад'ехаць адсюль, а мне тут цікава і хочацца пабываць там, дзе яшчэ не давялося.

- Дарэчы, пра Украіну. Існуе меркаванне, што там тэлебачанне выдае больш якасны прадукт. Згодны?
- Украінскае тэлебачанне проста іншае. Месцамі лепшае, а ў нечым нам саступае. Напрыклад, мы мацнейшыя ў інфармацыйным і аналітычным плане, а яны ў публіцыстыцы і забаўляльным фармаце. Я працую ў навінах, і наша галоўная мэта - даваць аўдыторыі глебу для разваг. Цяпер АТН перайшло на фармат, дзе адсутнічае канкрэтыка: чорнае ці белае, правільна альбо не. Мы расказваем, што і як, не вызначаючы, добра тое ці дрэнна, а глядач няхай робіць сам высновы. Гэта новы ўзровень, на які выйшла наша тэлебачанне.

- У якасці гледача якім праграмам і каналам аддаеш перавагу?
- Інтэрнэт сёння пераважае, там можна знайсці амаль усё. Я гляджу нашы каналы. Мне падабаецца праграма выхаднога дня на "Беларусь 1". Калі ў панядзелак выпадае вольны ад працы дзень, то ўключаю "Маю планету". Для мяне гэты канал нават у нечым лепшы за "Dіscovery". Шмат гляджу розных замежных вячэрніх шоу. Як "Паміж дзвюма папарацямі" Зака Галіфіянакіса. Яго варта глядзець.

Алена ДРАПКО.