Кандыдаты ў дэпутаты змогуць купіць эфірны час

29.06.2016

"Звязда"

А прэтэндэнтаў без даходаў абавяжуць указаць крыніцу сродкаў існавання.

Кандыдатам у дэпутаты створаны не горшыя ўмовы, чым на прэзідэнцкіх выбарах, заверыла Лідзія Ярмошына, старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі на ўчарашнім пасяджэнні ЦВК.

5 эфірных хвілін у рэйтынгавы час

Бясплатна размясціць свае перадвыбарныя праграмы кандыдаты змогуць у рэспубліканскіх выданнях: "Звязда", "Народная газета", "Рэспубліка", буйных абласных газетах і "Вячэрнім Мінску". Апошні дзень прадстаўлення тэксту перадвыбарнай праграмы кандыдата ў дэпутаты - 21 жніўня.

З 15 жніўня па 2 верасня кандыдаты атрымаюць па 5 хвілін эфірнага часу ў прайм-тайм: з 19 да 20 гадзін вечара на канале "Беларусь 3" і з 7 да 8 раніцы - на "Радыё-Мінск".

- Першапачаткова планавалася, што кандыдаты выступяць на тэлеканале "Беларусь 2", аднак у гэты час па ім будуць трансліравацца Алімпійскія гульні, таму прадставіць столькі эфірнага часу канал не зможа, - адзначыла Алена Дмухайла, член апарату ЦВК. - "Беларусь 3" - канал, даступны ўсім гледачам і арыентаваны на вялікую аўдыторыю, таму для кандыдатаў гэта будуць добрыя ўмовы.

Кандыдаты Мінскай вобласці змогуць скарыстацца эфірам канала СТВ і радыё "Мінская хваля", прэтэндэнты на дэпутацкі мандат у іншых рэгіёнах могуць звярнуцца на мясцовыя тэле- і радыёстанцыі.

На тэледэбаты кандыдатам таксама даецца па 5 хвілін. Час трансляцыі выступленняў вызначыць жараб'ёўка, якую правядуць акруговыя выбарчыя камісіі. Кандыдат можа адмовіцца ад удзелу ў тэледэбатах або даслаць на іх замест сябе давераную асобу.

Набыць дадатковы эфірны час у друкаваных СМІ і на каналах радыё і тэлебачання кандыдаты могуць за грошы са сваіх выбарчых фондаў.

- Мы спецыяльна стараліся прыняць рашэнне па гэтым пытанні раней, каб тыя, хто ў бліжэйшыя дні пачне вылучацца, валодалі інфармацыяй пра тое, што іх чакае наперадзе і якія выступленні яны павінны рыхтаваць, - дадала Лідзія Ярмошына.

Назіральны савет будзе сачыць за агітацыяй у СМІ

На пасяджэнні зацвердзілі склад Назіральнага савета па кантролі за выкананнем правілаў правядзення перадвыбарчай агітацыі ў СМІ. Усе кандыдаты ў гэты орган былі вылучаны Міністэрствам інфармацыі і маюць вопыт работы ў СМІ.

- Назіральны савет - часовы кансультатыўны орган, які ўпершыню ствараўся, каб даваць экспертныя заключэнні для Цэнтрвыбаркама, таму што сталі з'яўляцца скаргі аб прыцягненні СМІ падчас выбарчай кампаніі. Спачатку ён задумваўся толькі на перыяд перадвыбарчай агітацыі, аднак мы павялічваем тэрмін яго работы, пакуль будуць вылучацца кандыдаты ў дэпутаты. Савет будзе сачыць, каб у СМІ не было дачаснай агітацыі ў падтрымку кагосьці, - засведчыла старшыня ЦВК.

Старшынёй савета стаў Ігар Луцкі, першы намеснік міністра інфармацыі. Пасаду яго намесніка заняў Сяргей Сверкуноў, намеснік старшыні Беларускага саюза журналістаў. Сакратаром назіральнага органа прызначана Кацярына Дубінская, генеральны дырэктар агенцтва "Мінск-навіны".

За заніжэнне даходаў могуць адмовіць у рэгістрацыі

На пасяджэнні ЦВК зацвердзілі таксама пытанні, што тычацца даходаў і маёмасці прэтэндэнтаў у Палату прадстаўнікоў.

Кандыдаты ў дэпутаты павінны падаць дэкларацыю пра даходы за мінулы год і сведчанні пра маёмасць, якая маецца ў іх уласнасці на дату падачы заявы. Упершыню пры правядзенні парламенцкіх выбараў кандыдаты, якія не маюць даходаў, павінны будуць указаць крыніцу сродкаў свайго існавання.

Калі пры праверцы сведчанняў пра даходы кандыдата (на гэта даецца тры каляндарныя дні) высветліцца, што сума яго здабытку заніжана больш як на 20% або ў дэкларацыі ўтоена пэўная маёмасць, гэта можа стаць падставай для адмовы кандыдату ў рэгістрацыі.

Пры гэтым падставай для адмовы не лічыцца, напрыклад, згадванне даходаў у выглядзе аплаты кошту пуцёвак, атрыманых у прафсаюзе яго членамі, або матэрыяльнай дапамогі.

Ірына СІДАРОК.