Калыханка пачынаецца... з раніцы!

20.09.2013
"Звязда", 20 верасня 2013 г.


"Паглядзіш вячэрнюю казку - кладзіся спаць", - папярэджвалі бацькі. І мы, шчаслівыя, беглі да тэлевізара, каб сустрэцца з любімымі вядучымі і забаўнымі цацачнымі героямі. Любімая некалькімі пакаленнямі дзяцей тэлеперадача "Калыханка", мяняючы выгляд, вядучых і герояў, суправаджае беларусаў ужо больш як 30 гадоў. А вось у новым сезоне маленькія гледачы змогуць з "Калыханкай" не толькі засынаць, але і прачынацца! Бо "Калыханка" атрымала ранішні працяг. Забаўляльна-пазнавальны праект "Дабраранак" для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту стартаваў на канале "Беларусь 3" ужо сёння, а 7-ай раніцы.
Напярэдадні запуску перадачы ў эфір "Звязда" пабывала на здымачнай пляцоўцы і даведалася пра некаторыя сакрэты "Дабраранку".
- Дапамагаць бацькам будзіць малых будуць як ужо знаёмыя героі - медзведзяня Топа, лісічка Яна і невядомай нацыянальнасці казачная істота Сплюшык, так і новыя. Мы вырашылі, што ў Феі Сноў (актрыса Алена Бікрэнева) мусіць з'явіцца малодшая сястрычка, ранішняя фея Заранка, гэткая цалкам сучасная дзяўчынка. Яна толькі вучыцца ў школе чараўнікоў, і не заўжды ў яе добра атрымліваюцца некаторыя рэчы. У такіх выпадках, калі феечка і яе сябры чагосьці не ведаюць, на дапамогу прыйдзе іхняя забаўная пісклявая сяброўка Камп'юша, якая, уласна, і жыве ў камп'ютары - таксама новы персанаж, вясёлы смайлік, - расказвае кіраўнік творчай групы праекта Алена Фурсава.
Роля маленькай феі дасталася 14-гадовай мінскай школьніцы Ангеліне Марцінкевіч, якой дзеля таго, каб трапіць на экран, давялося не толькі паспяхова спраўляцца з вучобай у беларускамоўнай школе, але і прайсці сур'ёзны кастынг. Паколькі "Дабраранак" працягвае найлепшыя традыцыі "Калыханкі" (праграма цалкам беларускамоўная), таму і вядучых для яе шукалі сярод тых дзяцей, якія добра валодаюць мовай, прыгожа і ўпэўнена размаўляюць на ёй.
- Ангеліна хоць і фея, але ўсё яшчэ дзіця, не застрахаванае ад хвароб у сезон эпідэмій. Ці ёсць у яе дублёр на ўсякі пажарны выпадак?
- Безумоўна, - ківае Алена Фурсава. - Таксама па кастынгу на ролю вядучай прайшла Ганна Зайцава. Каб ёй не давялося ўключацца ў эфір "знянацку", а маленькім гледачам прызвычайвацца да новай вядучай, будзем паціху ўводзіць яе ў эфір.
Дапамагаць юнай вядучай ірвуцца і дарослыя. У прыватнасці, сачыць за парадкам у шэрагах лялечных герояў будзе акцёр тэатра і кіно Аляксандр Абрамовіч, знаёмы гледачам як дворнік дзядзька Міша з колішняй праграмы "Свая кампанія".
Кожны ранак гледачоў чакае вясёлая і бадзёрая зарадка ў кампаніі фітнес-трэнера Наталлі Баунінай і яе маленькіх "падначаленых". Наталля, дарэчы, прызналася, што з дзецьмі працуе ўжо даўно, а вось з беларускай мовай адчувае пэўныя цяжкасці і баіцца нарабіць памылак. Таму сцэнарысты "Дабраранку" перакладаюць яе трэніровачныя ўрокі, а Наталля потым завучвае тэксты. "Спадзяёмся, Наташа стане любімым трэнерам усіх дзетак", - каментуюць стваральнікі праекта, гледзячы на тое, як старанна малыя паўтараюць за настаўніцай нахілы і пацягванні.
...У мяне хапае знаёмых дзетак - патэнцыяльных гледачоў "Дабраранку". Але, шчыра прызнацца, іх трэба вельмі моцна зацікавіць, каб прымусіць пераключыцца з тэматычных дзіцячых каналаў, той жа "Каруселі". "Ці ёсць у перадачы іскрынкі, пра якія можна сказаць - гэта вы ўбачыце толькі ў нас?" - распытваю кіраўніка творчай групы. Аказваецца, ёсць. Найперш "Дабраранак" прыдуманы не дзеля таго, каб даць бацькам магчымасць пакінуць малых ля тэлевізара і ісці спакойна снедаць. "Мы плануем, што і дарослым будзе цікава паглядзець рубрыку "Не чакалі?", якая запрашае ў госці настаўнікаў, урачоў, кулінараў, акцёраў, музыкаў, пажарных, міліцыянераў - словам, усіх тых дарослых, якім ёсць што расказаць і падзяліцца карысным досведам. Зразумела, ніхто не будзе наўпрост павучаць: "Ты мусіш зрабіць вось так і вось так", чытаць лекцыі - дзеці іх успрымаюць з дакладнасцю да наадварот. Але праз гульню, праз свае дзіцячыя ўспаміны нашы госці будуць распавядаць пра ўсе гэтыя рэчы цікава. Бо калі дарослы, сур'ёзны чалавек размаўляе з лялькай, то і сам пакрысе разнявольваецца, пачынае глядзець на некаторыя рэчы па-дзіцячы", - расказвае Алена Фурсава.
У адным з першых выпускаў, напрыклад, да вядучай "Дабраранку" завіталі намеснік дырэктара Мінскага заапарка з цікавымі расповедамі пра розных жывёл, а таксама прадстаўнік сталічнай ДАІ, які нагадаў асноўныя правілы бяспекі на дарозе. Да Дня музыкі, Дня маці і іншых адметных дат выпускі перадачы плануюць рабіць тэматычнымі. Абавязкова прапануюць разнастайныя мультфільмы - куды ж без іх? І вельмі спадзяюцца на інтэрактыў, водгук гледачоў - усё ж некалі ў "Калыханку" лісты прыходзілі літаральна мяхамі... 

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.