Калыханка для Еўропы

16.02.2005
"Звязда", 16 лютага 2005 г.


15 лютага ў эфiры Еўрапейскага радыё адбылася прэм’ера сумеснага музычнага праекта - "Калыханкi" - шаснаццацi радыёстанцый Еўропы i Аўстралii.
У гэтым праекце Еўрапейскага вяшчальнага саюза ўзялi ўдзел радыёстанцыi Аўстралii, Iрландыi, Бельгii, Балгарыi, Фiнляндыi, Харватыi, Германii, Швейцарыi, Славакii, Славенii, Чэхii, Румынii, Польшчы, Грэцыi, Украiны i Беларусi. Нашу краiну прадстаўляў канал "Культура" Беларускага радыё.
"Калыханкi" аб’ядналi простыя i немудрагелiстыя мелодыi старых песень (некаторыя ў нязменным гучаннi, некаторыя ў сучаснай аранжыроўцы) з розных краiн свету. У прыватнасцi, ад Беларусi быў падрыхтаваны запiс калыханкi "Пайшоў коця па плоце" ў выкананнi заслужанай артысткi РБ Таццяны Мархель.
Дарэчы, цяперашнi праект - далёка не першая ластаўка супрацоўнiцтва Беларускага радыё з ЕВС: дагэтуль былi паспяхова рэалiзаваны музычныя радыёпраекты "Каляды", "Вялiкдзень" i "Ноч балад". У гэтым годзе канал "Культура" таксама актыўна ўдзельнiчае ў падрыхтоўцы праекта "Вялiкдзень-2005", каардынатарам якога выступае Чэшскае радыё.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.