Калi ўключыць Першы нацыянальны канал Беларускага радыё

01.09.2005
"Звязда", 1 верасня 2005 г.


Iмянiннiкi звычайна толькi прымаюць падарункi, а гэты юбiляр сам падрыхтаваў шэраг сюрпрызаў. Маю на ўвазе Першы нацыянальны канал Беларускага радыё, якi напярэдаднi свайго 80-годдзя адкрывае новы сезон некаторымi пераўтварэннямi ў эфiры. Галоўнае змяненне - кругласутачнае вяшчанне ў FM-дыяпазоне i ў рэжыме рэальнага часу ў глабальнай сетцы Internet.
Гэты сезон парадуе аматараў прачынацца з пеўнямi: ранiца на Першым канале Беларускага радыё будзе пачынацца на гадзiну раней, у 05.00. Спачатку ў эфiр выйдзе выпуск "Навiн", далей эстафету перахопяць навiны дзелавога жыцця, агляд прэсы, курсы валют, чым вызначыўся гэты дзень у гiсторыi, прагноз надвор’я ў рубрыцы "На сувязi дзяжурны сiноптык", "Народны каляндар". "Совам" таксама падрыхтавана некалькi сюрпрызаў. Ноччу стопрацэнтнага музычнага вяшчання, што практыкуецца на iншых FM-радыёстанцыях, у эфiры Першага нацыянальнага не будзе: у 00.00 - "Падзеi новага дня", з 00.05 да 03.00 - "Трэцця змена", з 01.05 "Начная магiстраль", таксама "Навiны планеты" сумесна з рускай службай Радыё ААН i звесткi ад уласных карэспандэнтаў у рэжыме on-line. Завершаць начны эфiр тэматычныя музычныя праекты ў 04.30. Каб праверыць гэта, уключыце 106,2 МГц - у Мiнску, 100,0 - у Брэсце, 100,5 - у Вiцебску, 105,1 - у Гомелi, 95,7 - у Гродне, 105,9 - у Магiлёве, таксама па трансляцыях у Iнтэрнэце.
Праграма "Радыё.by" зарыентавана на карыстальнiкаў Iнтэрнэта, як жыхароў нашай краiны, так i прадстаўнiкоў блiзкага i далёкага замежжа. На пытанне, чым жывуць маладыя сёння на вёсцы, адкажа "Сельская моладзь" (17.05, у сераду). Прававая праграма "Кнiга скаргаў" дапаможа выявiць праблемы ў сферах камунальнага абслугоўвання, гандлю, харчавання.
Панядзелак не стане такiм цяжкiм пачаткам тыдня разам з "Вандраваннем па Беларусi": гэта перадача пазнаёмiць са старадаўнiмi гарадамi i мястэчкамi, сядзiбамi i паркамi нашай краiны. Аматары спорту ў новым сезоне змогуць пачуць прамыя трансляцыi з важных рэспублiканскiх i мiжнародных спаборнiцтваў. Не пакiнуць раўнадушнымi меламанаў праекты "Фестывальная калекцыя", "Славянскi базар. Лепшае", "Беларуская калекцыя". "Залаты фонд радыё" данясе да радыёслухачоў галасы i думкi вядомых грамадскiх i палiтычных дзеячаў, пiсьменнiкаў, музыкантаў, паэтаў, мастакоў...

Iрына ПРЫМАК.