Калдун і яго каманда

08.05.2007
"Звязда", 8 мая 2007 г.


"Еўрабачанне-2007"
Мiжнародны тэлевiзiйны конкурс песнi "Еўрабачанне" выходзiць на фiнiшную прамую. Да паўфiналу, якi адбудзецца 10 мая, засталiся лiчаныя днi i тры рэпетыцыi. Плюс тэматычныя мерапрыемствы, якiя ахоплiваюць практычна ўсю тэрыторыю фiнскай сталiцы. Сёння ўвечары, напрыклад, упершыню ў гiсторыi конкурсу пройдзе аб’яднаная "славянская" вечарынка Беларусi, Расii i Украiны.
Нагадаю, прадстаўнiк Беларусi Калдун з песняй "Wоrk Yоur Mаgiс" выйдзе на сцэну Hаrtwаll Аrеnа у паўфiнале пад нумарам 4. Разам з выканаўцам на сцэне будзе iнтэрнацыянальная каманда з 5 чалавек: бэк-вакалiстка Марына Ахвердава, бэк-вакалiст i танцор, швед Ларс Олафсан, удзельнiк балета "Рэцытал" расiянiн Аляксандр Бадзянскi, танцоркi - беларускi Наталля i Iлона Дончанкi. Дарэчы, паводле папярэднiх прагнозаў i букмекерскiх ставак, беларускi канкурсант прэтэндуе на 3-4 месца. Цi ўдасца насамрэч "стварыць чараўнiцтва" i трапiць у фiнал - стане зразумела праз два днi. Трансляваць конкурс у нашай краiне пачнуць а 22-й гадзiне Першы канал i "Беларусь-ТБ" - пад каментарыi Дзянiса Кур’яна, якi будзе знаходзiцца непасрэдна ў Хельсiнкi. Абвяшчэнне вынiкаў паўфiналу прызначана на 0.40 11 мая.
Усяго ж у 52-м па лiку "Еўрабачаннi" ўдзельнiчаюць 42 краiны: у паўфiнале выступяць прадстаўнiкi 28 краiн, толькi 10 з якiх, паводле правiлаў, праходзяць у фiнал. Там ужо знаходзяцца 14 краiн: "вялiкая чацвёрка" - Вялiкабрытанiя, Германiя, Iспанiя, Францыя, i дзесятка лiдараў леташняга фiналу, у тым лiку Расiя, Украiна, Лiтва i Арменiя. Час глядацкага галасавання, дарэчы, павялiчаны з 10 да 15 хвiлiн, але, на жаль, падтрымаць свайго прадстаўнiка галасамi мы не зможам. Галасаваць за iншых упадабаных канкурсантаў можна або па тэлефону - 8-810-101-03-ХХ, дзе ХХ - нумар удзельнiка (кошт званка - 1000 бел. руб.), або з дапамогай SMS на нумар 7708 (кошт паслугi 1300 руб.). Акрамя таго, сёлета на конкурсе ўпершыню адбудзецца галасаванне кампазiтараў, якiя вызначаць лепшую песню "Еўрабачання" i ўручаць з гэтай нагоды асобны прыз.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.