"Калі ласка, спытайце ў Рыбакова..."

08.10.2003
Звязда", 8 кастрычніка 2003 г.


Iнтэрв’ю па просьбах чытачоў"
Памятаеце, у кiнафiльме "Масква слязам не верыць" адзiн з персанажаў сакраментальна прамаўляе: у хуткiм часе будзе панаваць толькi тэлебачанне... Зараз вось думаю: мабыць, ён быў не такi ўжо далёкi ад iсцiны?..
Тэма тэлебачання стала цi не самай "рэйтынгавай" у тэлефонных i пiсьмовых зваротах у рэдакцыю. Чытачы разважаюць аб тым, што хвалюе, што непакоiць, выклiкае пытаннi...

"Як пастаянны чытач i падпiсчык "Звязды", я ўдзячны за тое, што ўздымаеце на старонках газеты пытаннi сённяшняга стану айчыннай лiтаратуры, культуры, мастацтва i роднай мовы. Без гэтага нельга весцi гаворку аб iдэалагiчнай рабоце ў суверэннай, незалежнай рэспублiцы, наогул у любой краiне. Было б добра, каб вы прадоўжылi гэту тэму, змясцiўшы ў газеце iнтэрв’ю з кiраўнiком нашай Нацыянальнай тэлекампанii спадаром Рыбаковым, задаўшы яму адно пытанне: чаму ўсе праграмы першага канала, амаль без выключэння, - i iнфармацыйныя паведамленнi, i спартыўныя, i вынiковая праграма ў канцы кожнага дня "Панарама" - вядуцца з верасня толькi на рускай мове?..
Хтосьцi можа сказаць: а што, вы не разумееце рускай мовы? Ды справа не ў гэтым. Я магу зразумець усё (цi амаль усё), што гаворыцца па-руску, па-беларуску, па-польску i нават крыху па-нямецку. Сам пiсаў на рускай мове нарысы, артыкулы, калi амаль дваццаць гадоў працаваў ваенным журналiстам. Справа, паўтару, зусiм не ў гэтым. Я з самага маленства вучыўся ў беларускай школе, першай маёй настаўнiцай была родная мацi народнага паэта нашай Беларусi Аркадзя Куляшова Кацярына Фамiнiчна Ратабыльская. Першы верш, якi я напiсаў пад уражаннем першай сустрэчы з будучым вялiкiм паэтам-земляком, быў напiсаны на роднай беларускай мове.
Я прайшоў усю вайну, быў непасрэдным удзельнiкам многiх баёў. I сёння, на восемдзесят чацвёртым годзе жыцця, хацеў бы часцей паслухаць па тэлебачаннi i радыё сваiх сяброў-пiсьменнiкаў, празаiкаў i паэтаў... Чаму гэтага зусiм няма сёння? Хто вырашае на нацыянальнай тэлестудыi такiм чынам адно з надзённых пытанняў iдэалагiчнай работы, якое абмяркоўвалася зусiм нядаўна з удзелам Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь Аляксандра Рыгоравiча Лукашэнкi. Ён першы сказаў у сваiм выступленнi, што Беларусь як суверэнная, незалежная дзяржава павiнна мець i сваю дзяжаўную iдэалогiю. А як гэта можна вырашаць без нацыянальнай мовы, культуры i мастацтва?
Я не належу цяпер нi да якой партыi, нi да якой групоўкi, нiколi не быў так званым нацыяналiстам, не падзяляю i не падзяляў думкi тых калег, якiя памкнулiся да апазiцыi, выступаюць з антыўрадавымi заявамi. Але я беларус. Я працую, думаю па-беларуску. I хачу слухаць сваё роднае слова - пявучае, мудрае, шчырае i сардэчнае... Хiба цяжка гэта зразумець тым людзям, якiя прызваны ўзначальваць розныя ўстановы культуры, лiтаратуры i мастацтва?

Пятро ПРЫХОДЗЬКА,
паэт, ветэран Вялiкай Айчыннай вайны.

... Мабыць, няма нiводнай дзяржавы, дзе б на нацыянальным канале (першым!) амаль адсутнiчала нацыянальная мова.
Прыкра!..

Валянцiна ЦЫГЕЛЬ, г. Гродна.

Мы, сябры Маладзечанскай гарадской арганiзацыi Таварыства беларускай мовы, вельмi занепакоены тым, што наш Першы нацыянальны тэлеканал з ранку да позняга вечара ўсе перадачы перавёў на рускую мову. Складваецца ўражанне, што мы пражываем дзесьцi ў Пензенскай цi ў Белгародскай вобласцi... Мы просiм вярнуць дзяржаўную беларускую мову на нацыянальны канал тэлебачання.

I. КАРАБАН i iнш. (усяго 10 подпiсаў).

...Па Канстытуцыi ў нас двухмоўе, але ж трэба мець нацыянальны гонар, захоўваць пачуццё меры i такту. Калi гэта беларускае тэлебачанне i Першы нацыянальны канал, то пажадана, каб дыктары добра валодалi беларускай мовай, гаварылi на ёй. Хочацца больш бачыць цiкавых перадач, якiя б выхоўвалi ў гледачоў павагу да роднай мовы, садзейнiчалi пашырэнню яе ўжытку ў паўсядзённым жыццi. Рэдка выступаюць на БТ беларускiя пiсьменнiкi, паэты, дзеячы культуры... Я ўпэўнены, што ў большасцi журналiсты тэлебачання валодаюць беларускай мовай, але нiбы саромеюцца размаўляць на ёй. А мне здаецца гэта неабгрунтаваным. У пачатку мiнулага стагоддзя Янка Купала пiсаў, што беларусы хочуць "людзьмi звацца". Сёння - не той час, i мы не тыя. Мы па праву можам ганарыцца дасягненнямi Рэспублiкi Беларусь у развiццi навукi, прамысловасцi, чалавечага патэнцыялу, спорту i iнш. Улiчваючы гэта, не варта цурацца нам роднай беларускай мовы. I хочацца, каб БТ было адным з першых змагароў за яе пашырэнне i чысцiню.

Вячаслаў ГАЛЕНЧЫК, журналiст, г. Узда.

Са старшынёй Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампанii Рэспублiкi Беларусь Ягорам РЫБАКОВЫМ мы гутарылi ў студзенi 2002 года - акурат тады спаўнялася 100 дзён з часу яго афiцыйнага прызначэння на высокую пасаду. "Ягор Рыбакоў i "новая гiсторыя тэлебачання" - пад такiм загалоўкам быў змешчаны дыялог-партрэт...
Жыццё хуткаплыннае, i ўжо праз некалькi дзён новая дата для Ягора Уладзiмiравiча - два гады на пасадзе... Нягледзячы на "сцiплы" ўзрост (31 год), гэта ўжо сталы, сфармiраваны кiраўнiк.
Як i ў мiнулы раз, мы размаўлялi па-беларуску. Дамовiлiся, што "закрытых" тэм у гутарцы не будзе. Iх i не было. Мяркуйце самi...

- Ягор Уладзiмiравiч, як вызначаецца i акрэслiваецца iдэалогiя Першага нацыянальнага тэлеканала? На якiя "кiты" абапiраецца беларускае тэлебачанне сёння?

- Адразу скажу: тэлебачанне краiны зараз знаходзiцца ў вельмi жорсткай i дынамiчнай стадыi развiцця, лiтаральна кожны месяц адбываюцца нейкiя змены. Яны iдуць, зразумела, i на Першым нацыянальным тэлеканале. Мы правялi шэраг сацыялагiчных даследаванняў, каб высветлiць, якое тэлебачанне павiнна быць у Беларусi, што жадае бачыць глядач. У вынiку апытанняў тэлеаўдыторыi выпрацавалi наступную пазiцыю: Першы нацыянальны тэлеканал павiнен засведчыць сябе як тэлебачанне еўрапейскай краiны. Беларусь - частка Еўропы, мы iнтэграваны ў Еўропу, таму наша тэлебачанне павiнна мець еўрапейскi ўзровень.

- Што вы ўкладваеце ў паняцце "еўрапейскi ўзровень"?

- Гэта дынамiчнае тэлебачанне, разлiчанае i арыентаванае на людзей, якiм жыць i будаваць нашу незалежную краiну. Калi раней нас спрабавалi абвiнавачваць у тым, што Першы нацыянальны - гэта тэлебачанне для састарэлых людзей i што яго наогул не глядзяць гараджане i людзi, скажам так, больш "прасунутыя", дык цяпер мы iмкнёмся змянiць адносiны тэлегледача, любога скептыка да канала. У сувязi з гэтым зрабiлi ўпор перш-наперш на навiны: АТН перайшло да штогадзiннага фармату навiн. Мы прэтэндуем на тое, каб Першы нацыянальны быў галоўным iнфармацыйным тэлеканалам нашай краiны, - i бяром на сябе мiсiю галоўнай iнфармацыйнай крынiцы Беларусi. Арыентуемся на лепшыя тэлеканалы Еўропы, дзе навiны асвятляюцца вельмi дынамiчна, у цiкавай даступнай форме.
Такiм чынам, з новага тэлесезона кожную гадзiну на нашым канале - трохмiнутны выпуск навiн, аператыўна паведамляем аб тым, што адбылося за апошнюю гадзiну: самыя свежыя падзеi ў свеце i ў краiне. Гэта прынцыповае пытанне - iнфармаваць тэлеаўдыторыю не толькi "лакальна", але i ў маштабах Еўропы i ўсяго свету. Мы пашырылi службу мiжнародных навiн, падпiсваемся на ўсе матэрыялы iнфармагенцтваў - маем магчымасць атрымлiваць самую аператыўную мiжнародную iнфармацыю, вiдэаiнфармацыю. Сёння мы можам адначасова з "Еўраньюс" i "Сi-эн-эн" паказваць усе самыя гарачыя навiны. Гэта асноўная "цаглiна" падмурка Першага нацыянальнага тэлеканала: мы пазiцыянiруем сябе як тэлебачанне еўрапейскай краiны, як галоўны iнфармацыйны канал краiны.
Другая складовая новай канцэпцыi тэлебачання - зацiкаўленая ўвага да спартыўнага вяшчання. Зноў жа падкрэслю: гэта вяшчанне найвышэйшых дасягненняў не толькi беларускiх, а наогул сусветных. Тэлегледачы ўбачаць спорт высокiх дасягненняў: эксклюзiўныя трансляцыi, рэйтынгавыя спаборнiцтвы, значныя спартыўныя падзеi. Аб’ём спартыўных праграм у агульным вяшчаннi Першага нацыянальнага тэлеканала складае 5 працэнтаў, у той час як сярэднееўрапейскi i расiйскi паказчык у нацыянальных тэлеканалаў - 3 працэнты. Дадам, што ў нас iдзе прапаганда спорту як здаровага ладу жыцця.
Трэцяя прынцыповая пазiцыя - лiцэнзаваны кiнапаказ, арыентаваны на папулярызацыю лепшых узораў сусветнага кiнамастацтва. Дырэкцыя кiнапаказу, прааналiзаваўшы вопыт найбуйнейшых каналаў свету, вызначыла прыярытэтныя крытэрыi адбору кiно для дэманстрацыi на нашым тэлеканале: фiльмы павiнны мець высокiя медыяпаказчыкi, аналiзуецца iх рэнтабельнасць (аб’ём сродкаў, заробленых на рэкламе ўнутры фiльма або серыяла), звяртаецца ўвага на папулярных акцёраў i рэжысёраў, вядомыя студыi-вытворцы, высокi бюджэт фiльма. Найважнейшая задача канала - выбiраць i купляць толькi лепшае з таго, што ёсць на кiнарынку. А сапраўдным кiнаманам будзе прапанавана элiтарнае кiно, фiльмы сусветнага ўзроўню i, вядома, усiмi любiмае старое савецкае кiно. Але - звяртаю асаблiвую ўвагу - наш канал арыентуецца на кiно без насiлля. З лiстапада мяркуем аб’явiць акцыю "Тэлебачанне Беларусi - без насiлля". Першы нацыянальны тэлеканал бярэ на сябе мiсiю адысцi ад жорсткасцi, ад бясконцай стралянiны на экране.

- Складаная задача, скажам прама...

- Так, складаная, - i я не ўпэўнены, што задуманае атрымаецца ў поўным аб’ёме... Але ўвесцi пэўныя маральныя нормы паспрабуем. З упэўненасцю магу сказаць, што на Першым нацыянальным тэлеканале не будзе фiльмаў, скiраваных на адкрытую прапаганду насiлля.

- Хто выконвае ролю цэнзара пры адборы кiнастужак?

- Дзяржрэгiстр, што iснуе пры Мiнiстэрстве культуры, вызначыў фiльмы, непажаданыя для паказу ў краiне, - гэтымi рэкамендацыямi мы i кiруемся. Хаця шмат пра гэта думалi, разважалi... Пытанне аб жорсткасцi на экране досыць спрэчнае, напрыклад, вядомы мультфiльм "Ну, пачакай!" таксама можна квалiфiкаваць як жорсткасць, здзек над жывёламi i г. д. У краiнах Балтыi разглядаюць пытанне аб тым, што "Беласнежка i сем гномаў" прапагандуе культ насiлля над жанчынай... У нас падыход такi: прытрымлiваемся рэкамендацый спецыялiстаў Дзяржрэгiстра. Калегам з АНТ, СТБ, кабельнага тэлебачання таксама прапанавалi праявiць салiдарнасць, непахiсна прытрымлiвацца прынятых у краiне нормаў. Калi ўсе разам пойдзем па гэтым шляху, значна палепшыцца сiтуацыя ў кiнапаказе краiны, у вынiку выйграе i канкрэтны тэлеглядач, i грамадства ў цэлым: сцэны жорсткасцi, насiлля на экране негатыўна ўплываюць на эмацыянальна-псiхалагiчны стан асобы. Фiльмы, дзе паказваюцца жорсткасць i насiлле, можа, i больш рэйтынгавыя - але...

- Абсалютная большасць суайчыннiкаў з вамi пагодзiцца: нельга ва ўсiм iсцi на повадзе ў гледача, бо густы...

- Мы самi павiнны фармiраваць густы! I не забываемся пра гэта. Добры густ трэба выхоўваць паступова, крок за крокам. Неабходна самога гледача ўпэўнiць у тым, як павiнна быць, а як - не.

- Нашы чытачы таксама звяртаюць увагу на тое, што звышзадача тэлебачання - асвета, выхаванне, далучэнне суайчыннiкаў да iдэалаў дзяржавы, народа, будучынi...

- У нашы днi, у ХХI стагоддзi, у тэлебачання, магчыма, яшчэ больш важная функцыя, чым у мiнiстэрстваў адукацыi i культуры. Бо людзi сёння тэлевiзар глядзяць больш i часцей, чым чытаюць кнiжкi, - асаблiва моладзь...

- Ягор Уладзiмiравiч, цi магу я спытаць пра непрыемнае?

- Канешне!

- Якiя недахопы Першага нацыянальнага канала, на ваш погляд, найбольш iстотныя?

- Галоўны недахоп - мы не дасягнулi ў поўным аб’ёме еўрапейскага ўзроўню прафесiяналiзму.

- Што маецца на ўвазе?

- Любая праграма, ток-шоу, калi, напрыклад, параўнаць на беларускiх i расiйскiх каналах... Зразумела, на расiйскiх праграмы зроблены больш дынамiчна, ярка, прыгожа, яны больш вабяць i захапляюць гледача. Наша агульная бяда - што мы нiколi сур’ёзна гэтай праблемай не займалiся: маю на ўвазе перш за ўсё адукацыю кадраў.

- Але ж тэлебачанне ў Беларусi не ўчора нарадзiлася - здаецца, назапашаны пэўныя традыцыi, вопыт...

- У гэтым годзе ўпершыню ў гiсторыi Беларусi мы купiлi ў датчан лiцэнзiю, г. зн. права на вытворчасць праграмы "Аднакласнiкi". Мы атрымалi поўны набор дакументацыi: фабула праграмы, стрыжань i г. д. Дацкiя рэжысёры дапамагалi ў пастаноўцы, у афармленнi студыi... Выйшла праграма - i гэта ўжо iншы ўзровень ток-шоу. Дадам, што праграма "Аднакласнiкi" была паказана ў 17 краiнах свету i паўсюдна мела велiзарны поспех. Гледачы шоу маюць магчымасць назiраць за "зоркамi" эстрады, кiно, спорту i г. д. у кампанii iх аднакласнiкаў, настаўнiкаў, школьных сяброў... Для вытворчасцi гэтай праграмы была створана сумесная група з тэлевiзiйных спецыялiстаў Беларусi, Расii, Данii. Пры стварэннi падобных праектаў сумесная дзейнасць - агульнапрынятая мiжнародная практыка.

- Прабачце, а колькi гэта каштавала - канешне, калi такая iнфармацыя не з’яўляецца камерцыйнай тайнай?

- Гэта камерцыйная тайна. Скажу толькi, што кошт гэтага праекта на некалькi парадкаў вышэйшы за тыя, што стваралiся ў Беларусi.

- Калi гэта каштавала немалых сродкаў, дык, можа, варта было аб’явiць тэндар для творчых, дасцiпных, разумных людзей у Беларусi - i за вельмi вялiкiя грошы (якiя былi патрачаны на замежнiкаў) суайчыннiкi зрабiлi б не горш?

- Гэта немагчыма. На жаль. Парадокс Беларусi ў тым, што нават за самыя вялiкiя грошы сёння нiхто не зможа нiчога падобнага зрабiць: не ўмеем!

- Чаму вы так дрэнна думаеце пра суайчыннiкаў? Згодна з прыказкай: "Няма прарока ў сваёй Айчыне?.."

- Я сур’ёзна гавару: не ўмеем. Гэтаму трэба вучыцца. У Беларусi нiводная ВНУ не вучыць тэлевiзiйнаму прадзюсiраванню. Вельмi складаная праблема! У Расii яе пачалi вырашаць 15 гадоў таму, калi сталi фармiравацца камерцыйныя каналы, - i толькi зараз прыйшло разуменне, як гэта трэба рабiць. "Тэлебiзнэс" - у нас гэта паняцце з’явiлася 2-3 гады назад. Мы на пачатку шляху. У перспектыве зможам гэта рабiць - адназначна! Але пакуль што iдзе iмклiвае развiццё тэлерынку.

- Наконт беларускай мовы, Ягор Уладзiмiравiч... У мiнулую нашу сустрэчу, у студзенi 2002-га, мы шмат разважалi на гэтую тэму. Пасля публiкацыi быў вялiкi розгалас, у пiсьмах чытачы з задавальненнем цытавалi вашы словы: "Я супраць прымусу. Але абедзвюма рукамi за беларускую мову - тым больш, што па адукацыi я спецыялiст у галiне беларускай мовы i лiтаратуры. Хаця па нацыянальнасцi я рускi, нарадзiўся ў Новасiбiрску", "З цягам часу колькасць беларускамоўных праграм павялiчыцца. Мы iдзём па шляху паступовага прывучэння нашых журналiстаў да вядзення перадач на якаснай беларускай мове", "Мы паставiлi задачу несцi з экрана сапраўдную беларускую мову...".

- Такая задача стаiць!

- У такiм разе, зусiм незразумела, чаму склалася сiтуацыя, пра якую з крыўдай гавораць нашы чытачы: беларускай мовы на Першым нацыянальным тэлеканале... амаль не чуваць? Нават у "Навiнах"?

- Разумееце, у нас атрымлiваецца так, што людзi, якiя робяць тыя ж "Навiны", не думаюць па-беларуску. Калi вядучы працуе ў эфiры на беларускай мове, дык вiдаць, што гэтай мовай ён не валодае на падсвядомым узроўнi. Гэта не тая мова, якая павiнна быць на беларускiм тэлебачаннi.

- Выбачайце, калi ласка, але, як i ў мiнулы раз, мушу запытаць: можа, варта было б "скарачаць" не родную мову, а журналiстаў, якiя, працуючы на нацыянальным канале, не валодаюць нацыянальнай (дзяржаўнай!) мовай? Чытачы просяць патлумачыць пазiцыю...

- Пазiцыя перш за ўсё ў чым? Мы правялi сацыялагiчнае даследаванне - нашы тэлегледачы хочуць бачыць "Навiны" на рускай мове.

- Цiкава, хто быў апытаны, колькi чалавек i дзе праводзiлася апытанне?

- Апытанне праводзiлася незалежнай лабараторыяй аксiяметрычных даследаванняў "Новак" па заказу Галоўнага iнфармацыйна-аналiтычнага цэнтра Белтэлерадыёкампанii.

Даведка.
Нацыянальнае апытанне лабараторыi "Новак" - "Першы нацыянальны тэлеканал: ацэнка гледачоў" (7-16 лютага 2003 г.). Рэпрэзентатыўная выбарка 1097 чалавек...
25,8 працэнта ўдзельнiкаў нацыянальнага апытання выказалася за безагаворачнае ўвядзенне рускай мовы ў якасцi асноўнай для вяшчання Першага нацыянальнага тэлеканала. Крыху меншая колькасць рэспандэнтаў - 20,5 працэнта - адстойвалi ў якасцi асноўнай мовы тэлевяшчання беларускую.
(Адначасова адзначым: рознiца ў 5,3 працэнта. - Т. П.).
...У адносiнах да спартыўных тэлетрансляцый i тэлегульняў частка рэспандэнтаў не вызначылася: каля 43 працэнтаў выказалi меркаванне аб тым, што iм усё роўна, на якой мове будуць выходзiць гэтыя праграмы.
У адносiнах да вызначэння мовы iнфармацыйных праграм большая частка рэспандэнтаў жадала б атрымлiваць навiны на рускай мове. Свой выбар рэспандэнты тлумачаць тым, што пры падачы навiн на рускай мове iм не патрабуецца "ўнутранага перакладу" тэксту. Большасць апытаных адзначаюць складанасцi ва ўспрыманнi iнфармацыi на беларускай мове. Таксама рэспандэнты прытрымлiваюцца такой думкi, што на беларускай мове павiнны iсцi праграмы, для якiх нацыянальная мова - неабходнасць: напрыклад, прысвечаныя пытанням беларускай культуры i г. д.

- Гэта апытанне мы ўспрынялi як рэкамендацыю да дзеяння, - гаворыць Я. Рыбакоў. - I зараз у нас усё складзена адпаведна: культуралагiчныя сюжэты iдуць на беларускай мове (у Мiхася Равуцкага добрая мова, таму ён застаецца на беларускай мове). На Першым нацыянальным ёсць праграмы на гiстарычную i культурную тэматыку - iх вядучыя гавораць i думаюць на сапраўды прыгожай i сакавiтай беларускай мове...

- "Навiны" iдуць па-руску, а ўсе застаўкi, цiтры, подпiсы - па-беларуску... Слоган канала: "Першы нацыянальны тэлеканал - тэлебачанне тваёй краiны". Мабыць, больш лагiчна было б перакласцi гэты слоган на рускую мову: "Телевидение твоей страны"?

- Вы ўшчамляеце такiм чынам мае iнтарэсы як грамадзянiна Беларусi. Таму што ў нас двухмоўе, i на якой мове мы жадаем, на той мове i будзем размаўляць. I слоган канала будзе на беларускай мове.
Гэта, паўтараю, права канала - выбiраць для вяшчання адну з дзяржаўных моў. Руская мова - таксама дзяржаўная.

- Чым будзе вызначацца новы сямейны тэлеканал "ЛАД"?

- "ЛАД" рыхтуе цыклы праграм, прысвечаныя пытанням культуры, выхавання, адукацыi, духоўнага ўдасканалення. Паколькi канал ствараецца на базе абласных тэлекампанiй, то эфiр будзе пабудаваны такiм чынам, каб рэгiянальныя i рэспублiканскiя блокi былi лагiчна i гарманiчна звязаныя. У сталiцы "ЛАД" пачне вяшчанне на перадатчыку, дзе ў цяперашнi час рэтранслiруецца тэлеканал "Культура". Прыхiльнiкi расiйскага канала змогуць яго глядзець з дапамогай спадарожнiкавага тэлебачання.

- Ягор Уладзiмiравiч, якiя праграмы свайго канала вы гледзiце з асаблiвай асалодай?

- Усе. Асаблiва "Панараму". З забаўляльных падабаецца "5 х 5".

- Раней выходзiла "Школа злословия", а зараз ужо "Академия злословия" - таму што вырас узровень праграмы або надакучылi гледачы абвiнавачаннямi ў плагiяце (на расiйскiм канале "Культура" аднайменную праграму вядуць Таццяна Талстая i Дуня Смiрнова)?

- Не могу адказаць на гэта пытанне: рашэнне прымалася творчай групай.

- А вы гледзiце гэту праграму?

- Гляджу. Яна досыць спрэчная. Але ж у гэтым i спецыфiка тэлебачання: праграмы не павiнны ўспрымацца ўсiмi адназначна. Гэта ўжо нецiкава будзе - i гэта не тэлебачанне! Тут ёсць пэўная iнтрыга, якая выклiкае спрэчкi...

- А вам начныя дзяўчаты не прапаноўвалi пабыць побач з iмi на канапе?

- Не.

- Цiкава, вы згадзiлiся б?..

- Нават не думаў пра гэта...

- Пытанне задаю па шматлiкiх просьбах: калi на НТБ iдзе футбол, часта выключаецца трансляцыя...

- Гэта звязана з тым, што права паказу ў НТБ маецца толькi на тэрыторыi Расii.

- Можа, на час адключанага футбола прапаноўваць гледачам нейкую айчынную праграму?

- За гэта ж трэба плацiць. Навошта нам несцi лiшнiя матэрыяльныя затраты?.. Каб паставiць, напрыклад, мастацкую кiнастужку, неабходна аплацiць перадатчыкi, купiць лiцэнзiю на фiльм. Палiтыка нашага канала - паказ толькi лiцэнзiйнага кiно, а не крадзенага (як на iншых беларускiх каналах). I ў гэтым таксама праяўляецца наша пазiцыя як еўрапейскага канала - мы жывём па законах... Калi летась нас "падставiла" Расiя з футболам - вы ж памятаеце, напэўна... Пасля гэтага мы наогул усе нелiцэнзiйныя спартыўныя трансляцыi на тэрыторыi Беларусi адключалi. Каб не было праблем. Зараз сiтуацыя iстотна змянiлася: Белтэлерадыёкампанiя набыла эксклюзiўныя правы на трансляцыю лепшых спартыўных спаборнiцтваў.
Але... ведаеце, што крыўдна? Замест таго, каб сказаць "вялiкi дзякуй!" роднаму тэлебачанню за тое, што з’явiлася магчымасць глядзець спартыўныя трансляцыi, некаторыя ўсё роўна працягваюць незадаволенае "шыпенне". Што б мы нi зрабiлi - усё кепска, усё дрэнна, усё не так!

- Ягор Уладзiмiравiч, прайшла iнфармацыя, што тэлебачанне ўсур’ёз бярэцца за абарону гонару i годнасцi, падае велiзарныя судовыя iскi на некаторыя выданнi?

- Наша юрыдычная служба прааналiзавала публiкацыi аб Белтэлерадыёкампанii за апошнiя два гады. У некаторых газетах было надрукавана нямала iнфармацыi, якая па сутнасцi з’яўляецца паклёпам на беларускае тэлебачанне i яго супрацоўнiкаў. Мы падалi iскi на дзве газеты, якiя апублiкавалi не адпавядаючыя рэчаiснасцi звесткi. Суд па адной з газет ужо адбыўся i прызнаў несапраўднымi апублiкаваныя звесткi. Аднак наш iск на 200 млн. рублёў быў задаволены судом толькi часткова, таму зараз падаём касацыйную скаргу - будзем патрабаваць павелiчэння сумы па гэтаму iску. Калi "незалежныя" газеты прэтэндуюць на жыццё ў дэмакратычнай прававой дзяржаве, дык трэба несцi адказнасць за свае словы ў адпаведнасцi з законам. Дарэчы, на нас таксама падаюць iскi ў суд - па некаторых праектах, праграмах. Дзесьцi мы выйграём, дзесьцi прайграём - гэта цывiлiзаванае вырашэнне ўзнiкаючых праблем.
Наша тэлекампанiя адкрытая для кантактаў з журналiстамi, мы не адмаўляем у iнфармацыi - але просiм калег, каб нашы адносiны будавалiся на ўзаемапаважлiвых умовах.

- Цi азначае гэта, што Першы нацыянальны тэлеканал абсалютна закрыты для крытыкi, для любых заўваг?

- Зусiм не! Нiкому не забаронена нас крытыкаваць, i мы стараемся прыслухоўвацца да канструктыўнай крытыкi... Але кожны журналiст павiнен добра разумець i асэнсоўваць мяжу памiж крытыкай i хлуснёй, памiж заўвагай i знявагай. Чалавеку, якi хварэе на "прафесiйны дальтанiзм", не месца ў журналiстыцы!

Гутарыла Таццяна ПАДАЛЯК.