Каго выберуць беларусы?

10.09.2010
"Звязда", 10 сентября 2010 г.


10 верасня - фінал нацыянальнага адборачнага туру дзіцячага "Еўрабачання"
Вечарам 10 верасня стане вядома, каму выпадзе гонар прадставіць Беларусь на VІІІ міжнародным конкурсе дзіцячай песні дзіцячае "Еўрабачанне-2010". Прамая трансляцыя нацыянальнага адбору распачнецца на Першым канале ў 21:55.
Арганізатары рыхтуюць таксама адмысловы сюрпрыз для гледачоў. Падчас фіналу беларускага адбору на сцэне прагучаць усе песні, з якімі нашы юныя артысты скаралі публіку на "Еўрабачанні". Паведамляецца, што песні Вольгі Сацюк, Ягора Ваўчка, Ксеніі Сітнік, Андрэя Кунца, Аляксея Жыгалковіча, Дашы Надзінай, Аліны Молаш, Карыны Жуковіч і Юрыя Дземідовіча ў гэты вечар перапяюць... зоркі беларускай эстрады. У дуэце з Юрыем Дземідовічам выступіць Аляксандр Саладуха, а з Ксеніяй Сітнік - гурт "Нейра Дзюбель".
Між іншым, сярод 14 краін, якія будуць прадстаўлены на "Еўрабачанні" ў лістападзе, на сёння з канкурсантамі вызначыліся толькі тры. Як паведамляе афіцыйны сайт конкурсу, Расію на дзіцячым форуме прадставіць дуэт "Чароўны мікрафон", Украіну - юная спявачка Юля Гурская, Латвію - Шарлота Лэнмане.
І ўжо сёння, як распавялі "Звяздзе" ў прэс-службе дзіцячага "Еўрабачання", да продажу гатовыя тавары з сімволікай конкурсу: цацачныя мядзведзі, валёнкі і адзенне для дзяцей - хутка тавары паступяць у гандаль. Першыя білеты на фінал шоу можна будзе купіць у сталіцы ўжо 20 верасня. 

Ілья ЛАПАТО.