Каб зорачкі заззялі

01.08.2014
"Рэспублiка", 1 августа 2014 г.

 
Радыёконкурс "Маладыя таленты Беларусі" з кожным годам становіцца ўсё больш папулярным. Яно і нядзіўна: па выніках 2013-га шэсць яго лаўрэатаў адзначаны стыпендыямі і прэміямі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Усяго ў мінулым годзе пададзена 157 заявак, асабліва шмат канкурсантаў было ў малодшай групе намінацыі "Эстрадны вакал". Як будзе сёлета, невядома, але арганізатар конкурсу - Белтэлерадыёкампанія - спадзяецца, што новыя зорачкі абавязкова заззяюць на музычным небасхіле.
Такім чынам, аб'яўлены пачатак прыёму дакументаў на ўдзел у IV Рэспубліканскім радыёконкурсе. Правілы тыя ж: дапускаюцца маладыя салісты (а таксама групы), узрост якіх ад 10 да 21 года, - навучэнцы дзіцячых музычных школ, сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, удзельнікі музычных і эстрадных студый, а таксама студэнты ВНУ. Конкурс будзе праводзіцца па чатырох намінацыях: "Эстрадны вакал", "Інструментальная музыка, салісты", "Інструментальная музыка, ансамблі", "Спадчына" (творчы пошук у галіне этнічнай музыкі). Да 1 лістапада адбудуцца папярэдні адбор і праслухоўванне матэрыялаў на аўдыяносьбітах, у другім туры - ужо жывое выкананне перад журы. Вынікі будуць аб'яўлены ў снежні.
Падрабязная інфармацыя і навіны радыёконкурсу будуць размешчаны на сайце Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё: www.radio1.tvr.by.

Наталля СЦЯПУРА.