Каб ведаць сваiх герояў

24.12.2009
"Звязда", 24 декабря 2009 г.


"І нiякiя сувязi не дапамогуць табе зрабiць ножку маленькай, душу - вялiкай, а сэрца - справядлiвым" (Я.Шварц, "Папялушка").
Кажуць, у жыццi заўжды ёсць месца подзвiгу, але не заўжды ёсць месца героям. Колькi iх - людзей, якiя здзейснiлi гераiчныя, мужныя, самаахвярныя ўчынкi, засталiся неназванымi, увогуле безыменнымi? Хоць кожны з iх лiчыць, што нiчога надзвычайнага не зрабiў, i не патрабуе падзякi цi тым больш узнагароды, але гэтыя людзi заслугоўваюць таго, каб быць названымi пайменна, iх ёсць за што паважаць i, як бы пафасна гэта нi гучала, браць з iх прыклад... Вось чаму так цешыць, што другi год запар працягваецца незвычайная тэлевiзiйная акцыя "Вялiкае сэрца", аўтары якой знаходзяць такiх людзей i расказваюць аб iх усёй краiне. А напрыканцы года 10 герояў, якiх вызначае грамадская рада, становяцца лаўрэатамi аднайменнай прэмii.
...Блукаючы па люстраным святочным белым з золатам холе Белдзяржфiлармонii, дзе сёлета адбывалася цырымонiя ўзнагароджання "Вялiкага сэрца", я пiльна ўглядалася ў твары сустрэчных людзей, спрабуючы здагадацца: гэта ён цi яна - герой? А можа, вось тая ўсхваляваная жанчына? Угадала толькi аднаго - зухаватага падцягнутага хлопца з армейскай выпраўкай: начальнiк варты Ружанскага аддзялення МНС Мiкалай Пятрашка за лiчаныя хвiлiны вырваў з задушлiвых абдымкаў пажару пажылога вяскоўца. На пытанне вядучых: "Скажыце, вы хацелi быць героем?" Мiкалай аджартаваўся: "Дакладна так!" - i вельмi збянтэжыўся, калi яго праводзiлi апладысментамi.
Дзiўная рэч: так рэагавалi ўсе 10 герояў, шчыра ўпэўненыя, што так зрабiў бы кожны - кiнуўся ў ледзяную ваду цi ў пырскi агню, ратуючы жыццi iншых людзей, аддаў усяго сябе - час, талент, сiлы - дзецям з асаблiвасцямi псiхафiзiчнага развiцця, падтрымлiваў адзiнокiх, бездапаможных старых... Напрыклад, Вiктар Талстой, якi двойчы на месяц здае плазму крывi, мае больш як 20-гадовы стаж донарства. Для таго, каб стаць ганаровым донарам у Беларусi, трэба здаць кроў 60 разоў, а ў Вiктара на рахунку - больш як 600. Але ён не лiчыць свой рэкорд нiякiм там геройствам: "Разумееце, я выпускнiк лечфака медыцынскага ўнiверсiтэта, я даваў клятву Гiпакрата, таму дапамагаць iншым - гэта мой абавязак, памножаны на грамадзянскую пазiцыю". Цяжка дакладна падлiчыць, колькi людзей, лячэнню i рэабiлiтацыi якiх дапамагла гэта актыўная грамадзянская пазiцыя, жадаюць сказаць свайму выратавальнiку "дзякуй". Але ў тым, што гэтых удзячных пацыентаў будзе яшчэ больш, няма сумневу - медыкi кажуць, што Вiктар Аляксеевiч заўжды з'яўляецца на здачу крывi па першай просьбе.
А Сяргей Грынь працуе... татам. Разам з пяццю мамамi. На гэту вельмi адказную пасаду ў Рагачоўскiм дзiцячым доме сямейнага тыпу "Родны кут" для дзяцей з асаблiвасцямi псiхафiзiчнага развiцця доўга не маглi знайсцi адпаведнага кандыдата. Сяргей падышоў па ўсiх крытэрыях, у тым лiку па галоўным - у яго вялiкае сэрца. Нядаўна ён вырашыў (маючы ўжо ўласнае дзiця) усынавiць усiх сваiх гадаванцаў: сказаў, што толькi так можа быць спакойным за будучыню гэтых дзяцей.

- I не страшна было за такую справу брацца? - схапiлiся за галаву многiя прысутныя ў зале.
- Нiчога не баяцца толькi дурнi, - з мяккай усмешкай адказвае Сяргей. - Камусьцi трэба ж рабiць гэту справу. Чаму вырашыў усынавiць усiх 5-х дзяцей? Гэта доўгая гiсторыя... Разумееце, апека доўжыцца толькi да 18 гадоў, а потым па законе мы будзем гэтым дзецям нiхто. Але ж усе яны не могуць сябе самастойна абслугоўваць, iм патрэбная пастаянная дапамога i яшчэ раз дапамога, у самых элементарных рэчах - памыцца, апрануцца, паесцi. Калi iх вернуць назад у дом-iнтэрнат, яны проста не вытрымаюць такой перамены ў стаўленнi да сябе - там усё ж на 1 выхавальнiка прыпадае па 10 i больш чалавек... Як жа яны без нас?

- Але ж гэта патрабуе столькi цярпення, сiлаў i адказнасцi...
- Вы не падумайце, я таксама не iдэальны, звычайны жывы чалавек са сваiмi адмоўнымi якасцямi - бывае, настрой псуецца, дзесьцi магу злаваць, раздражняцца. Але добра, што ўсе мае мамы падтрымлiваюць i дапамагаюць, а дзецi дораць нам у адказ шчырую любоў, i ўсе разам мы спраўляемся.

Зрэшты, дапамога патрэбна i самому дзiцячаму дому - прычым замнога яе не бывае. На Новы год, напрыклад, бацькi былi б шчаслiвыя "знайсцi пад ёлкай" будматэрыялы, каб скончыць прыбудову да дома. "Ды проста ўвага i падтрымка з боку ўладных структур нам не перашкодзiць", - дадаюць мамы i тата.
Падтрымка, увага, падзяка ў выглядзе тэлевiзiйнай прэмii "Вялiкае сэрца" - гэта ж так нямнога для таго, каб захаваць у людзях жаданне расхiнаць сэрцы насустрач iншым, i рабiць дабро. Каб захаваць кругазварот гуманнасцi ў прыродзе.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.

P.S. Усе 10 гiсторый, нiводная з якiх не пакiне гледачоў раўнадушнымi, будуць расказаныя 25 снежня ў тэлеверсii "Вялiкага сэрца" на канале "ЛАД".