"Каб ніколі не перарывалася нітачка Арыядны - сувязь з зямлёй..."

29.09.2012
"Белорусская нива", 29 сентября 2012 г.

 
Тэлевізіёншчыкі з Кітая, Казахстана, Узбекістана, Арменіі, Грузіі, Расіі, Украіны, Латвіі, Малдовы, Балгарыі і Польшчы зноў сабраліся на "Аграсвет-2012" у Беларусі. Урачыстае адкрыццё ХІХ Міжнароднага тэлефестывалю "Аграсвет-2012", які Беларусь прыме ўжо ў другі раз, адбудзецца заўтра ў Палацы культуры Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Дарэчы, і месцам правядзення Горкі абраны не выпадкова: сёлета горад - сталіца "Дажынак". Амаль тыдзень тэлевізіёншчыкі з дванаццаці краін свету будуць вандраваць па лепшых гаспадарках, новенькіх аграгарадках і звычайных беларускіх вёсачках Магілёўшчыны і Віцебшчыны. Гасцей, акрамя азнаямлення з аграрным сектарам, чакае і насычаная культурная праграма: сустрэчы з творчымі калектывамі, наведванне праваслаўных святынь, храмаў, а таксама Буйніцкага поля, якое апяваў Канстанцін Сіманаў. Чаму аграрная Беларусь асабліва цікавіць міжнародны журналісцкі тэлесусвет? І што падрыхтавалі гаспадары сёлетняга форуму? На гэтыя і іншыя пытанні карэспандэнту "БН" адказаў намеснік старшыні аргкамітэта тэлефестывалю "Аграсвет-2012" каментатар Белтэлерадыёкампаніі Уладзімір Субат.

- Уладзімір Паўлавіч, Беларусь традыцыйны ўдзельнік тэлэфоруму "Аграсвет". Чаму адбылося менавіта так?
- Сапраўды, мы ўдзельнічаем у фестывалі ад яго пачатку. Уявіце сабе. 1993 год. Няма буйных саюзных фэстаў, Масквы як цэнтра - і мы ўсе быццам бы закрыліся ў сваю абалонку. І раптам мне патэлефанавалі журналісты з Латвіі. Там у іх адчуўся інфармацыйны голад. Яны і прапанавалі арганізаваць фестываль тэлевізійных журналістаў-аграрнікаў.
Памятаю, як я паехаў на першы фэст. Ён ладзіўся на базе знакамітай гаспадаркі "Адэжэ" недалёка ад Рыгі. Разам з рэжысёрам Валянцінай Гумілеўскай мы зрабілі праграму, якая называлася "Якое заўтра нас чакае ранне?". Яе сюжэт - гэта дзве гісторыі, праз якія мы прасачылі лёс усяе Беларусі. У той час мы ўсе стаялі на ростанях, не ведалі, куды ісці.
У гаспадарцы "Нёман", што ў Стаўбцоўскім раёне, мы знайшлі цікавую жанчыну Тамару. Яна прыгожая (постаць ладная, беларуская), першая пявуння на вёсцы і добрая гаспадыня, жонка. Ёсць муж, двое дзяцей. Тамара сяброўку мела. А ў яе муж такі нягеглы: пасля Вялікай Айчыннай вайны інвалід, без нагі застаўся, на "Запарожцы" ездзіў заўсёды з гэтым сваім кастылём ды дзеравяшкай на назе. І раптам суседка Тамары памірае, а праз некаторы час і Тамарын мужык.
Гераіня ў праграме распавядае: "Праходзіць нейкі час, спыняецца ля маёй хаты "Запарожац". І да мяне шкандыбае гэты Валодзя. Можа, нешта здарылася яшчэ ў яго?"
А Валодзя кажа: "Тамара, ну што? Давай, можа, разам жыць?"
Так і засталіся яны разам.
І вось у кадры ён бярэ акардэон, іграе, яны ўспамінаюць, як у няшчасці людзі знайшлі адзін аднаго і замацавалі дабрабыт.

- А другая гісторыя ў праграме якая была?
- Сюжэт такі. Палессе. 1993 год, жнівень. Паводка. Вада затапіла агароды, двары, людзі цягнуць моркву, буракі, каб выратаваць хоць які-ніякі ўраджай. Мы да хаты нашай гераіні падплываем на чоўне: у падвале вада, у хаце вада струменіць, б'е. Там цэлыя хвалі, цячэнне хуткае, плынь высокая. Мы ў хату трапляем, а жанчына кажа, што ў падвале дзіцятка ўтапілася. Расказвае, што і карову няма дзе ставіць, і свіней. Так мы ў праграме і бяду паказалі, і як дзяржава гэтую бяду дапамагала пераадольваць.
Але асноўнае пытанне ў праграме было адно: што будзе з зямлёй? Тамара са Стаўбцоўшчыны распавядае пра калгасны строй, які ёй падабаўся, а старшыня тутэйшага калгаса "Нёман" Цвірко (цяпер нябожчык) падыходзіць і кажа, што зараз у калгасах немаведама што робіцца, раскрадаюць усё. Жах! Невядома, куды пойдзем.
Праграму "Якое заўтра нас чакае ранне?" мы паказалі на першым фестывалі "Аграсвет". Журы, калі глядзела яе, прыціхла. А потым нам прысудзілі Гран-пры. Вядомы тады тэлежурналіст з Масквы Мікалай Чарнічэнка, які прывёз на конкурс уласную праграму "Сельскі час" (яна ішла на Цэнтральным тэлебачанні), такой навіны не вытрымаў. Чарнічэнка ўзрушана ўстаў, бразнуў дзвярыма і паехаў. Ён быў лідарам конкурсу. А перамаглі беларусы...

- Фестываль "Аграсвет" ужо праходзіў у Беларусі. Гэта было ў 1996 годзе. Чаму ізноў міжнароднае тэлежурналісцкае братэрства вырашыла вярнуцца ў нашу краіну?
- Сапраўды, форум ладзіўся ўжо ў нас. У той час я звярнуўся да Адміністрацыі Прэзідэнта Республікі Беларусь і мне далі ўсе магчымасці, каб правесці фэст. Мы фестывалілі ў "Белавежскай пушчы", вазілі журналістаў па гаспадарках. Было амаль 120 удзельнікаў фестывалю з 30 тэлекампаній Еўропы. Пасля таго "Аграсвет" пабываў ужо ў Кішынёве, Варшаве, Кіеве, Львове, Чарнаўцах, Палтаве... Адным словам, форум набіраў абароты.
У гэтым годзе дзевятнаццаты фестываль выпаў гонар прымаць Беларусі. Чаму? Таму што рэдка ў якой краіне такая вялікая ўвага з боку дзяржавы надаецца сельскай гаспадарцы, як у нас. Не хачу нікога хаяць, але вы праедзьце па той жа Літве, Украіне. Колькі там зямлі стаіць незапатрабаванай! У нас жа няма ніводнага кавалачка зямлі пустога, будуюцца аграгарадкі. Калі будзе і зарплата больш прыстойная, то беларуская вёска ўвогуле, я лічу, ажыве.
Мне, напрыклад, як журналісту аграрнаму, было б цікава даведацца, чым жыве сельская гаспадарка Польшчы, Германіі. Мяне вельмі ўразіла паездка ў Кітай, калі мы былі на полі, дзе ішла ўборка рысу. Так жа і замежным журналістам. Ім будзе цікава, як у нас ідуць справы з зямлёй, як у нас пенсіянеры жывуць, як у нас маладых заахвочваюць, ці будуюцца ў нас нейкія новыя вытворчыя комплексы, сацыяльна-значныя аб'екты і гэтак далей.
Дэлегацыя журналістаў з замежжа сёлета складзе прыкладна 70 чалавек. Гэта тэлевізіёншчыкі з Кітая, Казахстана, Узбекістана, Арменіі, Грузіі, Расіі, Украіны, Латвіі, Малдовы, Балгарыі і Польшчы. Каб прадэманстраваць наш аграрны сектар, госці наведаюць гаспадаркі "Рудакова" Віцебскага раёна, "Восход" Магілёўскага раёна, конезавод і малаказавод у Мсціслаўскім раёне. Мы пабываем у розных куточках Магілёўшчыны і Віцебшчыны, у сядзібе Ільі Рэпіна ў Здраўнёве, што ў Віцебскім раёне, у доме-музеі Марка Шагала ў абласным цэнтры. Мяркую, нашы госці сапраўды адчуюць сельскагаспадарчы каларыт Беларусі.

- Дарэчы, аграрная тэма, як вы лічыце, на тэлебачанні краін свету - яна запатрабаваная?
- Бываю і ва Украіне, і ў Польшчы, бачу, як у Расіі, Латвіі, Малдове, Грузіі - усюды людзям вёскі надаюць вялікую ўвагу. У некаторых, як, напрыклад, ва Украіне, ёсць увогуле асобны канал - называецца "Сельская гадзіна". Да гэтага часу, а іменна да старту новага тэлесезона на Беларускім тэлебачанні выходзіла перадача "Гаспадар".

- Уладзімір Паўлавіч, ведаю, што падчас фестывалю "Аграсвет" пройдзе і творчы конкурс тэлепраграм на сельскую тэматыку. Ці ёсць заяўкі на ўдзел у творчым спаборніцтве?
- Іх ужо амаль восем дзясяткаў на дзесяць намінацый. Міжнароднаму журы, прадстаўнічаму і патрабавальнаму, думаю, прыйдзецца няпроста, таму што ў сярэднім у адной намінацыі сем-восем прэтэндэнтаў. Дарэчы, узначальвае журы першы намеснік генеральнага дырэктара НПЦ земляробства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар Міхаіл Кадыраў.
У гэтым годзе мы ўвялі новую, дзясятую, намінацыю - "Тэлефільм". Гэта крыху іншы жанр тэлежурналістыкі, чым праграма. Праграма робіцца "з калёс" і ў эфір, а тэлефільм можа здымацца і паўгода, і год, можа быць і дакументальным, і пастановачным.
А каб падзяліцца меркаваннямі наконт фэсту, напрыканцы яго ў чацвер, 4 кастрычніка, правядзём "круглы стол" "Роля СМІ ў асвятленні экалагічных тэм". Урачыстае закрыццё "Аграсвету-2012" адбудзецца ў Горацкай акадэміі.

- Ведаю, Уладзімір Паўлавіч, што Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія - гэта ваша другая альма-матар. Напэўна, удвая прыемней везці высокіх гасцей у Горкі?
- Канечне ж. У мяне ўвогуле два сельскагаспадарчыя дыпломы. Пасля школы я скончыў Столінскі тэхнікум, а пасля журфака БДУ пайшоў у Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію. Таму там усе сцежкі-дарожкі нагадваюць маладосць. Той бэз, што расцвітаў, у сэрца западае. Кожны візіт у Горкі - гэта вяртанне ў студэнцтва.

- А вы, калі ў прафесію прыйшлі, адразу вырашылі займацца аграрнай тэматыкай? Увогуле, тэма вёскі вам не надакучыла за 40 гадоў прафесійнай дзейнасці?
- Калі нешта шчыра любіш, ніколі не надакучыць. Згадзіцеся. Я з вёскай павянчаны назаўсёды, таму аграрная тэма для мяне - гэта не проста праца. Гэта маё жыццё. Як конь ідзе на вадапой, так і я. Прыйшоў да гэтай ракі і "п'ю" з аграрнай тэмы.
У мяне гэтая нітачка Арыядны - сувязь з зямлёю - ніколі не перарывалася. Мае бацькі калгаснікі. Бацька касіў, а потым на конях ездзіў, а маці жала. Я ад плуга, ад сахі не адарваўся, хаця сам са Століна. Гэта мястэчка, 10 тысяч жыхароў усяго. На бацькоўскай сядзібе я пабудаваў дом, які вокнамі глядзіць на раку Гарынь і на Украіну, там сёння застаўся бацькоўскі агарод, свой сад. Там думаю дажываць свой век.

- Сельскагаспадарчая тэма для журналіста - на аматара. Ці спрабуеце вы як выкладчык журфака БДУ прывіваць гэтую любоў сваім студэнтам?
- Калі ідзеш па вуліцы, і ідзе натоўп, раптам табе нехта запаў у сэрца. Так і аграрная тэма. Можа быть 150 студэнтаў, але калі хоць адзін з іх адчуе, што гэта яго - вось удача. Значыць, будзе каму справу працягваць. Сваімі студэнтамі, хоць яны і не працуюць у сельскагаспадарчай тэматыцы, я, дарэчы, ганаруся. Гэта Вольга Улевіч, Павел Фірсаў працуе ў АТН, кіруе дзіцячай рэдакцыяй Белтэлерадыёкампанii Алена Будрыцова.

- Дзякую за размову. І нагадаю чытачам, што "Белорусская нива" - інфармацыйны партнёр "Аграсвету-2012". Поспехаў нам усім!

Таццяна УСКОВА, "БН".