Кірыл Слука: "Са свайго вяселля я зраблю шоу і прадам на яго білеты"

17.10.2003
"Звязда", 17 кастрычніка 2003 г.


Чалавек бульдозернага тыпу", - гавораць пра яго калегі. "Занадта ён зорны хлопец, распешчаны поспехам", - такое нярэдка пачуеш у абывацельскім асяроддзі. Як ён лічыць сам, "КаСлука - гэта брэнд, маска, упакоўка - як хочаце. Мяне зрабілі... і зрабілі ўсё, што зараз ёсць у маім жыцці". 3 Кірылам я сустракалася неаднойчы, і скажу, што ён не з той кагорты людзей, якіх чытаеш, як раскрытую кнігу. Загадкавы і ў той жа час адкрыты, складаны і просты, свабодны ў сваіх жаданнях і залежны ад путаў шоу-бізнесу. Зрэшты, мяркуйце самі...

- Жыццё - гэта спіс спраў на сёння. Які сэнс ты ўкладваеш у гэтыя словы?

- Усё проста. Выконваеш заданні - атрымліваеш бонусы. Гэта як залатыя медалі ў спаборніцтве пад назвай "жыццё". Адчуванне асалоды ад таго, што цябе ўзнагародзілі за выкананую справу... Дзеля гэтага я і працую.

- Над чым, дарэчы? Што адбываецца ў тваёй музычнай біяграфіі пасля правалу дуэта "КаСлука дыКавалёў"?

- Зараз я - абсалютна незалежная кампанія. У мяне ўкладваюць столькі грошай, як ні ў аднаго беларускага выканаўцу. Але зараз работа на нейкі час прыпыненая. Я збіраю матэрыял. Для Слукі прашчупваюць глебу. Мне трэба яшчэ крышачку падрасці, каб выйсці на расійскі музычны рынак.

- Энергіі хапае і на ток-шоу "Аднакласнікі"?

- Так, мяне запрасілі ў якасці вядучага. А я займаюся тым, за што мне плацяць. Я вельмі рады, што ўдзельнічаю ў гэтым праекце, што запатрабаваны на сваім любімым БТ. Я проста ўлюбёны ў тэлебачанне. Але, што мяне па-сапраўднаму бударажыць, дык гэта рэклама. Я распрацоўваю гандлёвыя маркі. Якія? Па этычных меркаваннях не скажу.

- Эстрада, рэклама, радыё, тэлебачанне... Ці не зашмат? Станіслаў Ежы Лец пажартаваў бы: "Жыць шкодна. Ад гэтага паміраюць".

- Не люблю я гэтых разумнікаў. Жыць вельмі здорава. Жыццё я параўноўваю з гераінам. Я жыву па максімуму і, мабыць, памру ад перадазіроўкі штодзённага шчасця.

- Хіба бывае яно штодзённым, шчасце?

- Бывае, бывае. Сумаваць - смяротны грэх. Мне няма чаго журыцца. У мяне ўсё ёсць, і я адчуваю сябе камфортна. А дзесьці людзі галодныя, нехта жыве ў падвалах. Увогуле я ўсё ўспрымаю пазітыўна, мне нават падабаецца хамства. Люблю агрэсію ў мой бок, ва ўсякім разе, гэта сумленна. Для мяне шчасце - усё наваколле. Яно, як вада, у якую я кожны дзень закідваю сетку.

- Ты ўжо злавіў сваю залатую рыбку? Ходзяць чуткі, што ты жанаты і маеш дзіця.

- Гэта толькі чуткі. Я магу прачынацца з адной дзяўчынай, цалавацца з другой, праводзіць вечар з трэцяй...

- Дык што ж атрымліваецца: "Калі б я быў султан...?"

- Чаму б і не? Толькі, каб стаць маёй, жанчына павінна максімальна жыць, як я, каб энергія ў ёй віравала. Гатова жыць па майму раскладу - калі ласка. Калі не, то ёй на змену прыйдзе другая. Я да гэтага сур'ёзна не стаўлюся. Адзіная мая сур'ёзная любоў - мама.

- У такім разе цікава было б пачуць тваё стаўленне да шлюбу.

- Не люблю думаць пра такія рэчы. Для мяне ўсё ж такі шлюб - інструмент атрымання каханай, і больш нічога. У тым сэнсе, што "калі не жэнішся, то не буду тваёй". На сваё вяселле я прадам білеты і зраблю з яго шоу (мабыць, гэта жарт, але было сказана сур'ёзна. - Т.Я.). Я лічу ідэальнай парай Надзею Герасімчык і Яўгена Юранава, вядучых "Добрай раніцы, Беларусь!". Мару, каб ва ўсіх былі такія адносіны. Можа і мяне лёс узнагародзіць жонкай. Час ёсць - я ж толькі на пачатку жыццёвага шляху.

- Поспехаў табе, зайздросны жаніх! Між іншым, вельмі добра выглядаеш. У чым сакрэт "тваёй маладосці"?

- Дзякуй. Я люблю рабіць сабе падарункі. За чатыры месяцы скінуў 24 кг: гэта падарунак да "Славянскага базару". Ніякіх спецыяльных строгіх дыет, бо свайму арганізму не трэба адмаўляць. Мой рэцэпт - ва ўсім ведаць норму. Цяпер я яшчэ і курыць кінуў, і алкаголь не ўжываю. Люблю сябе і цаню сваё здароўе.

- Ад фанатак, мабыць, адбою няма?

- Шчыра? Я не ведаю, што такое фанаткі. Часцей сустракаеш такое, быццам народ спрабуе цябе прынізіць ці быццам цябе шкадуюць...

Гутарыла Таццяна ЯРАШУК.