Кім сталі нашы ўдзельнікі дзіцячага "Еўрабачання"

09.09.2016 "Звязда"

Сёлета Беларусь 14-ы раз прысутнічае на Міжнародным дзіцячым песенным конкурсе "Еўрабачанне". Літаральна днямі прадстаўнікі нашай краіны ўзялі ўдзел у арганізацыйнай нарадзе разам з тэлекампаніямі іншых краін - удзельніц конкурсу, дзе былі абвешчаны чарговыя змены ў фармаце музычнага форуму. Так, шоу канчаткова ператварылася з дзіцячага ў цінейджарскае: узроставыя межы для канкурсантаў звузіліся з 9 да 14 гадоў. Прытым для кожнага ўдзельніка дзіцячага "Еўрабачання-2016" прадугледжаны асобны настаўнік з ліку папярэдніх канкурсантаў, якія цягам тыдня будуць узмоцнена рыхтавацца да паспяховага выступлення. Таксама змяніўся з вячэрняга на дзённы час правядзення самога музычнага шоу.
Нарэшце, у гэтым годзе арганізатары цалкам выключылі з конкурсу глядацкае галасаванне, аддаўшы права выбару пераможцы нацыянальным журы: дзіцячаму і даросламу (па схеме 50/50).

Тым часам, як расказалі "Звяздзе" ў Белтэлерадыёкампаніі, распачалася падрыхтоўка сёлетняга прадстаўніка Беларусі на дзіцячым "Еўрабачанні-2016", што пройдзе 20 лістапада на Мальце. Для 13-гадовага Аляксандра Мінёнка, які стаў пераможцам нацыянальнага адбору з песняй "Музыка маіх перамог", настаў напружаны перыяд шматлікіх інтэрв'ю, канцэртных выступленняў і штодзённых рэпетыцый: спеўных - з педагогам па вакалу Таццянай Трухан і танцавальных - з дзіцячым ансамблем "Сенсацыя". Акрамя таго, у нядаўняй анлайн-канферэнцыі на сайце медыяхолдынга www.tvr.by Саша расказаў, што ў конкурснай песні "будуць некаторыя дабаўленні" і зменіцца аранжыроўка, а нумар з выкарыстаннем сігвеяў плануецца яшчэ больш ускладніць дзеля відовішчнасці. Зрэшты, падрыхтоўка працягваецца, і ўсіх сакрэтаў беларуская творчая каманда загадзя выдаваць не збіраецца.

Мы ж напярэдадні вялізнага музычнага шоу давайце прыгадаем, куды падзеліся і кім сталі ранейшыя найбольш яркія прадстаўнікі нашай краіны.

Першая

Музычнай "піянеркай" ад Беларусі стала 10-гадовая ўраджэнка Кобрына Вольга Сацюк, якая прыняла ўдзел у першым дзіцячым "Еўрабачанні" - конкурс прайшоў у 2003 годзе ў Капенгагене. Беларускамоўная песня "Танцуй" прынесла маленькай спявачцы 4-е месца з 16 магчымых - пагадзіцеся, для дэбюту вельмі нават няблага!

За 13 гадоў, што мінулі з таго часу, Воля вырасла і ў творчым, і ў самым звычайным сэнсе, скончыла Беларускі ўніверсітэт культуры і мастацтваў, шмат дзе спрабавала сябе на эстрадзе (напрыклад, пэўны час з'яўлялася салісткай у вядомым гурце "Краскі"), а таксама як мастачка, аўтарка песень і тэлевядучая. Цяпер Воля ў якасці дыпламаванай спецыялісткі працуе педагогам па вакале ў рок-школе Dіscovery, працягвае сур'ёзна займацца музыкай і не выключае свайго ўдзелу ў дарослым "Еўрабачанні". Зусім нядаўна, дарэчы, артыстка прэзентавала новы беларускамоўны музычны кліп "Анёл", зняты яшчэ адным экс-удзельнікам дзіцячага "Еўрабачання" Аляксеем Жыгалковічам.

Самыя паспяховыя

Ужо ў 2005 годзе здарылася першая, без перабольшання сенсацыйная, перамога Беларусі на дзіцячым "Еўрабачанні" - конкурсную сцэну лёгка заваявала ўраджэнка Мазыра, "цуд з хвосцікамі" 10-гадовая Ксенія Сітнік. Немудрагелісты прыпеў з трох гукаў "О-а-о" яе песні "Мы разам" гучаў тады, шчыра кажучы, літаральна з кожнага праса, а правінцыйная юная артыстка вокамгненна стала больш папулярнай, чым некаторыя дарослыя калегі-выканаўцы з вялікім стажам.

За мінулыя гады Ксенія выпусціла два сольныя альбомы і некалькі кліпаў, знялася ў мюзікле, была вядучай асобнай тэлепраграмы - дзіцячага хіт-парада. Акрамя таго, дзяўчына на "выдатна" скончыла сталічную гімназію, вучылася ў Оксфардзе, праходзіла стажыроўку ў Іспаніі і нарэшце паступіла ў міжнародны інстытут у Празе - дзе, між іншым, атрымлівае прафесію журналіста, каб умець не толькі бліскуча раздаваць інтэрв'ю, але і браць іх. "Чыстым" вакалам дзяўчына сёння не займаецца, але намякае, што ёсць пэўныя планы рэалізацыі ў гэтым кірунку.

У 2007 годзе Беларусь зноў гучна заявіла аб сабе ў Ратэрдаме - дзякуючы Аляксею Жыгалковічу і яго перамозе "З сябрамі" (менавіта так называлася конкурсная песня для дзіцячага "Еўрабачання").

Праз пэўны час Аляксей перажыў ломку голасу, перахварэў на падлеткавую "зорнасць", наогул пасталеў і адышоў ад музыкі, выбраўшы іншую творчую прафесію - рэжысёрскую. Хлопец вучыцца ў Акадэміі мастацтваў менавіта па гэтай спецыяльнасці - і паралельна шмат практыкуецца: здымае кліпы, камерцыйныя ролікі і нават свой кароткаметражны фільм "Патрыманы аўтамабіль". Больш за тое, малады чалавек адкрыў уласную відэастудыю AZ Vіdeo, якая за некалькі гадоў назапасіла значнае партфоліа.

Эпатажны

2009 год. Звыклае цячэнне нацыянальнага беларускага адбору на дзіцячае "Еўрабачанне" літаральна ўзарваў худзенькі ўсмешлівы бялявы хлопчык - 12-гадовы Юра Дземідовіч з незвычайнай песняй "Чароўны трусік". Рэакцыя гледачоў была неадназначнай і надзвычай бурнай: у музычным заклінанні "Эціс, аціс, анімаціс" адны ўгледзелі сувязь з "Алісай у краіне цудаў" і ўсяляк захапляліся таленавітым хлопцам, другія ж убачылі хіба не акультны рытуал і жорстка крытыкавалі юнага выканаўцу... На міжнародным конкурсе ў выніку Юра Дземідовіч заняў 9 месца, але назаўжды застаўся ў гісторыі дзіцячага "Еўрабачання" як адзін з самых яркіх і папулярных удзельнікаў: на песню пра чароўнага трусіка, які "малюе крэйдай нолік" і "па маме сумуе", рабіліся неверагодныя аранжыроўкі, нумар шмат парадыравалі, здымалі і малявалі коміксы, а самога Юру запрашалі выступаць у Маскве і ўгаворвалі развівацца ў жанры музычнага эпатажу далей.

Але хлопец, хоць і выпусціў у 2010 годзе дыск "Хто б вы думалі?!", павёў сябе больш разумна за некаторых дарослых: убачыўшы неадэкватную рэакцыю многіх слухачоў, Юра афіцыйна абвясціў аб адмове ад выканання нашумелай песні, таксама забракаваў і здымкі ў беларускім фільме жахаў "Масакра" і ўвогуле зрабіў працяглую сцэнічную паўзу, звязаную з мутацыяй голасу. Сёлета Юру споўніцца 20 гадоў. Ён скончыў гімназію-каледж пры Акадэміі музыкі (аддзяленне харавога дырыжыравання), паступіў у Маскоўскую кансерваторыю імя Чайкоўскага і, адпаведна, апошнія два гады жыве ў Маскве, дзе шчыльна займаецца любімай музыкай.

Пачэсны

Даніілу Казлову, самаму малодшаму і, бадай, самаму творчаму сыну са шматдзетнай сям'і з Жабінкі, выпала няпростая місія. Ён не толькі прадстаўляў нашу краіну на музычным конкурсе 2010 года, але выступіў своеасаблівым сімвалам Беларусі як вельмі адкрытай, дружалюбнай, адначасова ўтульнай і ў той жа час неабсяжнай краіны з адметнымі культурнымі традыцыямі. Справа ў тым, што менавіта ў 2010 годзе конкурс праходзіў у беларускай сталіцы і, па водгуках еўрапейскіх арганізатараў, стаў адным з самых якасных і "фантастычных шоу". Данііл справіўся і з роляй гасціннага гаспадара, і з роляй канкурсанта, заняўшы выніковае 5-е месца.

У 2011 годзе юнак выпусціў дэбютны альбом хрысціянскай музыкі "Напачатку..." і прадоўжыў развівацца ў выбранай сферы. Сёння Данііл вучыцца ў Беларускім музычным каледжы імя Шырмы, шмат выступае, запісвае новыя песні і ўдзельнічае ў разнастайных музычных праектах.

Даведка "Звязды"

У рэйтынгу краін - удзельніц дзіцячага "Еўрабачання" Беларусь - безумоўная лідарка. На рахунку нашых артыстаў два першыя, адно другое і два трэція месцы.

Акрамя Беларусі, двойчы перамагалі на "Еўрабачанні" прадстаўнікі Мальты і Грузіі. Дарэчы, Мальта летась паставіла рэкорд па колькасці набраных балаў - 185.

З моманту заснавання дзіцячага конкурсу ўдзел у ім у розны час прымалі 37 краін.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.