Iлья Волкаў, наш прадстаўнiк на дзiцячым "Еўрабачаннi": "Нават паўдзельнiчаць у такiм конкурсе - гэта перамога"

31.10.2013
"Звязда", 31 кастрычніка 2013 г.

 
Ён на сцэне з трох гадоў. Ужо ў дзiцячым садку спяваў, iграў розных персанажаў... Цяпер яму адзiнаццаць. За плячыма юнага артыста ўдзел у такiх конкурсах, як "Новы рух" (першае месца), "Кубак Еўропы" (другое месца) i паўфiнал "Новай дзiцячай хвалi". А зусiм хутка Iлья Волкаў... вось ужо другi раз выступiць на сцэне дзiцячага "Еўрабачання". Летась ён быў удзельнiкам танцавальнай групы Ягора Жэшкi, а на гэты раз прадставiць песню ўласнага сачынення. Пра падрыхтоўку да конкурсу, свае захапленнi i мары мы даведалiся ад самога Iльi.

- Раскажы, як праходзiць падрыхтоўка да фiнальнага конкурсу?
- Зараз мы дапрацоўваем нумар, выбiраем касцюмы. Якiмi яны будуць - пакуль што вырашаем. Таксама працуем над вакалам i харэаграфiяй. Зрабiлi ўжо новую аранжыроўку.

- Настроены на перамогу?
- Нават магчымасць паўдзельнiчаць у такiм конкурсе - гэта перамога. Безумоўна, мне хочацца выступiць як мага лепш. Я веру ў сваю перамогу.

- Як уплывае "Еўрабачанне" на тых, хто ў iм удзельнiчае?
- На мой погляд, дзецi застаюцца дзецьмi. Безумоўна, калi не пачынае праяўляцца "зорная" хвароба. Спадзяюся, што яе няма i не будзе ў маiх знаёмых. Асабiста мне конкурс дапамог стаць больш упэўненым у сваiх сiлах i больш мэтанакiраваным.

- Цi лёгка паразумецца з канкурсантамi, калi не валодаеш англiйскай мовай?
- Мы размаўляем пры дапамозе мiмiкi, жэстаў. Ну, вы разумееце! Летась у мяне так было з хлопчыкам з Грузii. Ён не ведаў нi рускай, нi англiйскай мовы, але мы разумелi адзiн аднаго.

- Якiя ўражаннi засталiся ад паездкi ў Амстэрдам?
- Што тычыцца конкурсу, было шмат рэпетыцый. Удавалася i адпачываць. Мы наведалi музей, дзе я ўбачыў многа новага i цiкавага, што звязана з вопытамi i навуковымi эксперыментамi. Хацеў бы яшчэ раз там пабываць. Я люблю вандраваць. Калi б мог, то падарожнiчаў бы ўсё жыццё.

- А свой першы палёт на самалёце памятаеш?
- Гэта было неверагодна! Асаблiва, калi мы ляцелi праз аблокi. Я тады даведаўся, што яны маюць некалькi слаёў. А калi наш самалёт ужо спускаўся ўнiз, то закладвала вушы. Зараз ужо не баюся лятаць.

- Чым ты цiкавiшся, акрамя музыкi?
- Я прафесiйна займаюся спартыўна-бальнымi танцамi. Сёлета перамог у першынстве i на чэмпiянаце Беларусi ў праграме Standard. Быў час, калi хадзiў у басейн, але зараз на яго не хапае часу, таму перастаў займацца плаваннем. Люблю слухаць музыку, гуляць з сябрамi ў футбол, чытаю энцыклапедыi, найперш шукаю ў iх нешта пра космас.

- I што новага даведаўся па гэтай тэме?
- Я адкрыў для сябе, што космас - вельмi вялiкi. Вучонымi даследавана ўжо шмат, але наперадзе яшчэ многа адкрыццяў. Больш за ўсё ў гэтай тэме прываблiвае касмiчная таямнiчасць.

- Ты любiў слухаць казкi перад сном?
- Вельмi! Калi тата чытаў мне перад сном "Ката ў ботах" цi нейкую iншую казку, то хацелася быць такiм жа адважным, як героi гэтых гiсторый.

- А зараз на каго хацелася б быць падобным?
- Мяне заўсёды ўражваюць героi комiксаў i фiльмаў. Але часам думаю, што калi ўсе людзi былi б такiмi, то нават складана ўявiць, якiм было б наша жыццё. Аднак у героях падабаецца не толькi адвага, але i iх дабрыня, гатоўнасць прыйсцi ў любы момант на дапамогу, а таксама тое, што яны не здраджваюць.

- Твае сябры - таксама такiя?
- Так, у сваiх сябрах я цаню дабрыню i адданасць. Вельмi важна, што мы не крыўдзiм адзiн аднаго. Кажуць, у сяброў павiнны быць агульныя iнтарэсы, а я з гэтым не зусiм згодны. Лiчу, што галоўнае - каб нам было пра што пагаварыць i каб з iмi было цiкава.

- А твая сястра Каця з'яўляецца для цябе ў нечым прыкладам?
- З сястрой мы сябры i заўсёды падтрымлiваем адно аднаго. У Кацi мне падабаецца яе настойлiвасць i стараннасць. Вось, напрыклад, яна iграе, як i я - на фартэпiяна, але часам няма жадання практыкавацца. Каця ўсё роўна садзiцца i займаецца амаль што "да страты пульсу". I гэтаму я ў яе вучуся.

- Пра што ты марыш?
- Да паступлення ў гiмназiю-каледж мастацтваў iмя Ахрэмчыка я марыў стаць вялiкiм дырыжорам. А цяпер хачу стаць знакамiтым спеваком i танцорам.

- Ты неяк сказаў, што калi танцуеш на сцэне, то не хвалюешся, а выконваючы песнi, адчуваеш хваляванне. Чаму?
- Прычына ў тым, што ў танцах я фiзiчна больш натрэнiраваны. Валоданне вакалам у мяне таксама добрае, але ў танцах я больш старанны. Калi спяваеш на сцэне, то трэба паказаць сябе i свае эмоцыi, а ў танцы - у першую чаргу тэхнiку. Аднак i там i там ствараеш настрой i перадаеш пачуццi.

- Якiя танцавальныя стылi табе падабаюцца?
- Спартыўна-бальныя танцы, хiп-хоп. Я iмi займаюся прафесiйна. Магчыма, з часам абяру нейкi адзiн кiрунак. Але яшчэ не думаў пра гэта. Жыццё пакажа.

- Дома ты таксама любiш спяваць i танцаваць цi адпачываеш?
- Для мяне танцы - лепшы адпачынак.

- Скажы, калi ты вырасцеш i твае мары спраўдзяцца, што ты зробiш для бацькоў?
- Мае мацi i бацька вельмi любяць мяне i падтрымлiваюць. Калi б не такое iх стаўленне, то я не займаўся б тым, што мне цiкава. А дзякуючы бацькам я ўсё гэта маю. Таму з дзяцiнства мару купiць iм дом дзе-небудзь у цёплых краiнах цi ў Мiнску. А я буду прыязджаць да iх у госцi.

Алена ДРАПКО.