Гульня па новых правілах

05.02.2008
"Звязда", 5 лютага 2008 г.


Днямi ў Бялградзе адбылася жараб’ёўка краiн - удзельнiц Мiжнароднага конкурсу песнi "Еўрабачанне-2008". Праўда, парадкавыя нумары выступленняў канкурсантаў пакуль не вызначылiся: адбыўся толькi падзел на паўфiналы, якiх з гэтага года, паводле новых правiлаў, будзе два.
Сёлетнi конкурс паставiў чарговы рэкорд - 43 удзельнiкi, з якiх Азербайджан i Сан-Марына - дэбютанты. У фiнале "Еўрабачання" аўтаматычна апынулiся толькi леташнi пераможца i сёлетнi арганiзатар - Сербiя, i краiны так званай "вялiкай чацвёркi", якiя ў найбольшай ступенi вызначаюць бюджэт конкурсу - Францыя, Германiя, Іспанiя i Вялiкабрытанiя. Гэтаксама фiналiсты, заўважым, падзялiлi памiж сабой трансляцыi паўфiналаў, якiя адбудуцца 20 i 22 мая адпаведна.
Астатнiя 38 краiн-удзельнiц былi падзеленыя арганiзатарамi на дзве падгрупы, зыходзячы з геаграфiчнага прынцыпу, а таксама ўлiчваючы вынiкi глядацкага галасавання, пачынаючы з 2004 года. Такiм чынам у першы паўфiнал трапiлi Азербайджан, Андора, Арменiя, Бельгiя, Боснiя i Герцагавiна, Грэцыя, Iзраiль, Iрландыя, Малдова, Нiдэрланды, Нарвегiя, Польшча, Расiя, Румынiя, Сан-Марына, Славенiя, Фiнляндыя, Чарнагорыя i Эстонiя. Беларусь апынулася ў другiм паўфiнале разам з Албанiяй, Балгарыяй, Венгрыяй, Грузiяй, Данiяй, Iсландыяй, Кiпрам, Латвiяй, Лiтвой, Македонiяй, Мальтай, Партугалiяй, Турцыяй, Украiнай, Харватыяй, Чэхiяй, Швейцарыяй i Швецыяй. Галасаваць кожная краiна зможа толькi за 18 удзельнiкаў таго паўфiналу, у якi трапiла сама. Заўважым, прадстаўнiк Беларусi Руслан Аляхно паспеў ужо наведаць з прома-турам Чарнагорыю (якая, паводле правiлаў, не зможа галасаваць за нашу краiну), а надалей маршрут пройдзе праз Лiтву i Македонiю - ужо з "нашай" падгрупы. Цi стануць выступленнi прома-туру дадатковым станоўчым фактарам на выхад Руслана з песняй "Hаstа lа Vistа" ў фiнал "Еўрабачання", што адбудзецца 24 мая - пакуль што рана загадваць.
Чарговасць выступленняў канкурсантаў у паўфiналах, як паведамляе прэс-служба Белтэлерадыёкампанii, будзе вызначацца толькi ў сакавiку - падчас сустрэчы кiраўнiкоў дэлегацый краiн-удзельнiц у Бялградзе. Але ўжо цяпер вядома, напрыклад, што спонсарская падтрымка на трансляцыю конкурсу ў Беларусi будзе дастаткова сур’ёзнай - правы на яе атрымаў, у прыватнасцi, "Прiорбанк".

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.