Гучыць "Сталіца"!

15.03.2013
"Звязда", 15 сакавіка 2013 г.


Сёння мы працягваем знаёмства з праектамі сезона 2012-2013??гг. на радыёстанцыі "Сталіца", якія выходзяць на ультракароткіх хвалях, па правадной сетцы, а таксама на хвалях Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё ў FM-дыяпазоне.
Героі праграмы "Землякі", якая выходзіць у эфір у 18.45 па суботах - нашы суайчыннікі, неардынарныя і таленавітыя. Пераканацца ў гэтым цікава як ім самім, так і людзям, якія жывуць побач. Вядома, кожны чалавек - гэта асоба. У кожнага свой характар і свае прывычкі. Аднолькавых людзей проста не бывае. Нават калі на першы погляд здаецца, што хтосьці нічым асаблівым не вызначаецца, потым абавязкова высветліцца, што гэта не так. У кожнага з нас можна чамусьці павучыцца - ці то кемлівасці, ці то працавітасці, ці то аптымізму. У адных багаты жыццёвы вопыт, у іншых столькі непасрэднасці і прыроднай годнасці, што часам дзівішся.
Кожны панядзелак у 18.45 у эфіры радыёстанцыі "Сталіца" гучыць аўтарская праграма Ігара Емельяновіча "Мая Міншчына". Вядучы раскажа аб развіцці вытворчых і сацыяльных сфер у Мінскай вобласці, яе сельскіх населеных пунктах, малых і сярэдніх гарадскіх пасёлках, мадэрнізацыі і тэхнічным перааснашчэнні сельгаспрадпрыемстваў, жывёлагадоўчых фермаў, забеспячэнні занятасці насельніцтва, прадставіць канкрэтныя прыклады рэалізацыі інвестыцыйных праектаў, перадавой працы структурных падраздзяленняў сацыяльна-эканамічнага кірунку рэгіёна.
Кожны аўторак у 18.45 накіроўваемся ў падарожжа разам з Аленай Лычагінай у праграме "Сталічная экспедыцыя". Вядучая пазнаёміць слухачоў з жыццём цікавых людзей у розных кутках нашай зямлі - у вялікіх гарадах і зусім маленькіх вёсках, адкрые сакрэты беларускай глыбінкі. Зазірне ў мінулае і даведаецца пра клопаты і здабыткі сённяшняга дня.

Больш падрабязна з праграмамі можна пазнаёміцца на старонцы ў інтэрнэце www.stаlіса.tvr.bу