Голас за кадрам

05.09.2014
"Звязда", 5 верасня 2014 г.

 
Вы ведаеце, што такое буліт, пайменна памятаеце склад "БАТЭ" і можаце назваць асноўныя дысцыпліны біятлона? Тады ў вас ёсць усе шанцы стаць новым спартыўным журналістам ці каментатарам!
Днямі тэлеканал "Беларусь 5" аб'явіў аб пачатку правядзення кастынгу спартыўных журналістаў і каментатараў. Запрашаюцца мэтанакіраваныя, таленавітыя, харызматычныя людзі, якія ведаюць спартыўную тэматыку і любяць яе. Прыём заявак працягнецца да 21 верасня 2014 года.
Як зазначаюць арганізатары, пошук новых талентаў абумоўлены не толькі кадравай палітыкай. Пасля першага кастынгу засталіся людзі, якія па розных прычынах не паспелі заявіць пра сябе, таму цяпер у іх з'яўляецца выдатная магчымасць скарыстацца дадатковым шанцам.
- Мы будзем праводзіць гэтыя кастынгі, хутчэй за ўсё, рэгулярна. Бо шукаем менавіта тых, хто захапляецца спортам і хто хацеў бы працаваць у спартыўнай журналістыцы. Пасля правядзення першага кастынгу, перад адкрыццём тэлеканала, мы здабылі добры вопыт, знайшлі пяць кандыдатаў, трое з якіх ужо працуюць у нас у дырэкцыі - Рабянкова, Татур і Запольская. Глядзім на гэтых людзей і бачым, як яны развіваюцца, назіраем іх цікавасць да справы,?- тлумачыць сітуацыю дырэктар тэлеканала "Беларусь 5" Павел Булацкі.?- Акрамя гэтага, у Інстытуце журналістыкі адкрылі новую спецыяльнасць "Спартыўная журналістыка". І мы зацікаўлены ў тым, каб садзейнічаць развіццю гэтага кірунку. Бяром пачаткоўцаў і робім з іх паўнавартасных спартыўных журналістаў. Такім чынам мы амалоджваем склад канала. Наша пазіцыя ў тым, што будучыня - за маладымі.
Асноўныя патрабаванні да прэтэндэнтаў: веданне спорту, добрая дыкцыя, граматная мова і ўменне імправізаваць. Удзельнікі конкурсу павінны даслаць сваё рэзюмэ і матэрыялы (артыкулы, сюжэты) на папяровым носьбіце ці DVD-дыску, а тыя, хто мае жаданне паспрабаваць свае сілы ў конкурсе каментатараў, дасылаюць арганізатарам DVD-дыск з пробным запісам каментарыя спартыўнага спаборніцтва працягласцю не больш за 30 хвілін. Усе матэрыялы трэба адправіць на адрас: 220807, г. Мінск, вул. Макаёнка, 9, ці на электронную пошту: sport@tvr.by, пазначыўшы "Кастынг спартыўных журналістаў" ці "Кастынг каментатараў".
Падчас фінальнага тэсціравання ўдзельнікі конкурсу атрымаюць запрашэнне ў студыю Белтэлерадыёкампаніі, а пераможцы будуць мець магчымасць працаўладкавання на тэлеканале "Беларусь 5".

Алена ДРАПКО.