Глядзіце сёння ўвечары

06.05.2014
"Звязда", 6 мая 2014 г.

 
Ад дзетак-панкаў да барадатай жанчыны: знаёмімся з канкурсантамі.
Учора ў Капенгагене афіцыйна адкрыўся 59-ы міжнародны конкурс песні "Еўрабачанне". Удзел у ім бяруць артысты з 37 краін, сярод якіх, на жаль, мы не ўбачым галасістых прадстаўнікоў Балканаў - Сербіі, Харватыі, Босніі і Герцагавіны, а таксама Кіпра і Турцыі. З іншага боку, пасля невялікай паўзы на конкурс вярнуліся Польшча і Партугалія. Сёння ўвечары адбудзецца першы паўфінал "Еўрабачання", у якім выступаюць 16 краін: Арменія, Латвія, Эстонія, Швецыя, Ісландыя, Албанія, Расія, Азербайджан, Украіна, Бельгія, Малдавія, Сан-Марына, Партугалія, Нідэрланды, Чарнагорыя, Венгрыя, а галасуюць таксама Іспанія, Францыя і Данія. Мы ж прапануем у чаканні тэлетрансляцыі бліжэй пазнаёміцца - зразумела, не з усімі, але з некаторымі найбольш яркімі ўдзельнікамі гэтага шоу.

Самыя падобныя

Ажно дзве пары блізнят удзельнічаюць у сёлетнім песенным спаборніцтве. Адных - сясцёр Насцю і Машу Талмачовых, якія прадстаўляюць Расію, мы ўбачым ужо сёння ўвечары, другіх - французаў Ларана Ідзіра і Франсуа Джамеля - сустрэнем у складзе гурта "Twіn Twіn" 10 мая ўжо ў фінале. Праўда, калі дзяўчаты ўсяляк дэманструюць і падкрэсліваюць сваё падабенства, то па знешнім выглядзе хлопцаў, наадварот, не адразу здагадаешся, што яны браты.
17-гадовых сясцёр Талмачовых аматары "Еўрабачання" ўжо добра ведаюць: у 2006 годзе дзяўчаты выйгралі дзіцячы конкурс, а цяпер, перасягнуўшы мінімальную ўзроставую планку дарослага, спрабуюць свае сілы зноў. Дарэчы, конкурсную песню "Shіne" для блізнят напісаў - хто б сумняваўся - Філіп Кіркораў, які неаднаразова прызнаваўся, што вірус "Еўрабачання" ў яго ў крыві.

Самыя ідэйныя

Барадатая жанчына з Аўстрыі Канчыта Вурст у непадрыхтаванай публікі выклікае, мякка кажучы, культурны шок. Але, аказваецца, эпатаж - не галоўная задача артыста (ці ўсё ж артысткі?), які пайшоў па слядах Даны Іnternatіonal. На "Еўрабачанне" Канчыта прыехала з канкрэтнай місіяй - змагацца з забабонамі. Яна заклікае ацэньваць кожнага чалавека не па вонкавай абалонцы, а па тым, які ён знутры.
Паважаць адметнасць іншых - такая ідэя закладзена і ў песні прадстаўнікоў Ісландыі. Гурт "Pollaponk" (даслоўна - "Малышы, якія іграюць панк") складаецца з чатырох брутальных барадатых мужчын, якія носяць рознакаляровыя касцюмы і падкрэсліваюць, што насамрэч вельмі добрыя і пушыстыя знутры. Кожны з іх жанаты і выхоўвае як мінімум двое дзетак. Больш за тое, двое ўдзельнікаў - прафесійныя дашкольныя педагогі, а яшчэ адзін - дэпутат парламента. Таму і песня іх - пра хлопчыка, які заікаецца і таму мае праблемы ў стасунках з навакольнымі - скіравана супраць здзекаў і прадузятасцяў любога кшталту.

Самая ўпартая

Якое б месца ні заняла прадстаўніца Сан-Марына Валянціна Манета, яна ўжо ўвайшла ў гісторыю "Еўрабачання" як адна з чатырох артыстаў, якія тройчы запар (!) спрабавалі шчасця на конкурсе. У 2012-м спявачка заняла 14-е месца ў паўфінале, летась стала 11-й, паказаўшы лепшы ў гісторыі краіны вынік (пры тым міжнародная арганізацыя фан-клубаў "Еўрабачання" ОГАЕ аддала ёй 2-е месца пасля пераможцы). Калі гэтая тэндэнцыя захаваецца, сёлета Валянціна можа, нарэшце, прабіцца ў фінал.
Раней падобную мэтанакіраванасць дэманстравалі таксама Ліз Асія (Швейцарыя, 1956-1958, перамагла ў самым першым "Еўрабачанні"), Коры Брокен (Нідэрланды, 1956-1958, перамагла з другой спробы) і Уда Юргенс (Аўстрыя, 1964-1966, перамог у конкурсе 1966 года).

Самыя прадказальныя

Фаварытам гэтага года ў букмекераў з'яўляецца прадстаўнік Арменіі - комік, спявак, акцёр і шоўмен Арам mp3, ён жа Арам Саркісян, цёзка па прозвішчы сусветна вядомай спявачкі Шэр. На суд публікі Арам прадставіць не што іншае, як лірычную баладу... з элементамі дабстэп. Стаўкі на перамогу фармацэўта, які спявае (менавіта такі дыплом мае за плячыма артыст), адна з вядучых букмекерскіх кантор, брытанская Wіllіam Hіll, прымае з каэфіцыентам 3.0 - гэта значыць, верагоднасць выйгрышу Арменіі ацэньваецца ў больш як 30%.
А вось на думку фанацкай суполкі і прафесійных аглядальнікаў "Еўрабачання", найбольшыя шанцы на перамогу ў конкурсе сёлета мае артыст з Венгрыі, 29-гадовы Андраш Калаі-Сондэрс. Яго конкурсная кампазіцыя "Runnіng" ("Бегчы") прысвечаная праблеме дамашняга насілля і напісана паводле гісторыі блізкай сяброўкі, якая ў дзяцінстве перажыла гэта, а сцэнічная пастаноўка выглядае, як адзначаюць крытыкі, "лаканічна, але напружана і моцна".
Ужо сёння ўвечары вызначыцца, хто трапіць у першую шчаслівую дзясятку фіналістаў. А праз пару дзён, 8 мая, будзем "трымаць кулакі" за свайго ўдзельніка. Тэа, якога на конкурсе ахрысцілі "містарам Чызкейк", выйдзе на сцэну пад нумарам 10. Пакуль што, як адзначаюць удзельнікі беларускай дэлегацыі, усё ідзе добра, рэпетыцыямі на конкурснай сцэне артыст і педагогі па вакале задаволены, а паміж выступленнямі і інтэрв'ю ў спевака нават застаецца крыху часу на экскурсіі і адпачынак. Больш падрабязна пра закуліссе конкурсу, дарэчы, можна даведацца ад самога артыста: на сайце Белтэлерадыёкампаніі www.tvr.by ён вядзе афіцыйны анлайн-дзённік.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.