Глядзіце і слухайце

02.07.2015

"Звязда"

Святочныя сюрпрызы ад Белтэлерадыёкампаніі.

Да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь тэле- і радыёканалы медыяхолдынга рыхтуюцьпрамыя трансляцыі з урачыстых мерапрыемстваў, тэматычны паказ мастацкіх ідакументальных фільмаў, канцэртныя праграмы. 3 ліпеня ў 10.00 "Беларусь 1", "Беларусь 2", "Беларусь 3" і "Беларусь 24" пачнуць прамуютрансляцыю цырымоніі ўрачыстага ўскладання вянкоў да манумента Перамогі.

Тэматычны кінапаказ на "Беларусь 1" прадстаўлены гераічнай драмай "Брэсцкая крэпасць" (07.20) і вядомай кінааповесцю "У бой ідуць адны старыя" (10.40).

У дзённым эфіры (12.25) гледачоў чакае прэм‘ера чатырохсерыйнага прыгодніцкага серыяла«Аперацыя «Тайфун». Заданні асаблівай важнасці» (Расія, 2013). У 16.10 яшчэ адна прэм’ера -меладрама «Чатыры пары лета 1» і «Чатыры пары лета 2» (Расія, 2012).

Тэлеканал "Беларусь 2" у ранішнім эфіры 3 ліпеня пакажа карціну з залатога фонду савецкай ваеннай кінакласікі - драму Георгія Чухрая "Балада пра салдата" (СССР, 1959), а таксама чатырохсерыйны ваенна-прыгодніцкі серыял "Прывітанне ад "Кацюшы" (Расія, 2013). У 13.45гледачы ўбачаць ваенна-прыгодніцкі серыял "Тры дні лейтэнанта Краўцова" (Украіна, 2011). А ў 17.20 на "Беларусь 2" - прэм’ера чатырохсерыйнага ваеннага дэтэктыва "Снег і попел" (Расія, 2015). У вячэрнім святочным эфіры тэлеканал пакажа ваенна-драматычны серыял "Ладага" (Расія, 2014).

Адсвяткаваць Дзень Незалежнасці разам прапануе і тэлеканал "Беларусь 3". У 10.40 гледачы ўбачаць гала-канцэрт XVІІІ тэлевізійнага фестывалю армейскай песні "Звязда" (Белтэлерадыёкампанія, 2015).

У 12.20 усе ахвотныя змогуць здзейсніць экскурс у беларускую гісторыю. Адзін з самых вядомых праектаў беларускіх аніматараў "Аповесць мінулых гадоў" (Беларусьфільм, 2012) раскажа пра гісторыю гербаў беларускіх гарадоў. Стваральнікі здзейсняць падарожжа па ўсёй краіне і раскажуць пра геральдыку не толькі буйных, але і самых невялікіх мястэчак нашай краіны.

У 15.15 на тэлеканале адбудзецца прэм’ера фолк-оперы «Адвечная песня»(Белтэлерадыёкампанія, 2015) па матывах вядомага твора Янкі Купалы. З 2002 яна ідзе на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, а ў лютым 2015 адбылася прэм’ера абноўленай версіі. У 21.00 гледачоў чакае сустрэча з ансамблем "Бяседа" пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Леаніда Захлеўнага. Калектыў прадставіць праграму "Запрашаем на "Бяседу"!"(Белтэлерадыёкампанія, 2015).

Тэматычны эфір, прысвечаны Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 71-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, таксама адбудзецца на каналах і станцыях Беларускага радыё.

Першы нацыянальны канал працягне эфірную акцыю "Тыдзень Памяці": у праграме "Тэатр Беларускага радыё" гучаць радыёспектаклі, прысвечаныя подзвігу народа ў барацьбе з фашызмам. 3 ліпеня будзе праведзены тэматычны радыёдзень "Дзень Незалежнасці", у рамках якога нас чакаюць прамыя радыёрэпартажы з цырымоніі ўскладання вянкоў да манумента Перамогі ў Мінску. У інфармацыйных выпусках запланаваны прамыя ўключэнні ўласных карэспандэнтаў з абласцей Беларусі, якія раскажуць пра тое, як адзначаецца свята ў розных рэгіёнах краіны.

У эфіры радыё "Культура" можна будзе пачуць выбраныя творы з кнігі ўспамінаў "Ніколі не забудзем: унукі пра вайну", а таксама святочныя канцэрты, прысвечаныя Дню Незалежнасці.