Гледачы тэлеканала "Беларусь 2" змогуць вывучаць "Азбуку смаку"

05.06.2015

"Звязда"

Заўтра, 6 чэрвеня, адбудзецца прэм’ера пазнавальна-забаўляльнай праграмы "Азбука смаку", дзякуючы якой дзеці любога ўзросту змогуць навучыцца правільна гатаваць карысную ежу. Цяпер гэты працэс стане сапраўдным святам.

"Азбука смаку" - гэта новая кулінарная пазнавальна-забаўляльная праграма для ўсёй сям’і, дзе гарманічна аб’яднаюцца карысць, задавальненне і цікавае баўленне часу. Кожны выпуск будзе ўяўляць з сябе практычны і даступны майстар-клас ад прафесійнага шэф-кухара. А вучнямі на кухні будуць юныя кулінары. Упершыню на беларускіх тэлеканалах з’явіцца праект уласнай вытворчасці, дзе галоўнымі ўдзельнікамі стануць дзеці і падлеткі.

Як адзначаюць аўтары праекта, "Азбука смаку" будзе садзейнічаць развіццю культуры харчавання ў нашай краіне, а таксама падказваць дарослым, як прывіць любоў да здаровай і карыснай ежы падрастаючаму пакаленню, навучыўшы яго гатаваць.

Юных тэлегледачоў і іх бацькоў чакае захапляльнае падарожжа ў свет кулінарыі, дзе яны змогуць адкрыць шмат цікавых фактаў, пашырыць свае веды пра разнастайнасць ежы, пазнаёміцца з кухнямі розных народаў і з іх экзатычнымі стравамі.

- Праект цікавы перш за ўсё таму, што ў ім задзейнічаны дзеці. Яны, па сутнасці, галоўныя дзейныя асобы. І будуць кожную суботу вучыцца гатаваць. У нас усё пабудавана ў фармаце гульні, дзе ўдзельнікі дзвюх каманд будуць спаборнічаць, спасцігаючы азы прыгатавання страў, адказваць на пытанні і атрымліваць за гэта балы (печыва). А потым мы будзем расказваць дарослым пра тое, што не варта баяцца пускаць сваё дзіця на кухню. Бо калі працэс пазнання пабудаваць як забаву, то можна не толькі правесці час са сваімі дзеткамі, але і прыгатаваць з імі нешта смачненькае, - расказаў пра "Азбуку смаку" вядучы Ілья Конанаў. - Я зацікавіўся гэтым праектам, бо, па-першае, шчыра прызнаюся, я не ўмею гатаваць, таму буду спасцігаць сакрэты кухні разам з нашымі ўдзельнікамі, а па-другое, мне было цікава, ці змагу я знайсці агульную мову з дзецьмі. Наколькі мне ўсё гэта ўдасца, змогуць ацаніць гледачы тэлеканала "Беларусь 2".

Вядучыя праекта Андрэй Бібікаў і Ілья Конанаў будуць імкнуцца ператварыць кожны свой урок кулінарнага майстэрства ў незабыўны парад цікавых страў, карысных кактэйляў і яркіх дэсертаў. Праграма будзе складацца з рубрык. Напрыклад, "Вуснамі дзіцяці" - гэта забаўляльная рубрыка, дзе дзеці змогуць дзяліцца сваімі думкамі і ўражаннямі. У "Куды сыходзіць дзяцінства" вы зможаце даведацца, якія стравы былі любімымі і якія не падабаліся сённяшнім вядомым спартсменам, акцёрам, тэлевядучым. А ў рубрыцы "Зорныя" дарослыя таксама падзеляцца сваімі жыццёвымі і кулінарнымі карыснымі парадамі з юнай аўдыторыяй і іх бацькамі.

Гатаваць усёй сям’ёй разам з праграмай "Азбука смаку" можна будзе кожнай суботняй раніцай у эфіры тэлеканала "Беларусь 2".

Алена ДРАПКО.