Глеб Лаўроў: "Памяць не бывае толькі "чорнай" ці "белай"

07.08.2015

"Звязда"

Напярэдадні новага тэлевізійнага сезона 2015-2016 творчая каманда Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі прапаноўвае гледачам тэлеканалаў "Беларусь 1" і "Беларусь 24" цыкл хранікальна-дакументальных фільмаў, які расказвае пра тое, як змянілася наша краіна за два дзесяцігоддзі суверэннай гісторыі. Праект пад назвай "Беларусь ХХІ" - гэта спроба ўзгадаць, з якіх пазіцый дзяржава стартавала і чаго дасягнула за часы сваёй незалежнасці. Пра адметнасць дакументальнага цыкла і тое, чым ён будзе карысны кожнаму, мы пагаварылі з яго ўдзельнікам, палітычным аглядальнікам АТН Глебам Лаўровым.

- У мінулую нядзелю стартаваў праект "Беларусь ХХІ", гледачы ўбачылі першы выпуск шматсерыйнага фільма. Раскажыце, якая праца папярэднічала яго з’яўленню і што робіцца цяпер?

- Я падключыўся да працы не з самага пачатку, але ведаю, што сама ідэя, якая належыць кіраўніку АТН Івану Эйсманту, узнікла і была заяўлена яшчэ года паўтара таму. А зараз напярэдадні новага тэлевізійнага сезона вырашылі даць новае жыццё гэтай ідэі. І цяпер над праектам працуе вялікая каманда прафесіяналаў, задзейнічаны найлепшыя сілы Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі на ўсіх этапах вытворчасці. Дакументальны цыкл складаецца з дзесяці серый, якія ахопліваюць больш за 20 гадоў гісторыі нашай краіны. У ім выкарыстана вялікая колькасць рознага кшталту архіўных матэрыялаў, асабліва ў першых выпусках. Праца складаная, бо, напрыклад, адзінага відэаархіва ў сярэдзіне 1990-х не існавала. Звярталіся мы таксама ў Нацыянальны архіў, у Нацыянальную бібліятэку, аналізавалі прэсу таго ці іншага перыяду… І зараз творчы працэс працягваецца, прычым не толькі ў сценах кабінетаў, але і па-за іх межамі: камадзіроўкі, інтэрв’ю з героямі… Але трэба разумець, што, акрамя архіўных даследаванняў, калі мы маем справу з тэлебачаннем, праца вядзецца і "з колаў", нешта перакройваецца і перапісваецца ледзь не ў апошні момант.

- Над чым канкрэтна працуеце вы як аўтар?
- Я пакуль што займаюся перыядам 1997-1999 гадоў. Аднак, варта разумець, што ў нашай каманды агульнае бачанне праекта. Пачынаючы з яго прадзюсара - гэта намеснік старшыні Белтэлерадыёкампаніі Марат Маркаў - і заканчваючы кожным журналістам, які працуе над "Беларусь ХХІ". Тон задаў Юрый Пракопаў, аўтар першай серыі, таму стыль будзем падладжваць пад ужо зробленыя фільмы. Я, напрыклад, спецыялізуюся на знешняй палітыцы. А так атрымалася, што на 1997-1999 гады прыпаў такі цікавы эпізод, як з’яўленне ў нашай краіне мабільнай сувязі. Паколькі сам ёю не карыстаюся, бо мне падабаецца размаўляць з людзьмі асабіста, то не сутыкаўся з эвалюцыяй мабільнай сувязі ў Беларусі. І быў здзіўлены, займаючыся распрацоўкай тэмы, што, аказваецца, усе ведаюць пра гэта. Пры падрыхтоўцы сваёй серыі я больш арыентуюся на падзеі, з якімі ў мяне асацыяваўся гэты перыяд. Напрыклад, тыя гады мне больш запомніліся трагедыяй у Югаславіі, дзе Беларусь і на гуманітарным узроўні, і на ўзроўні найвышэйшага палітычнага кіраўніцтва дапамагала гэтай краіне пераадольваць праблемы… Добра, што ёсць каманда, якая падключаецца, глядзіць на зробленае, нешта карэктуе, падкідвае свежыя ідэі. Над падрыхтоўкай кожнай серыі працуе нехта новы пад агульным кіраўніцтвам і з дапамогай вялікай колькасці людзей. Вось, напрыклад, у першай серыі ў нас быў задзейнічаны старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька. Ён выступаў як непасрэдны сведка падзей таго часу. І калі чалавек можа рэтраспектыўна паглядзець на нейкі працэс, то гэта выклікае цікавасць у гледача. Вяртаючыся да падзей, пра якія рыхтую агляд, я магу сказаць, не разбураючы інтрыгі, што быў уражаны інтэрв’ю з адным спартсменам, чый трыумф прыпаў на тыя гады. Я ехаў да вядомага чалавека, які пакінуў свой след у гісторыі, а ён пры ўсіх сваіх заслугах аказаўся вельмі адкрытым суразмоўцам, які бачыў нашу гісторыю зусім па-іншаму. Тут, мне падаецца, і хаваецца ключавая асаблівасць усяго нашага цыкла, дзе гісторыя адна для ўсіх. Але, зазіраючы ў мінулае з пазіцыі дня сённяшняга, можна не толькі ўзгадваць, але і фарміраваць нейкі погляд на будучыню. Наш фільм дазваляе не толькі здзівіцца: маўляў, трэба ж, а я і забыўся! Але і паразважаць пра рэчаіснасць.

- З пазіцыі гледача скажу, што падчас прагляду не абыходзіцца без пачуцця настальгіі…
- Я не бачу ў гэтым нічога дрэннага. Чалавек, не ведаючы свайго мінулага, не зможа пабудаваць будучыню. Калі ты маеш нешта блізкае, што кранае, выклікае эмоцыі, то не можаш гэтага не любіць. Нават, напрыклад, у адносінах дваіх людзей: калі добра ведаеш чалавека, то не можаш быць да яго абыякавым. А хацець перамен, імкнуцца паляпшаць тое, што любіш, - гэта натуральнае жаданне. І настальгія застаецца ў чалавека нават па самых цяжкіх перыядах. Бо былі ж там і пазітыўныя, станоўчыя моманты ў кожнага з нас. Проста, пераглядаючы старыя фатаграфіі, ты ўспамінаеш: ды вось гэта было тады, а там жа яшчэ адбылося тое і тое… Звяртацца да мінулага без настальгіі немагчыма. Вось успомніце грошы тых часоў - "зайчыкі". Тут жа прыгадаецца мноства гісторый… Мама прыносіць дадому заробак у "зайчыках", потым сыходзіць з часткай грошай у краму. А калі вяртаецца, то бачыць, як дзіця зрабіла з "вавёркі", "зайчыка", "ваўка" аплікацыю. Так зарплата станавілася "творам мастацтва"… Цяпер гэта ўспамінаецца з усмешкай. Памяць, як і гісторыя, не бывае толькі "чорнай" або "белай". Але, аналізуючы негатыўны і пазітыўны вопыт, мы бачым, што маем на выхадзе. І дзякуючы гэтаму можна зразумець, як дзейнічаць далей, каб не атрымалася злому, канфрантацый у грамадстве.

- Улічваючы, як неспакойна сёння навокал, гэта вельмі актуальна…
- Тут яшчэ такі момант: на фоне падзей у рэгіёне разумееш - галоўнае, што нам удалося прайсці ўсе складаныя гістарычныя часы і пры гэтым захаваць мір і спакой. І гэта, як сведчаць тыя ж архіўныя кадры, фатаграфіі, старыя газеты, і ёсць звышідэя нашай беларускай мадэлі паводзін. Безумоўна, бывалі цяжкія часы, але нам удалося іх пераадолець, перажыць, і цяпер на нашай зямлі спакойна. Так атрымалася, што мы знаходзімся ў цэнтры кантынента, і пры такіх умовах не быць паміж усіх агнёў немагчыма. І беларуская місія міру, якую мы ўсклалі на сябе, вынікае ў тым ліку з тых крокаў, што наша краіна рабіла на працягу свайго існавання. Спадзяюся, я змагу гэта паказаць у сваёй серыі цыкла. Калі на прыкладзе югаслаўскай трагедыі, з дапамогай архіваў, размоў з сучаснымі сербамі, якія памятаюць тыя падзеі, зможам убачыць гісторыю ў іншым святле.

- У працэсе працы што вас асабліва здзіўляла і якія пытанні задавалі сабе?
- Пытанні ўзнікаюць кожны дзень. І я тэстую ўласныя ўспаміны дакументамі, бо нешта ўсё ж такі забываецца, нават калі дакладна ведаеш, як было, то не пашкодзіць пераправерыць сваю правату. Ты глядзіш на тое, што адбываецца, пад адным вуглом, плюс эмоцыі, стаўленне да падзеі, якія накладваюцца, і таму не заўсёды ўдаецца заставацца абсалютна аб’ектыўным. На штосьці ў цябе сфарміравана канкрэтнае бачанне, а пераправерыўшы, здзіўляешся, як часам карэктуецца твой пункт гледжання.

- Як вы ставіцеся да спроб, скажам так, перагляду гісторыі?
- Маё пакаленне памятае якраз тую сітуацыю, калі на працягу года змянілася тры падручнікі па гісторыі. Імгненна даводзілася перавучваць усё, перапісвалася праграма. А мы ўжо вучыліся глядзець інфармацыю ў розных кніжках, чыталі дадатковыя артыкулы па зададзенай тэме… Таму любая спроба фальсіфікаваць гісторыю падштурхоўвае мяне сядаць за кнігі, вывучаць факты, каб дайсці да ісціны.

- Мабыць, не проста і ў камандзе працаваць? Думаю, часам трэба адмаўляцца ад уласнага бачання, прыслухоўвацца да калег?
- Тэлебачанне - заўсёды калектыўная праца. І, зразумела, у пэўны момант сустракаеш чалавека, які глядзіць на рэчы зусім інакш, чым ты. Тут не застаецца іншага выйсця - толькі дамаўляцца. Спрэчак хапае, але ўсе яны канструктыўныя. Бо сам праект задумваўся як погляд каманды. А глядач ужо самастойна будзе рабіць высновы.

Алена ДРАПКО.

P. S. Глядзіце новы праект "Беларусь ХХІ" у эфіры тэлеканалаў "Беларусь 1" і "Беларусь 24" кожную нядзелю ў рамках праграмы "Галоўны эфір".