Гiтарыст ДзiДзюЛя: "Музыка лечыць - нават тых, хто яе не чуе"

28.11.2013
"Звязда", 28 лістапада 2013 г.

 
Вiртуозны гiтарыст ДзiДзюЛя сумесна з Максам Лорэнсам збiраюцца пазмагацца за права прадстаўляць Беларусь на конкурсе "Еўрабачанне". Днямi публiцы быў прэзентаваны вынiк сумеснай творчасцi на сольным канцэрце артыста "Музыка лечыць", якi адбыўся ў Мiнску. Аўтарам музыкi выступiў сам ДзiДзюЛя, словы напiсаў Джо Лiн Цёрнер, вядомы выступленнямi ў такiх гуртах, як Rainbow и Deep Purple. Чакаецца, што музыка, якую падрыхтавалi, будзе загадкавай i мiстычнай. У нумары прысутнiчае рэдкi iнструмент ханг. Харэаграфiя змяшчае элементы сурдаперакладу, дзе тлумачыцца сэнс песнi, з мэтай дапамагчы пачуць музыку тым людзям, якiя маюць праблемы са слыхам, але любяць музыку.
- Сустрэчу з Максам я расцэньваю як творчую ўдачу. Мы iдзём сваiм шляхам i робiм тое, што лiчым патрэбным, каб паказаць тую музыку, якую ствараем i хочам дарыць аўдыторыi, - зазначыў ДзiДзюЛя. - Мы не рвёмся трапiць на конкурс, i нас мала цiкавяць розныя закулiсныя падзеi, што, як правiла, суправаджаюць такiя конкурсы.
Музыкант не адзiн год назiрае за конкурсам, i яго заўсёды цiкавiць пастаноўка нумароў, рэжысёрскiя, гукарэжысёрскiя, музычныя рашэннi, творчая смеласць i эксперыменты артыстаў. Калi менавiта яго камандзе пашчасцiць прадстаўляць краiну на "Еўрабачаннi", то акцэнт будзе зроблены менавiта на музыку, эмоцыi i энергiю. Творчасць i самаадданасць працэсу з'яўляюцца самымi важнымi для ўсiх музыкантаў, якiя ўлiлiся ў працэс працы.
Варта зазначыць, што творцы, праводзячы эксперымент з харэаграфiяй, дзе будуць прысутнiчаць элементы з сурдаперакладам, не баяцца крытыкi ў свой бок, быццам акцэнт на праблеме могуць няправiльна зразумець.
Днямi музыканты пабывалi ў Рэчыцкай школе-iнтэрнаце, дзе вучацца дзецi з парушэннямi слыху. Паназiраўшы за вучэбным працэсам, вырашылi зрабiць свой уклад i падтрымаць гэтую ўстанову. 14 снежня ў Гомелi адбудзецца дабрачынны канцэрт, сродкi ад яго скарыстаюць на набыццё спецыяльнага абсталявання i тэхнiкi, якiя патрабуюцца дзеткам у навучаннi музыцы.
- Такi сацыяльны вектар сугучны нашай музычнай iдэi. Калi чалавек мае нейкую немач, то гэта зусiм не азначае, быццам ён не можа адчуваць музыку. Мы паглыбiлiся ў тую атмасферу, дзе вучацца дзецi, паглядзелi, наколькi яны адкрыты свету. Для мяне як для чалавека, якi пiша на сваiх афiшах, што музыка лечыць, важна дапамагчы не толькi матэрыяльна, але i адкрыць свет гукаў для тых, хто iмкнецца спасцiгнуць музыку, - адзначыў артыст.
Разважаў вядомы гiтарыст таксама пра iншыя аспекты сваёй творчай дзейнасцi, свае густы ў музыцы i новыя таленты на сцэне. Так, напрыклад, удала сумяшчаць напiсанне музыкi i ролю кiраўнiка ўласнага калектыву яму дапамагаюць прафесiяналiзм i iнтуiцыя. "Даводзiцца ўвесь час балансаваць памiж творчасцю i матэрыяльнай прасторай. У музыцы дапамагае вопыт, аднак увесь час прысутнiчае пошук патрэбных iнтанацый. I нейкае ўнутранае адчуванне падказвае, як будзе правiльна. У мяне няма людзей, якiя прыйшлi б i сказалi: "Вось будзеш рабiць такую музыку, а астатнiя пытаннi мы самi вырашым. Iх не было i не будзе, бо ты сам выбiраеш свой шлях i робiш крокi на iм. Я адчуваю, што з'яўляюся толькi праваднiком музыкi, i з такой устаноўкай iду па жыццi".
У адрозненне ад дарослага "Еўрабачання", за дзiцячым конкурсам ДзiДзюЛя не назiрае, але падтрымлiвае iдэю стварэння рознага кшталту пляцовак, дзе новыя таленты маглi б заявiць пра сябе: "Добра, што iснуюць такiя творчыя конкурсы. Я не назiраю за дзiцячым "Еўрабачаннем", але ведаю, яно - добрая прыступка да сталасцi i стымул для творчасцi. Так, як i шоу талентаў для маладых артыстаў з'яўляюцца добрым штуршком i стартавай пляцоўкай. Гэта добрая прафесiйная школа ў тым сэнсе, што юны музыкант мае магчымасць пабачыць, як працуе тэхнiка, святло, гук, як ствараецца прыгожая карцiнка на сцэне. Можна нават паглядзець на самога сябе крытычна. Аднак такiя шоу нiчога не гарантуюць. Бо потым усё роўна трэба вярнуцца да музыкi i адказаць сабе на пытанне: "Пра што я хачу расказаць свету сваiмi песнямi? I толькi калi знойдзецца адказ на яго, то ўсё зрасцецца".
Успамiнаючы ўласны шлях у музыку, кампазiтар, музыкант i прадзюсар рэзюмаваў: "Кумiры для мяне, перш за ўсё, мае родныя, сябры i тыя, хто дапамагаў мне ў розныя складаныя моманты. Я iх ведаю i магу асабiста выказаць словы ўдзячнасцi. Калi казаць пра музыку, то густы з часам мяняюцца, аднак найбольш моцна ўразiў мяне эксперыментальны ф'южн, дзе спалучаецца iнструментальная музыка з этнiчнымi элементамi. Падчас працы гукарэжысёрам у фальклорным ансамблi "Белыя росы" ў Гродне, я навучыўся разумець народную музыку. Са спалучэння яе з маiм успрыманнем жыцця i ў паяднаннi з сучаснымi тэхналогiямi з'явiлася мая творчасць".

Алена ДРАПКО.