Гэта трэба жывым

19.06.2015

"Звязда"

Да памятнай даты 22 чэрвеня і Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны тэле- і радыёканалы галоўнага медыяхолдынга краіны падрыхтавалі тэматычны эфір.

19 чэрвеня пасля "Панарамы" гледачы ўбачаць ваенную драму "Перакладчык" (Расія, 2013). 1941 год. Нямецкія войскі захапілі Таганрог. Настаўнік хіміі Андрэй Сцяпанавіч Старыкаў, якога мясцовыя жыхары празвалі "перакладчыкам" за яго любоў да фільмаў Чарлі Чапліна, вымушаны супрацоўнічаць з фашысцкімі акупантамі, каб захаваць жыццё сваёй цяжарнай жонцы, суседзям і вучням. Паколькі Старыкаў добра валодаў нямецкай мовай, яго выкарыстоўвалі ў якасці перакладчыка на допытах. Зверствы нацыстаў, іх здзекі з палонных, сведкам якіх становіцца галоўны герой, пачуццё віны перад суайчыннікамі за дапамогу ворагу прыводзяць да таго, што сарамлівы школьны настаўнік уступае ў непрымірымую барацьбу з акупантамі…

21 чэрвеня ў вячэрнім эфіры ваенную тэму працягне драма "Шпіталь" (Расія, 2011). Фільм расказвае пра падзеі 1946 года, калі выпускніца сталічнага медыцынскага інстытута Іна Кузняцова прыязджае па размеркаванні на сакрэтны аб’ект у Разанскай вобласці - шпіталь для нямецкіх ваеннапалонных, якія працуюць на шахце. Дзяўчына абурана, як можна лячыць і ратаваць жыццё ўчарашніх ворагаў, аднак паступова прыходзіць разуменне, што перад ёй проста хворыя людзі, якім патрабуецца дапамога. І тады словы "міласэрнасць" і "ўрачэбны доўг" набываюць рэальны сэнс.

22 чэрвеня ў 22.00 на "Беларусь 1" пачнецца прамая трансляцыя мітынгу-рэквіема "Вароты памяці", прысвечанага ўрачыстаму адкрыццю мемарыяльнага комплексу на месцы лагера смерці "Трасцянец"… 14 мая 2007 года пастанаўленнем Савета Міністраў тэрыторыя былога лагера смерці Трасцянец занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, а адкрыццё мемарыяльнага комплексу прымеркавана да 70-годдзя Вялікай Перамогі.

Тэлеканал "Беларусь 3" таксама пакажа шэраг фільмаў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне. 19 чэрвеня ў 21.10, у дзень нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава, увазе тэлегледачоў будзе прадстаўлены дакументальны фільм "Васіль Быкаў. Франтавыя старонкі"(Белвідэацэнтр, 2004), а працягне вечар у 21.40 паказ драмы Ларысы Шапіцькі "Узыходжанне"(СССР, 1976), знятай па матывах аповесці "Сотнікаў".

20 чэрвеня ў 9.40 у эфіры нас чакае карціна "Жывыя і мёртвыя" (СССР, 1963) па аднайменным рамане Канстанціна Сіманава. 22 чэрвеня адбудзецца прэм’ера трохсерыйнага дакументальнага цыкла "Доблесць зямлі беларускай" (Ваен-ТБ, 2014).

У 15.10 паглядзім фільм Барыса Галкіна "… 22 чэрвеня, роўна ў 4 гадзіны…" (Расія, 1992), а ў 16.45 на канале яшчэ адна прэм’ера - дакументальны фільм "Якаў Крэйзер. Забыты генерал"(Расія, 2015).

Тэлеверсію мітынгу-рэквіема з Брэсцкай крэпасці, прымеркаванага да 74-й гадавіны пачатку вайны і абароны гераічнай цытадэлі, глядзіце на "Беларусь 3" у 23.00. Завершыць эфір у 23.40 дакументальны фільм "Беларусь. 4 гады вайны" ("Беларусьфільм", 2002).

Тэматычны эфір 22 чэрвеня таксама запланаваны і на радыё. На Першым нацыянальным адной з асноўных тэм стануць мітынгі-рэквіемы "Вароты памяці" і ў Брэсцкай крэпасці. Запланаваны і прамыя ўключэнні з месцаў падзей.

Радыё "Беларусь" прадставіць увазе слухачоў тэматычныя праграмы з падборкай цікавых фактаў, апытанняў, успамінаў ветэранаў на беларускай, рускай, польскай, англійскай і нямецкай мовах.

На радыё "Культура" працягнецца чытанне рамана Уладзіміра Багамолава "У жніўні 44-га". А радыёстанцыі "Сталіца" і "Радыус FM" будуць асвятляць Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны ў выпусках навін.

Алена ДРАПКО.