Генадзь Давыдзька: "Самае галоўнае ў любой арганізацыі - людзі"

23.10.2015

"Звязда"

Наш сённяшні суразмоўца Генадзь Давыдзька мае багаты і разнастайны прафесійны вопыт. Адны ведаюць і памятаюць яго як акцёра кіно і тэатра. Ёсць і тыя, хто меў магчымасць працаваць з ім як з рэжысёрам і дырэктарам Купалаўскага. А потым настаў новы перыяд - праца на тэлебачанні. З 2010 года Генадзь Браніслававіч узначальвае Белтэлерадыёкампанію. За час яго кіравання там адбываліся розныя перамены. У прыватнасці, з’явіліся сацыякультурны тэлеканал "Беларусь 3" і першы нацыянальны спартыўны "Беларусь 5", а цяпер пачаў вяшчанне (праўда, пакуль яшчэ не ва ўсіх абласцях) рэгіянальны тэлеканал "Беларусь 4"… Падчас сустрэчы "без гальштука" мы ўзгадалі мінулае, пагаварылі пра сучаснасць і даведаліся пра найбліжэйшыя планы.

Выпрабаванняў шмат, але тым і цікавей жыць

- Генадзь Браніслававіч, нядаўна вы адзначылі 60-годдзе. З якім настроем, думкамі і вынікамі сустрэлі юбілей?

- Мая самая галоўная думка - што жыццё вечнае, а любая пасада карацейшая за яго. Справа, якой займаешся, - яна бязмежная, і ў любой прафесіі немагчыма дасягнуць дасканаласці і неверагодных вяршынь. Заўсёды ёсць час і патрэба вучыцца, спасцігаць новыя веды, спрабаваць і шукаць штосьці. Усё працягваецца. І гэты лік 6:0 на карысць жыцця вымушае мяне зноў заставацца ў гэтай гульні, каб потым, магчыма, зноў прайграць ці выйграць.

- У вашай біяграфіі ёсць акцёрскае мінулае. Яно дапамагае вам па жыцці знаходзіць напрамак руху?

- У жыцці любога чалавека нічога не бывае проста так. Заўсёды ёсць нейкі шлях, які нам трэба прайсці. Некаму выпадаюць асаблівыя, выключныя выпрабаванні, іншым шчасціць увесь час, а нехта вымушаны праз вялізныя цяжкасці праходзіць. Што тычыцца майго жыцця, біяграфіі, прафесіі, то ўсё было так, як павінна было быць. Неба, Гасподзь рыхтуе кожнага чалавека да той місіі, якую яму наканавана выканаць. Я разумею, што на тых пасадах, якія я займаю апошнім часам, неабходны менавіта тыя веды, навыкі, якія ёсць у мяне, і нічога не было дарма. Прафесія акцёра, рэжысёра вельмі карысная для кіраўніка. Тыя юрыдычныя, эканамічныя веды, што я набываю, працуючы штодня, таксама патрэбныя, як і тэлевізійныя мае навыкі (я 1982 года працую на тэлебачанні ў розных якасцях). Заняць такую пасаду для мяне быў гонар, і разам з тым я ўсведамляў вялікую адказнасць. Але разумею, што чалавеку нічога не даецца без падрыхтоўкі. Калі крыж вам дадзены, то вы яго павінны несці. Гэта тычыцца не толькі пасад, але і жыцця ўвогуле. Выпрабаванняў шмат, але тым і цікавей жыць.

- Вяртаючыся да перыяду, калі вы здымаліся ў кіно, ігралі ў тэатры… Якія ўспаміны засталіся пра тыя часы?

- Я шмат сустракаюся з тэлегледачамі. І, ведаеце, да гэтага часу мне задаюць пытанні пра тэатр, пра кіно, пра маю рэжысёрскую дзейнасць. Безумоўна, гэта здзіўляе і неяк усцешвае, што мяне памятаюць як акцёра. Значыць, усё не дарэмна, калі людзі помняць? Якія ўспаміны пра той час? Як пра дзяцінства, даволі бесклапотнае. Хаця, калі згадваць дакладна кожны эпізод, кожны момант і кожную ролю, то можна ўспомніць, як цяжка ўсё давалася. Галоўныя мае ўспаміны цяпер тычацца нават не творчасці, а самога жыцця ў калектыве Купалаўскага тэатра, адносін паміж людзьмі, мэтраў. Я неяк казаў, што да стагоддзя Купалаўскага тэатра засталося пяць гадоў, і трэба распачынаць працу над кнігай пра яго. Зрабіць кнігу ўспамінаў пра тых, хто жыве, памятае пра Купалаўскі тэатр, бо яго гісторыя - гэта гісторыя нацыі.

- Як паўплываў той перыяд на вас цяперашняга? Ведаю, што ў часы працы ў Купалаўскім вы вывучылі беларускую мову, паказалі сябе ў знакавых ролях…

- Гэта перыяд майго сталення. Я там развітаўся з юнацтвам. З максімалістычным, ідэалістычным уяўленнем пра свет. У тых сценах пачалося маё станаўленне як асобы. Таму што там былі вельмі цяжкія выпрабаванні: трэба было з акцёра пераўтварыцца ў рэжысёра, а з часам стаць дырэктарам тэатра. А гэта складана і ў чалавечых адносінах, і ў адказнасці, якая звальваецца на цябе. Потым сама беларуская мова… я ж не вучыўся ў беларускай школе, бо вырас на Далёкім Усходзе. Трэба было навучыцца і гаварыць па-беларуску, і пісаць, і думаць, што я з задавальненнем рабіў. Бачыце, хто жыве ў Беларусі заўжды, той не разумее, што тут рай і якое вялікае шчасце, што растуць яблыкі на дрэвах. Званы на цэрквах, цягнікі з іх гукамі, пахам… увогуле нашы краявіды, прычым у любую пару года. А калі прыязджаеш і бачыш людзей, гэтую ўсю прыроду, то проста адчуваеш у сабе любоў да зямлі, якую ты пакінуў у маленстве, а потым вярнуўся. І пачуццё становіцца стымулам, каб зрабіць тут нешта. Каб быць часткай тутэйшага раю і не пакрыўдзіць нікога, нішто не парушыць у ім.

На пытанні кожнага знойдуцца адказы

- Які вы як кіраўнік, ці прытрымліваецеся нейкіх прынцыпаў, на што абапіраецеся, прымаючы важныя рашэнні?

- Я маю свой стыль і прынцыпы, і яны вельмі простыя: старацца нікога не пакрыўдзіць, не крычаць на людзей. А таксама рабіць усё з разуменнем таго, што тая ці іншая справа вартая таго, каб быць зробленай. Самае галоўнае ў любой арганізацыі не тэхніка, а людзі. Яны павінны быць аб’яднаны адной ідэяй, стаць аднадумцамі. І іх трэба паважаць. Я нават да дысцыпліны вытворчасці стаўлюся так, што ты павінен зрабіць сваю працу. Недастаткова, каб ты прыходзіў у восем і сыходзіў з працы а шостай гадзіне. Мне важны вынік зробленага.

- Чаго сёння, на вашу думку, не хапае беларускаму тэлебачанню?

- Нашаму тэлебачанню крыху не хапае інтэрактыўнасці. І ў гэтым напрамку мы працуем. Кожны чалавек павінен разумець, што гэта яго тэлебачанне. І ён можа задаваць тыя пытанні, якія яго турбуюць, і на іх знойдуцца адказы. На пытанні і патрэбы кожнага гледача мы арыентуемся. І такім шляхам трэба ісці. Інтэрактыўнасць пакуль што нам не так проста даецца, хоць аўтарытэт кампаніі і кожнага канала, яго творчых адзінак, безумоўна, растуць. Але мне хацелася б узмацніць гэты поспех.

- Давайце пагаворым пра надзённае. У нас ёсць сацыякультурны тэлеканал "Беларусь 3". Чаму ён не цалкам беларускамоўны?

- Падмурак тэлеканала цалкам беларускамоўны: застаўкі, "шапкі" і ўсё іншае. Уласнай вытворчасці праграмы таксама робяцца на беларускай мове, але калі мы купляем нейкія ўжо гатовыя фільмы, кантэнт, і ён перакладзены на рускую мову, то перакладу мы не робім. У нас у краіне двухмоўе. Рускую мову ўсе разумеюць, таму няма патрэбы нешта тлумачыць. Калі мы купляем венгерскае, напрыклад, кіно ці карэйскае, сербскае, то самі перакладаем на беларускую мову. Працэнт прысутнасці беларускай мовы на тэлеканале "Беларусь 3" будзе павялічвацца.

- У свой час "чацвёртую кнопку" вы планавалі аддаць пад "сямейны тэлеканал", але з’явіўся "Беларусь 4" - рэгіянальнае тэлебачанне. Ці будзе працяг, ці з’явіцца ў нас тэлеканал для ўсёй сям’і?

- Справа ў тым, што чацвёрты канал і ёсць сямейны, толькі называецца па-іншаму. "Беларусь 4" будзе менавіта такім хатнім тэлебачаннем, дзе тое, што адбываецца ў двары нейкага мікрараёна, становіцца прадметам цікавасці для журналістаў, для тых, хто робіць кантэнт тэлеканала. Хаця, безумоўна, там знойдзецца месца размове пра ўвесь свет, будуць на "Беларусь 4" рэгіянальныя навіны - эканамічныя, палітычныя, але іх будзе не шмат. Асноўнае напаўненне - акцэнт на сям’і, на жыцці рэгіёна. Тэлеканал ужо працуе ў Магілёўскай, Гомельскай, Віцебскай і Гродзенскай абласцях, не запусцілі яго яшчэ толькі на Брэстчыне. Аднак на пачатку лістапада ён пачне вяшчаць і там. Хацелася б туды пад’ехаць і засведчыць заканчэнне гэтага працэсу фарміравання холдынга ва ўсіх яго нішавых падраздзяленнях.

- Чым, на вашу думку, сёння жывуць людзі, што ім цікава?

- Беларусы нічым не адрозніваюцца ад іншых народаў, якія жывуць у Еўропе. Наш народ хоча жыць у мірным, стабільным грамадстве. І насельніцтва ўдзячна, што мае такую магчымасць. Самае галоўнае жаданне, каб не было вайны. Народ жыве паляпшэннем якасці свайго жыцця. І марамі пра тое, каб не было горш. Стараецца працаваць на тое, каб было лепш. Нічога выключнага. Кожны жыве сваімі інтарэсамі, і самае галоўнае і вялікае шчасце, што яны могуць планаваць, марыць і спадзявацца на тое, што задуманае спраўдзіцца.

Імправізацыі ў "Клубе…" пакідаем месца

- Праграма "Клуб рэдактараў", у якой аналізуюцца бягучыя падзеі, існуе не першы год. На вашу думку, як змянілася яна за гэты час? Ваша ацэнка зробленай працы…

- "Клуб рэдактараў" - вельмі патрэбная перадача, якая заняла сваю нішу. У яе ёсць свая аўдыторыя. Гэта аналітычная, менавіта рэдактарская, праграма, яна збірае для абмеркавання людзей, якія фарміруюць не ўласна самі навіны, а трэнды, тэндэнцыі, што з гэтых навін вынікаюць. Адштурхоўваючыся ад любой падзеі, можна выйсці на прагноз таго, што будзе. І калі збіраюцца ў "Клубе…" рэдактары, якія па сваёй пасадзе павінны арыентавацца ў тым, што адбываецца ў свеце, то, па-першае, вельмі цікава з імі абмяркоўваць карціну тыдня, а па-другое, выказванні іх часта бываюць даволі прарочымі. Бывае, нехта прадказвае пэўнае развіццё падзей. Праграма атрымалася. Што тычыцца ўдасканалення праекта, на мой погляд, мы павінны з’явіцца ў прамым эфіры. Зараз у нас проста не хапае студый, і ў гэты час яны ўсе занятыя. Аднак, я спадзяюся, што ўжо ў 2016 годзе праект "Клуб рэдактараў" пачне выходзіць у прамым эфіры. Гэта дысцыплінуе, прымушае больш адказна і канкрэтна выказвацца.

- І як вы адчуваеце сябе ў ролі мадэратара на такой праграме?

- Справа ў тым, што на праграму прыходзяць тытулаваныя журналісты, якія ўзначальваюць нашы выданні. Яны самі могуць адзін аднаму задаваць пытанні і быць мадэратарамі. І таму не ўзнікае ў працы ніякіх цяжкасцяў. Зразумела, што ёсць пэўны план праграмы, асноўныя пытанні, якія нам хочацца агучыць. Бывае, нехта з прысутных уздымае пэўную тэму, і мы яе пачынаем з цікавасцю абмяркоўваць з гасцямі. Імправізацыі пакідаем месца.

Алена ДРАПКО.