Гаворым па-беларуску

04.09.2004
“Культура”, 4 - 10 верасня 2004 г.


Тэлеканал "ЛАД" узяў на сябе прыярытэт "прамога эфіру" ў асвятленні Дня беларускага пісьменства. Здымаць свята будуць каля 20 аператараў; для “прамой трансляцыі" задзейнічаны 4 тэлевізійныя станцы. Не абмінуць увагай тэлевізійшчыкі і ўрачыстае шэсце на адкрыцці, і вячэрні гала-канцэрт... Але гэта далёка не ўся праца сямейнага канала, якая служыць на карысць беларускай мовы і пісьменства. Пятро ВАРАХОБІН, выканаўчы прадзюсер "ЛАД"у, падзяліўся з карэспандэнтам "К" думкамі на гэты конт.

- "ЛАД"у належыць асобная "моўная" пазіцыя: толькі на нашым тэлеканале колькасць беларускамоўнага эфіру набліжаецца да 50%. I ў нашых планах - павелічэнне якаснага беларускамоўнага прадукту. Пазіцыя якасці беларускамоўных перадач для "ЛАД"у прынцыповая, бо менавіта прыгожая родная мова прываблівае гледача. Адзін з нашых цікавых праектаў у гэтым накірунку - фільмы міжнароднага французскага канала, дубляваныя на беларускую мову. Выдатныя беларускамоўныя праграмы ў Алега Лукашэвіча - "Наша Спадчына", Ігара Сігава - "Адлюстраванні", Алеся Матафонава - "Алхімія слова". Апошняя, дарэчы, адмысловы праект, прысвечаны беларускай мове і пісьму. Натуральна, беларуская мова займае ўпэўненыя пазіцыі і ў "Калыханцы", у "Росчырку часу"...
У залежнасці ад госця выходзіць на роднай мове "Звычайны незвычайны дзень" з Наталляй Бардзілоўскай і Аляксандрам Дамарацкім, "Справы сямейныя", "Настальжы"...
У новым сезоне "ЛАД" падтрыхтаваў новы двухмоўны праект "Мой горад", у якім журналісты абласных тэлерадыёкампаній раскажуць пра свае родныя куточкі.
У дзіцячым часопісе “Бум" адкрыецца рубрыка “Гаворым па-беларуску". Спадзяюся, што надалей яна вырасце ў асобную праграму.
Рыхтуецца да эфіру яшчэ адзін праект "Другая радзіма”. Яна прысвечана асобным сем'ям іншых нацыянальнасцей, для якіх Беларусь стала другой радзімай.
Хочацца падкрэсліць, што беларускамоўных праграм магло б быць яшчэ больш, калі б у нашу каманду прыходзілі журналісты, якія выдатна валодаюць беларускай мовай, здольныя "выхаваць" вуха нашага гледача і, увогуле, беларускага грамадства.