Гасціннасць. Mаdе іn Bеlаrus

17.11.2010
"Звязда", 17 ноября 2010 г.


"Wе lоvе Bеlаrus!!!" - кажа ўдзельнік з Літвы і дадае: "Усё будзе ОКІ-ДОКІ". Удзельнікі дзіцячага "Еўрабачання" здзіўляюць не толькі сваёй рознабаковасцю і шчырасцю, але і разнастайнасцю моў. Руская, англійская, фламандская, літоўская...
- Мы адчуваем сябе тут вельмі ўтульна, - прызнаюцца дзяўчынкі з Нідэрландаў Анна і Сенна. - Усе з намі вельмі прыветлівыя, і горад нам вельмі спадабаўся, ён вельмі прыгожы і чысты. Нам спадабаліся песні ўсіх краін, але больш за ўсё - песні Мальты і Бельгіі. Запомніўся і беларускі канкурсант - ён спявае вельмі прыгожа. Перад нашым ад'ездам Ральф Макенбах (леташні пераможца дзіцячага "Еўрабачання" - Аўт.) даў нам вельмі шмат настаўленняў і пажаданняў. Мы павінны трымаць сябе вельмі добра на сцэне і дарыць навакольным радасць. Мы зробім усё магчымае, каб перамагчы, але калі не пераможам, не будзем засмучацца.
Жыццё ў "Мінск-Арэне" кіпіць. Тэхнікі даводзяць апошнія штрыхі сцэны, арганізатары сочаць, каб усё адбывалася паводле плана, а ў юных спевакоў учора прайшлі першыя рэпетыцыі.
Графік вельмі шчыльны. У 09:20 - выступленне першага канкурсанта, у 19:45 - апошняга. На прагон нумара адведзена 35 хвілін. Парадак выступленняў на рэпетыцыі ідзе ў той жа паслядоўнасці, як будзе праходзіць і ў фінале. Адкрые песеннае спаборніцтва спявак Бартас (Ноюс БАРТАШКА). 14-гадовы літовец выканае песню "ОKІ-DОKІ". Закрываць конкурсную праграму будзе пяцікласніца з Македоніі Аня ВЕЦЕРАВА з песняй "ЕОО, ЕОО".
- Пакуль у нас усё ідзе цудоўна, - расказаў "Звяздзе" выканаўчы прадзюсар дзіцячага "Еўрабачання-2010" Аляксандр МАРТЫНЕНКА. - Я спадзяюся, калі ўсе дні пройдуць так паспяхова як сёння, нашы госці застануцца задаволенымі. Дзеці пазнаёміліся, адпачылі, у іх пачаліся працоўныя будні. Але акрамя рэпетыцый, канкурсантаў чакаюць экскурсіі па Мінску, наведванне еўраклуба, яны абавязкова сходзяць у цырк. Так што будзе не толькі шмат працоўных момантаў, але і час для адпачынку.
Напярэдадні рэпетыцый у еўрадоме дзеці мелі магчымасць больш цесна пазнаёміцца.
- У Мінску мы літаральна пару дзён, а ўжо атрымалі столькі пазітыву, што проста не перадаць словамі! - дзеляцца ўражаннямі канкурсанты з Расіі, пяцікласнікі Ліза ДРОЗД і Саша ЛАЗІН. - Усе вельмі гасцінныя і прыветлівыя. Мы чулі, што ў Беларусі вывучаецца беларуская мова, што тут дзве дзяржаўныя мовы, і, магчыма, мясцовыя хлопчыкі і дзяўчынкі навучаць нас размаўляць па-беларуску.
На конкурсе мы хочам не толькі паказаць сябе, але і завесці шмат сяброў. Перад ад'ездам леташняя ўдзельніца ад Расіі Каця РАБАВА пажадала нам удачы. Што патрэбна для перамогі? Удача, велізарная праца, пазітыўныя эмоцыі і проста расслабленне. Чаго і зычым усім удзельнікам!

Ілья ЛАПАТО.