Ганна Гардзеева: "Я "гатую для краіны", а дома гэтым займаюцца іншыя"

26.04.2013
"Звязда", 26 красавіка 2013 г.


"Можа, пра яе спяваў Макарэвіч "Она идёт по жизни смеясь...", бо гэтая песня нібы паўтарае закадравае жыццё Ганны Гардзеевай. Але пераступаючы кожны дзень парог студыі, яна перастае быць простай жанчынай, бо, што б ні здарылася, яна - прафесіянал. Яе поспех - гэта жаданне стаць лепшай і няспынная праца над сабой. І вынікі працы пацвярджаюць, што Ганна ўжо гэта не раз даказала.

- Можаце прыгадаць свой прыход у праграму "Справа густу" тры гады таму?
- Сёння я ўжо магу зрабіць выгляд, што не заўважаю, як мяне здымае камера. А тады гэта была панічная боязь! Прысутнічалі псіхалагічныя бар'еры, таму што, працуючы з гледачом, якога не бачыш, ты павінен добра ўяўляць яго для сябе. Я была вельмі самакрытычнай на працягу першых месяцаў працы. Падзялілася назіраннямі з рэжысёрам, пасля чаго яна мне сказала: "Ты не бачыш сябе збоку. У цябе вельмі патрабавальнае і суб'ектыўнае ўспрыманне. Ацэнку патрэбна атрымаць ад тых, хто глядзіць на цябе па той бок экрана". І калі праз некаторы час мне давялося пачуць, што я гляджуся гарманічна, натуральна і пераканаўча, гэта было самай каштоўнай ацэнкай маёй працы.

- На ваш погляд, што забяспечвае любоў гледачоў да праграмы?
- "Справа густу" - энцыклапедыя прафесійных ведаў пра інгрэдыенты, кухні розных краін, пра здаровае харчаванне. Калі праграма толькі запускалася, то канцэпцыя адрознівалася ад таго, што ёсць сёння. Адзін вядучы рабіў усё: расказваў, паказваў і гатаваў. Мы выкарыстоўвалі адзін інгрэдыент, з якога гатаваліся тры стравы. Праз год вырашылі проста гатаваць тры розныя стравы. А зараз вядучыя працуюць на кухні ў тандэме са знакамітымі шэф-кухарамі, кожны з якіх мае шмат кулінарных хітрасцяў, і гатовы падзяліцца імі са мной і з гледачамі.

- Што варта і што не варта рабіць падчас гатавання ежы?
- Больш хваліце кухара - тады ежа атрымаецца смачнейшай... 
Адцягваючы ўвагу кухара на ўсялякія дробязі, вы рызыкуеце атрымаць перасолены абед... 
Ну і яшчэ: там, дзе гатуе мужчына, жанчыне не месца!

- Калі параўноўваць працу на радыё і тэлебачанні, ці праўда, што праца ў радыёэфіры дае больш магчымасцяў разняволіцца?
- Я не сказала б, што гэта так. Калі я прыехала ў Мінск спрабаваць сябе на сталічным радыё, адбор быў вельмі сур'ёзны. Правяралі не толькі дыкцыю, але і маё ўменне ўлоўліваць інтанацыі суразмоўцы, і эрудыцыю, і знешні выгляд. Бо ты не толькі "голас радыёстанцыі", але і яе "твар". Так, часам туды можна прыйсці без касметыкі і ўкладкі, у джынсах - і ты будзеш камфортна адчуваць сябе ў эфіры. А вось на тэлебачанні не абысціся без падбору адзення, без макіяжу. Ты працуеш на камеру - значыць, гэта прамая спіна і роўнае дыханне як мінімум.

- Як блізкія ўспрымаюць вашу загружанасць на працы?
- Мае бацькі і дзеці заўсёды падтрымлівалі і падтрымліваюць мяне, чым бы я ні займалася. Калі мае бацькі прыязджаюць у госці, пакуль мама бавіць час з унукамі, тата становіцца шэф-кухарам на нашай кухні... Таму што я "гатую для краіны", а дома гэтым займаюцца іншыя (смяецца ). Сын і дачка таксама любяць нешта прыгатаваць самі.

- Вы адчуваеце сябе шчаслівай?
- Я маці дваіх дзяцей, займаюся любімай справай. Але ў мяне яшчэ столькі жаданняў! Я навучылася прыслухоўвацца да інтуіцыі і быць удзячнай лёсу нават за ўдары. Усё, што з намі здараецца ў жыцці, незалежна, станоўчае ці адмоўнае, - памнажае наш вопыт.

- У адным з інтэрв'ю вы сказалі, што "жанчына павінна заставацца жанчынай у любой жыццёвай сітуацыі". Вам не падаецца, што па мерках нашага часу - гэта раскоша?
- Быць жанчынай - вялікі дар і вялікае выпрабаванне ў сучасным свеце. Жанчына павінна мець духоўную чысціню. Калі пашчасціла стаць маці, то варта годна несці свой абавязак. Я шмат працую. Аднак мне вядома, дзеля чаго і каго я гэта раблю. Часам варта дазваляць сабе быць слабай. Як кажа мая знаёмая, трэба плакаць часцей, тады вочы будуць блішчэць і зморшчынак стане менш (смяецца). Але ж ва ўсім шукаю плюсы і светлыя кропкі і імкнуся перадаваць гэта сваім гледачам і слухачам.

Алена ДРАПКО.