"Галоўны герой" пераходзіць на асобы

05.09.2009
"Звязда", 5 сентября 2009 г.


Папулярны праект, які выходзіць на тэлеканале "НТБ-Беларусь", у новым сезоне змяніў назву і фармат. Цяпер ён будзе называцца "Галоўны герой прадстаўляе", а па змесце ператворыцца са штотыднёвага часопіса пра жыццё знакамітых людзей у серыю дакументальных фільмаў пра адметных асобаў, якія карыстаюцца найбольшай увагай грамадскасці.
Першы фільм, які распачне сезон 10 верасня - "Рускія таямніцы Майкла Джэксана" - нагадвае пра візіты нябожчыка "караля поп-музыкі" у Маскву. Упершыню Джэксан пабываў у расійскай сталіцы ў 1993 годзе літаральна за некалькі дзён да таго, як у Маскву ўвайшлі танкі: другая паездка адбылася неўзабаве пасля выбараў першага прэзідэнта РФ у 1996 годзе. Па чутках, пасля сустрэч з расійскімі палітыкамі музыкант стаў закладнікам крамлёўскіх інтрыг. Паводде яшчэ адной версіі, у Расіі насамрэч Джэксана хавалі ад яго ўплывовых амерыканскіх ворагаў... Толькі цяпер, пасля смерці артыста, арганізатары і сведкі маскоўскіх гастроляў вырашылі раскрыць таямніцы тых візітаў.
Зрэшты, акрамя расследаванняў і рэпартажаў, у кожным з фільмаў "Галоўнага героя" спалучаюцца таксама журналісцкія эксперыменты і нават гульнявыя сцэны з удзелам акцёраў. Пры гэтым, як сцвярджаюць стваральнікі праекта, незалежна ад абранай тэмы і персоны ўсе фільмы цыкла - абсалютны эксклюзіў.
 
Вікторыя ЦЕЛЯШУК.