Галасы вёсак і стагоддзяў

31.08.2011
"Белорусская нива", 31 августа 2011 г.


Першы нацыянальны канал Беларускага радыё пачынае новы сезон
Стартуе ён 1 верасня. Слухачоў чакаюць больш за 100 арыгінальных радыёперадач рознай тэматыкі і жанраў.
- Жыццё і клопаты вяскоўцаў заўсёды ў цэнтры ўвагі нашых радыёжурналістаў. Гэта тэма для нас адна з прыярытэтных, - расказаў "БН" галоўны дырэктар Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Антон Васюкевіч. - У новым сезоне шмат будзем расказваць пра рэалізацыю Дзяржаўнай праграмы ўстойлівага развіцця вёскі на 2011-2015 гады. Як і раней, штодзень у эфір будзе выходзіць "Сельская раніца". У ёй плануем даваць больш радыёпартрэтаў вяскоўцаў, а пачнём, вядома ж, з пераможцаў сёлетняга жніва, якіх хутка будуць ушаноўваць на рэспубліканскім фестывалі-кірмашы "Дажынкі" ў Маладзечне. Зараз актыўна асвятляем ход падрыхтоўкі да свята працаўнікоў вёскі. Па суботах адразу пасля "Сельскай раніцы" будзе выходзіць у эфір новая музычная перадача з назвай "Іграй, душа!". У ёй будуць гучаць беларускія народныя музычныя інструменты. Вядучы гэтай праграмы - вельмі каларытны чалавек. Упэўнены, многія з вяскоўцаў яго ведаюць, але пакуль захаваю інтрыгу.
Таксама мы працягнем расказваць аб фальклорных калектывах, зноў будзем ладзіць радыёэкспедыцыі ў нашы аддаленыя вёсачкі, пра якія слухачы даведаюцца з перадачы "Галасы стагоддзяў".
Дарэчы, усе праграмы, якія мелі высокі рэйтынг і шырокую слухацкую аўдыторыю ў мінулым сезоне, захаваюцца. А яшчэ штодня па буднях у 9.30 будзе выходзіць новая інфармацыйна-аналітычная перадача па актуальных сацыяльна-эканамічных пытаннях "Дзелавы радыёпартал". Дыскусійная перадача "Давайце абмяркуем" з'явіцца ў суботнім эфіры ў 16.15. Праграма па лістах радыёслухачоў "Звычайныя гісторыі" будзе распавядаць аб цікавых лёсах і жыццёвых перыпетыях па суботах у 13.30.
Сярод новых праектаў - публіцыстычная праграма аб заслужаных людзях краіны "Героі нашага часу" (нядзеля), інфармацыйна-пазнавальная юрыдычная перадача "Права-веды" (чацвер), навукова-папулярная праграма "Нязведаныя гарызонты" (серада), перадача аб творчых праектах і аўтарах тэлеканалаў і радыёстанцый Белтэлерадыёкампаніі "Па-за эфірам" (субота), праграма аб развіцці беларускага кінематографа "Кінаклуб" (нядзеля).
Па выхадных у 9.00 будзе выходзіць "Сямейная зарадка" - гульнёвая перадача для ўсёй сям'і, якая ў цікавай форме дапаможа настроіцца на актыўны і карысны адпачынак. У стварэнні праграмы змогуць прыняць удзел усе жадаючыя. Для гэтага трэба толькі даслаць на радыё свае варыянты сямейных размінак, якія пасля адбору інструктарамі, магчыма, прагучаць у эфіры.
У драматургічным праекце "Тэатр Беларускага радыё" з'явіцца дадатковы выпуск у нядзелю. У сезоне 2011-2012 гг. працягнецца стварэнне новых арыгінальных радыёпастановак. Таксама з верасня радыёслухачоў чакаюць новыя музычныя "лінейкі" (9.10-9.30, 16.30-17.00, 21.30-22.00). Як вядома, галоўнае ў музычнай палітыцы - папулярызацыя творчасці беларускіх аўтараў і выканаўцаў.