Галасаванне за галашэнне. Выбіраць будзем сэрцам, вачыма цi вушамi?

20.05.2008
"Звязда", 20 мая 2008 г.


Сёння ў Бялградзе адбудзецца першы паўфiнал 53-га мiжнароднага конкурсу "Еўрабачанне"
Ужо як мы радавалiся, калi летась Дзiма Калдун заняў самае высокае з усiх нашых канкурсантаў 6-е месца i ўпершыню вывеў краiну ў фiнал... Аказалася, усё дарэмна. Цяперашнi конкурс праходзiць па новых правiлах, i амаль чатыром дзесяткам краiн (за выключэннем "вялiкай чацвёркi" заснавальнiкаў - Францыi, Германii, Вялiкабрытанii, Iспанii, i леташняга пераможцы - Сербii) давядзецца пачынаць барацьбу з нуля.
Дакладней, з паўфiналаў. У кожным з iх выступае па 19 удзельнiкаў, прычым аргкамiтэт падзялiў iх такiм чынам, каб звесцi да мiнiмуму геапалiтычны прынцып галасавання "сусед за суседа". Так што сёння, падтрымлiваючы Расiю, адзначыць Дзiму Бiлана 12 баламi беларусы не змогуць. Застаецца глядзець - i атрымлiваць задавальненне ад таго, што 20, 22 i 24 мая мы ўбачым усе 43 конкурсныя выступленнi. Абодва паўфiналы i фiнал у прамым эфiры транслююць Першы канал i "Беларусь-ТБ". Каментаваць конкурс, як i летась, будзе спецыяльны карэспандэнт АТН Дзянiс Кур'ян (спадзяёмся, сёлета ён абыдзецца без квяцiстых метафар кшталту "кiтайскага хлопчыка").
 
Выбiраем па-новаму
 
З кожнага квалiфiкацыйнага раўнда ў фiнал пройдзе па 10 выканаўцаў. Прычым тэлегледачы выбiраюць толькi 9 з iх, - апошняму, дзесятаму, дасць шанц рэзервовае журы, складзенае з музычных прафесiяналаў у кожнай краiне. Склад рэзервовага журы, дарэчы, - закрытая iнфармацыя, якую ў Белтэлерадыёкампанii не раскрываюць. З краiн-арганiзатараў Германiя i Iспанiя будуць галасаваць у першым паўфiнале, Францыя, Вялiкабрытанiя i Сербiя - у другiм, дзе пад нумарам 9 выступiць i наш Руслан Аляхно. Няцяжка падлiчыць, што такiм чынам падзел галасуючых няроўны - 21 i 22 краiны адпаведна; але хто абяцаў, што новыя правiлы - значыць, цалкам справядлiвыя?
Правiлы галасавання тэлегледачоў наступныя. Пасля выступлення ўсiх удзельнiкаў на экранах будуць паказаныя нумары тэлефонаў, па якiх на працягу 15 хвiлiн трэба аддаваць галасы за ўпадабаных артыстаў. Для беларусаў гэтыя нумары будуць выглядаць як 8-810-101-03-ХХ, дзе ХХ - нумар выканаўцы. Абанентам мабiльных аператараў можна прагаласаваць таксама з дапамогай SMS - на нумар 7708. Але абедзве паслугi не бясплатныя: тэлефонны званок абыдзецца ў 1100 беларускiх рублёў, тэкставае паведамленне - у 1300.
Абвяшчаць балы, якiя беларусы паставяць удзельнiкам "Еўрабачання-2008", будзе спявачка i тэлевядучая Вольга Барабаншчыкава. Экс-тэнiсiстка сцвярджае, што хоць выбар гэты быў для яе нечаканасцю i вымусiў нават крыху адкласцi водпуск, да мiсii яна гатовая - з работай у прамым эфiры знаёмая, на англiйскай мове свабодна размаўляе з 12 гадоў, дый нават сукенку i прычоску сабе ўжо выбрала. "Што скажу ва ўступнай прамове? Напэўна, як i ўсе - з захапленнем падзякую за цудоўнае шоў, - смяецца Вольга. - Няхай гэта прагучыць нясцiпла, але я ўпэўненая ў сваiх сiлах". Добра было б, каб такая ўпэўненасць перадалася нейкiм чынам у Бялград, дзе будзе напружана чакаць вынiкаў выступлення каманда Руслана Аляхно.
Далёкiя, блiзкiя, дзiўныя
Расказваць падрабязна пра ўсiх 43 удзельнiкаў "Еўрабачання", вiдаць, бессэнсоўна - хто сочыць за конкурсам, i так ведае гэтую "кухню". Таму ўзгадаем толькi пра некаторых канкурсантаў - самых адметных.
 
Дыяна Гурцкая.
За мiр ва ўсiм свеце
Грузiя, якую прадставiць на конкурсе Дыяна, у букмекерскiх канторах разглядаецца як адзiн з фаварытаў. I не толькi таму, што, па чутках, за спiнай Дыяны стаiць прымадонна расiйскай эстрады Ала Пугачова. Найперш слухачоў уражвае бездакорны вакал спявачкi, якой нават роля маладой мацi не перашкодзiла выдатна падрыхтавацца да конкурсу. Напярэдаднi Дыяна сказала: "Я хачу паказаць, што я моцная i здатная не толькi плакаць". Выступiць заслужаная артыстка Расii з песняй "Мiр прыйдзе". Удзельнiкаў конкурсу, зрэшты, уражвае не толькi песняй, але яшчэ эксклюзiўнай парфумай "Diana Gurtskaya", прывезенай у якасцi сувенiрнай прадукцыi. У чорна-белай упакоўцы - сумесь трывалых i энергiчных пахаў гiяцынту, ружовага перцу, касаткi, гваздзiкi, амбры i пачулi.
 
Дзiма Бiлан. Лесвiца ў неба
Хто i што б нi казаў пра Бiлана, паважаць спевака можна хоць бы за смеласць - месца, нiжэйшага за 2-е, у Расii яму не даруюць. Але артыст, трэба адзначыць, падстрахаваўся - моцнай баладай "Believe", скрыпкай Страдзiвары ў камплекце са знакамiтым скрыпачом Эдвiнам Мартанам i алiмпiйскiм чэмпiёнам па фiгурным катаннi Яўгенам Плюшчанкам. Пастаноўка нумара атрымалася настолькi складанай, што ад некаторых элементаў - напрыклад, лесвiцы "з неба", на якой спявае Дзiма, - вырашана было адмовiцца. Расiйскую дэлегацыю ўвогуле пераследуюць праблемы: то дэкарацыi затрымалi на сербскай мытнi, то памяняць iх не ўдавалася за адведзеныя арганiзатарамi 40 секунд. I тым не менш, "Бiлан i Ко" скiраваныя на найлепшы вынiк. Публiка гэта ўжо ацанiла - гэтаксама, як арыгiнальную прома-прадукцыю - iмянныя падушкi з выявай спевака.
 
"Terasbetoni".
Рыцары цяжкага рока
Пасля ашаламляльнага поспеху хард-рокераў "Лордзi" Фiнляндыя, здаецца, нарэшце прыгадала, што з'яўляецца радзiмай многiх "зорак" у гэтай галiне, ад зграбнай Evanescense да суровых хлопцаў з "Apocaliptica". Вось i мужчынскi квартэт "Тэрасбетонi" - хэвi-метал-гурт, якi збiраецца "аб'яднаць музыкай усiх нардычных байцоў i спяваць пра змаганнi на фiнскай мове". У iх i песня адпаведная - гэткi гiмн вiкiнгаў "Дзе праходзяць мужчыны".
 
Анi Лорак.
Лэдзi, выйсцi з ценю!
Калi вы любiце гiсторыi пра сучасных Папялушак, то ўкраiнская зорка - адна з iх. Ужо ў 19 гадоў яна атрымала статус заслужанай спявачкi Украiны, i з таго часу трымаецца ў лiдарах поп-сцэны. Але штурмаваць "Еўрабачанне" адна не рызыкнула - спатрэбiлася падтрымка Фiлiпа Кiркорава i ягоная ж песня "Shady Lady", як заўжды, падобная на многiя iншыя, але тым не менш запамiнальная. Анi, якая займаецца акрамя творчасцi рэстаранным бiзнэсам i валодае ўласнай гандлёвай маркай, на конкурсе выступiць яшчэ i як пасол добрай волi ААН па пытаннях ВIЧ-СНIД. На сцэне ж уражвае вiдовiшчнай пастаноўкай з люстэркамi, шклянымi пакойчыкамi i пражэктарамi.
 
Дасцiн-iндык.
Танцуюць усе?
Iрландыя, якой належыць абсалютны рэкорд "Еўрабачання" - 7 перамог - сёлета выклiкала шок ва ўсiх. Бо адправiла на конкурс... не чалавека нават, а тэлевiзiйную ляльку - Дасцiна-iндыка. Дарэчы, недаацэньваць яго не варта - у свой час гэты персанаж ледзьве не сарваў прэзiдэнцкiя выбары ў Iрландыi, бо тысячы бюлетэняў былi запоўненыя на яго iмя. У актыве iндыка таксама дуэт з Крысам дэ Бургам i некалькi ўласных хiтоў. Цяперашняя кампазiцыя - гэта проста заклiк "12 балаў Iрландыi пад iндычыны бiт" i раздача мiнi-копiй героя - мяккiх цацак - у падарунак.
 
Эльнур, Самiр i бiтва анёлаў
Дэбютант "Еўрабачання", Азербайджан, падышоў да адбору выканаўцаў адказна. Увагу прыцягвае ўжо толькi бiяграфiя артыстаў: Эльнур Гусейнаў у мiнулым стаматолаг, артыст оперы i балета i стылiст-цырульнiк, а Самiр Джаваздадзе - моцны хлопец, якi правучыўся ўсяго год ва ўнiверсiтэце бiзнэсу, затое адчувае сябе ў шоў-бiзнэсе як рыба ў вадзе. Здзiвiць Еўропу дэбютанты паспрабуюць... рок-операй. Ва ўсякiм разе, менавiта гэты жанр больш за ўсё нагадвае песня пра Анёла i Дэмана.
 
З iншых удзельнiкаў пастаянныя аглядальнiкi "Еўрабачання" вылучаюць брытанца Эндзi Абрахама, якi яшчэ нядаўна працаваў простым дворнiкам, а пасля тэлешоў "X-Factor" стаў нацыянальным героем; камiчнага персанажа з Iспанii Радольфа Чыкiлiкуатрэ, якi ўяўляе пародыю на Элвiса Прэслi, i дэбютантаў з Сан-Марына, ад якiх пакуль што невядома чаго чакаць. А вось прадстаўнiкоў Аўстрыi i Iталii, як абвясцiлi гэтыя краiны, мы на конкурсе не ўбачым, нягледзячы на тое, што Тота Кутуньо некалi прынёс Iталii яркую перамогу.

Чаго чакаць?
22 i 24 мая, незадоўга да выступлення нашага канкурсанта, у прамым эфiры Першага канала адбудзецца ток-шоў "Ход у адказ", дзе будзе абмяркоўвацца сёлетняе "Еўрабачанне". Пасля галасавання ў студыi пройдзе абмеркаванне, падчас якога на прамой сувязi са студыяй будзе Дзянiс Кур'ян. Чакаецца таксама, што гасцямi бялградскай студыi стануць Фiлiп Кiркораў i Анi Лорак, Дзiма Бiлан i Яўген Плюшчанка, i нарэшце сам Руслан Аляхно.
 
...А вось прадказаць шанцы Руслана нiхто з прафесiяналаў чамусьцi не бярэцца. Калi пяты суразмоўца запар адзначыў, што каментаваць конкурс не будзе - занадта ён непрадказальны, - мы зразумелi, што застаецца толькi варажыць на поспех цi няўдачу. А чаму б не, калi прадзюсар таго ж Бiлана перад выступленнем звярталася да варажбiткi i атрымала даволi прыемныя прагнозы, якiя абнадзейваюць прыхiльнiкаў?
Астролаг i нумаролаг Алiна Волкава адзначае: "Звернем увагу - за апошнiя гады на "Еўрабачаннi" шанцавала выканаўцам, якiя нарадзiлiся ў цотныя гады. Прыгадаем: Марыя Шэрыфавiч - 1984, гурт "Лордзi" заснаваны ў 1996, а яго салiст нарадзiўся ў 1974 годзе, Алена Папарызу - 1982, Руслана - 1974, Сертаб Эрэнер - 1964 года нараджэння. Гледзячы з гэтых пазiцый, Руслану Аляхно будзе цяжка пераламаць тэндэнцыю - ён нарадзiўся 14 кастрычнiка 1981 года, у няцотны год. Гэты ж год нараджэння ў Дзiмы Бiлана. А вось Дыяне Гурцкой цi Анi Лорак можа пашанцаваць - яны нарадзiлiся ў 1978 годзе. Зрэшты, калi разглядаць iндывiдуальны гараскоп Аляхно, патэнцыял у яго вялiкi. У яго хапае iнтуiцыi, каб не трапiць у пасткi, i энергii, каб з iх выбрацца. Дрэнную паслугу можа аказаць толькi адсутнасць партнёра, падтрымка якога вельмi патрэбная ў пэўныя моманты. Так што перспектывы добрыя, але цi хопiць у артыста сiлаў iх рэалiзаваць, сказаць не магу". Увечары i ноччу 22 мая, паводле разлiкаў нумаролага, Аляхно чакае радасць i хваляванне. Наконт другога нават не сумняваемся, што да першага... будзем верыць?
 
Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.
 
P.S. Больш за ўсё перамог у конкурсе - 7 - у Iрландыi. У Люксембруга - 5, Нiдэрландаў i Францыi - 4, у Iзраiля - 3. "АББА" i "Цiч-Iн", Селiн Дыён i Мары Мiрыям, Тота Кутуньо - усе яны бралi ўдзел у "Еўрабачаннi". "Адзiным, хто перамагаў двойчы, быў iрландец Джонi Логан.