Футбол як стыхія. Футбол як жыццё

09.01.2016

"Звязда"

Дырэкцыя інтэрнэт-навін АТН, створаная ў структуры Белтэлерадыёкампаніі параўнальна нядаўна, паспяхова рэалізуе некалькі праектаў. Адзін з іх - праграма "Козел пра футбол", якая ўжо трэці сезон распавядае гледачам пра футбольныя страсці. У кожным выпуску аўтар і вядучая Хрысціна Козел расказвае пра адзін пэўны матч або падзею з жыцця айчыннага футбола.

Штогод у рамках праграмы "Козел пра футбол" выпускаецца промакаляндар. Гэтым разам у ім канцэптуальна ўвасоблена ўяўленне пра аснову жыцця - 4 стыхіі. Зямля, вада, паветра і агонь - гэта тое, што знаходзіцца вакол нас і робіць магчымым існаванне ўсяго жывога на планеце...

Але ж і футбол для мільёнаў людзей - увасабленне самога жыцця. Адданасць традыцыі можа быць моцная, як марскія хвалі; запал і перажыванні за гульню любімай каманды часам палаюць, як наймацнейшы пажар; перамога ж - гэта глыток паветра, а пастаянная падтрымка балельшчыкаў для любога гульца - пажыўная, нібы глеба для раслін.

Вядучая праграмы Хрысціна Козел, як ключавая персона праекта, у розных вобразах на фоне фантасмагарычных пейзажаў увасобіла галоўную ідэю канцэпцыі - "Стыхія. Жыццё. Футбол". Новаўвядзенне ў календары гэтага года - невялікі астралагічны прагноз для кожнага са знакаў задыяка. Промакаляндар "Стыхія. Жыццё. Футбол" - праект некамерцыйны і не рэалізуецца ў гандлёвых пунктах. Стаць яго ўладальнікам могуць удзельнікі розыгрышаў у афіцыйных суполках праекта "Козел пра футбол" у сацыяльных сетках.

Алена ДРАПКО.