Флэшмоб з "Двойкай"

24.12.2015 "Звязда"

"Беларусь 2" віншуе ўсіх сваіх тэлегледачоў з надыходам зімовых свят. Тэлеканал увесь год стараўся радаваць і здзіўляць сваю аўдыторыю. Святочныя эфіры таксама пройдуць у кампаніі нечаканых гасцей, вядомых фільмаў і любімых вядучых.

Увесь тыдзень напярэдадні Новага года праграма "Тэлераніца" будзе дарыць гледачам свае сюрпрызы. Арцеміс Ахпаш, Ілья Конанаў, Віталь Карпанаў і Дзмітрый Карась разам з Вольгай Жураўлёвай будуць будзіць вас і рыхтаваць да навагодніх свят. Інтэрактыўны маладзёжны праект "ПІН_КОД" 31 снежня з’явіцца ў эфіры тройчы: у 13.00, у 15.20 і ў 18.20. У спецыяльным святочным выпуску збяруцца ўсе вядучыя праекта. Ім традыцыйна будуць дапамагаць карэспандэнты, не абыдзецца і без зорных гасцей. А яшчэ гледачоў чакае неонавае шоу, бітва дыджэяў і спецыяльны флэшмоб, уключэнні ў фармаце святочных відэапаштовак з розных краін свету.

Навагодняя ноч пачнецца ў 23.05 і стане сімвалічным музычным завяршэннем Года моладзі ў краіне. У сучаснай версіі класічнага "Блакітнага агеньчыка" прымуць удзел артысты Дзмітрый Калдун, Юзары, Тэа, Ганна Шаркунова, гурты Da Vіncі, "Інжыр" і іншыя. Менавіта ў навагоднюю ноч у эфіры "Беларусь 2" чакайце прэм’еру гімна - музычнай візіткі тэлеканала ў выкананні вядучых і яе аўтара Віталя Карпанава.