Фiналiсты нацыянальнага адбору на дзiцячае Еўрабачанне-2009 вызначацца 1 чэрвеня

29.05.2009
"Звязда", 29 мая 2009 г.


Пакуль вакол беларускага ўдзельнiка "Еўрабачання-2009" Пятра Елфiмава не сцiхаюць скандалы - арганiзатараў правяраюць кантралюючыя органы, а паўнамоцтвы наступнага адбору ўвогуле перададзены iншаму тэлеканалу i iншай камандзе - падрыхтоўка да "Еўрабачання" дзiцячага iдзе спакойна i па плане. 1 чэрвеня ў паўфiнальным канцэрце "Песнi для Еўрабачання" 19 юных выканаўцаў вынесуць на суд журы свае выступленнi.
Прычым, як сцвярджаюць тэлевiзiйнiкi, дзiцячае шоу нiколькi не саступае, а часам i пераўзыходзiць "дарослыя" аналагi па вiдовiшчнасцi i арыгiнальнасцi. Дзiцячая непасрэднасць i высокапрафесiйны вакал, складаныя пастановачныя нумары i яркiя вобразы... Нават вядучаму канцэрта Дзянiсу Кур'яну i старшынi журы, народнаму артысту Беларусi Васiлю Раiнчыку, давялося прымераць нязвыклае амплуа i асядлаць "байк-пачвару"!
Увесь гэты працэс у падрабязнасцях убачаць гледачы Першага канала i "Беларусь-ТБ", якiя таксама першымi даведаюцца, хто з канкурсантаў працягне барацьбу ў фiнале рэспублiканскага конкурсу. Па вынiках выступлення журы вызначыць не больш як 10 фiналiстаў. У вераснi пройдзе i заключны этап нацыянальнага адбору на дзiцячае "Еўрабачанне" - у форме гала-канцэрта, пасля якога пераможцу абяруць сумесна гледачы i журы. Толькi тады стане вядома, хто з маленькiх спевакоў цi спявачак (а мо, дуэт цi трыа?) ад Беларусi будзе выступаць на дзiцячым "Еўрабачаннi-2009" 21 лiстапада ў Кiеве.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.