Фiнал "ЕўраФэсту" пройдзе з "пачварамi" i "З сябрамi"

18.01.2008
"Звязда", 18 студзеня 2008 г.


У панядзелак, 21 студзеня, у Палацы спорту адбудзецца фiнал праекта "ЕўраФэст" - нацыянальнага адборачнага этапа на мiжнародны конкурс "Еўрабачанне-2008". З чатырох фiналiстаў - Руслана Аляхно, Gunеsh, гуртоў "Litеsоund" i "По глазам" - прафесiйнае журы вызначыць пераможцу. Яму (ёй, iм - пакуль невядома) i выпадзе гонар i адказнасць афiцыйна прадставiць нашу краiну ў сталiцы Сербii ў маi. Як мiнiмум на паўфiнале. (Нагадаем, па новых правiлах, конкурс "Еўрабачанне" складаецца з двух паўфiналаў - 20 i 22 мая, i фiналу - 24 мая 2008 года).
Акрамя самiх канкурсантаў, выступiць у фiнальным канцэрце Белтэлерадыёкампанiя запрасiла ўдзельнiкаў i пераможцаў "Еўрабачання" розных гадоў. Сярод гасцей чакаюцца пераможца "Еўрабачання-2003", эфектная турчанка Сертаб Эрэнер, пераможца "Еўрабачання-2004", энергiчная Руслана, пераможцы "Еўрабачання-2006", "монстрападобны" эпатажны фiнскi гурт "Lоrdi", удзельнiца "Еўрабачання-2005" ад Расii Наталля Падольская, а таксама адзiн з найбольш верагодных кандыдатаў на ўдзел у сёлетнiм конкурсе Аляксандр Панаётаў. Падтрымае дарослых удзельнiкаў таксама пераможца дзiцячага "Еўрабачання-2007" беларус Аляксей Жыгалковiч.
Як заўжды, каментаваць фiнальны канцэрт будуць двое вядучых - Дзянiс Кур’ян непасрэдна з Палаца спорту, Вера Палякова - са студыi, у якой будзе ацэньваць выступленнi ўдзельнiкаў прафесiйнае журы на чале з народным артыстам Беларусi Мiхаiлам Фiнбергам.
Акрамя таго, як паведамляе Дырэкцыя музычных i забаўляльных праграм Белтэлерадыёкампанii, адмыслова да фiнальнага канцэрта падрыхтаваны некалькi сюрпрызаў. Так, адкрые канцэрт... рота ганаровай варты, якая выканае кампазiцыю, што прынесла Беларусi найбольшы поспех за час удзелу ў конкурсе - "Wоrk Yоur Mаgiс". Новаўвядзеннем гэтага года - i, як мяркуюць арганiзатары, традыцыяй будучых - стане гiмн "ЕўраФэсту" "Wе rосk". Гэтая песня, напiсаная прадзюсарам Яўгенам Алейнiкам i салiстам гурта "Dаli" Вiктарам Рудэнкам, прагучыць на дзвюх мовах - беларускай i англiйскай - у выкананнi ўсiх фiналiстаў праекта. Прамая трансляцыя фiнальнага канцэрта пачнецца ў 21.40 на Першым канале i спадарожнiкавым канале "Беларусь-ТБ".

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.