"Фіналісты "ЕўраФэсту" - калегі, а не канкурэнты"

01.02.2012
"Звязда", 1 лютага 2012 г.


Пра артыста Юзары беларуская публіка збольшага даведалася на леташнім адборы на "Новую хвалю-2011". Тады якраз гэты кучаравы хлопец і перамог, абышоўшы ў спаборніцтве больш за 20 артыстаў, у тым ліку Руслана Аляхно і будучую заслужаную артыстку Беларусі Алену Ланскую.
У той жа год у якасці бэк-вакаліста Анастасіі Віннікавай Юзары ўзяў удзел у "Еўрабачанні". У фінале "ЕўраФэсту" спявак выступіць з песняй "Thе Wіnnеr", словы і музыку да якой напісаў сам. У інтэрв'ю спявак распавёў, чаму вырашыў удзельнічаць у конкурсе:
- Я хацеў усё цалкам зрабіць сам. На конкурсе вельмі важна выконваць тое, што напісаў менавіта ты. Часта для выканаўцаў песні піша нехта іншы. І часта самі выканаўцы нават не здагадваюцца, што ўяўляе з сябе аранжыроўка песні. Я лічу, што вакаліст павінен выконваць тую кампазіцыю, у стварэнні якой прымаў удзел. Аранжыроўка, тэкст, музыка... Што датычыць майго нумара, то я прымаў удзел ва ўсім. Касцюмы, дэкарацыі - усё праходзіла праз мяне. Таму што выступаць мне, а не камусьці іншаму.

- Узгадайце, калі ласка, свой леташні вопыт удзелу ў "Еўрабачанні".
- Мне спадабалася арганізацыя. Я сачыў за тым, як ставяцца да конкурсу ўсе краіны. Конкурс уразіў: настолькі ўсё было да секунды дакладна! Выканаўца нават не задумваўся над тым, калі яму трэба выходзіць. Кожны займаўся сваёй справай: артысты, бэк-вакалісты, персанал. Таму такіх экстрэмальных забегаў з касцюмамі цераз плячо (як часам бывае ў артыстаў) і не магло быць. Мяне гэта радавала, і я стараўся вучыцца ўсяму, што бачыў.

- Склалася думка, што Беларусь ставіцца да конкурсу надзвычай сур'ёзна. А еўрапейцы?
- Еўрапейцы глядзяць на конкурс, як на Мікі Маўса ў Дыснэйлэндзе. Гэта ж мастацтва! Артысту нельга сябе накручваць, што вось выйдзеш - і ўсё, абавязкова павінен перамагчы. Не спрачаюся, інстынкт імкнення да перамогі ёсць у кожнага чалавека. Аднак, каб перамагчы, гэтага інстынкту якраз і дастаткова. Не трэба муштраваць сябе ўнушэннем перамогі. Так, мы павінны ўкласці шмат працы, але не з такім настроем. Трэба проста кайфаваць ад таго, чым ты займаешся. Вось і ўсё. У еўрапейцаў гэта атрымліваецца.

- Ці будуць нейкія карэкціроўкі ў тваім нумары падчас фіналу?
- Нумар не зменіцца, але дапоўніцца. Так атрымалася, што і адбор, і паўфінал - уся наша песня па "ЕўраФэсце" ідзе па ўзрастанні. Я лічу, гэта правільна, таму ўсе карты адразу раскрываць не варта. Магчыма, дасць Бог, песню выберуць, але змест нумара зменіцца. Для гэтага і існуюць адбор, паўфінал і фінал, каб і спявак, і каманда "ЕўраФэсту" пабачылі свае памылкі і змаглі іх выправіць.

- Ці ёсць у цябе свае фаварыты ў беларускім адборы?
- Фаварыты? Не, гэта калегі. Тыя, хто адбіраецца, усіх можна назваць калегамі - мы ўсе поруч адзін з адным. Я лічу, усе выканаўцы павінны дапамагаць адзін аднаму. Пажадай удачы, папляскай па плячы. Чаму мы павінны ставіцца адзін да аднаго як канкурэнты? Глядзі за тым, што ён зрабіў добрага, а не дрэннага. Падзякуй, што ён паказвае сваю музыку і дзеліцца сваёй энергетыкай. Не трэба крытыкаваць артыста.

- Лічыцца, што, выступаючы на "Еўрабачанні", артыст не толькі выконвае песню - артыст прэзентуе краіну. Як па-твойму, якім чынам варта падаваць беларускую культуру ў Еўропе?
- Праз фолк! У нас найбагацейшы пласт народнай музыкі, які адрозніваецца ад фолку суседзяў. Калі пакапацца ў гісторыі Беларусі, высветліцца, што мы не настолькі блізкія з Расіяй. Мы зусім іншы народ. У нас свая багатая культура і ёсць што паказаць. Адказ на гэтае пытанне я, дарэчы, шукаю ўжо даўно. Я апрацаваў некалькі народных песень на свой - "юзараўскі" - лад і зразумеў, як трэба правільна паднесці наш фолк.
Многія кампазітары кіруюцца якімісьці шаблонамі, фарматам-нефарматам. Думаю, гэтыя спатыканні аб фармат-нефармат - ужо няправільна. Рабі ад сябе. Калі ты сам сябе зразумееш, публіка цябе абярэ.

- Ты беларус, які вучыцца ў расійскім універсітэце. Як лічыш, у выніку перамогі ў "ЕўраФэсце" ці дапамогуць табе расіяне, галасуючы за цябе на "Еўрабачанні"?
- Гэта не козыр, гэта плячо. Чаму б краінам, якія побач, не падтрымаць адна адну? Адна галава добра, а дзве - лепш!

- Як спявак Юзары плануе развівацца далей у музычным кірунку?
- Зараз вядуцца перамовы аб супрацоўніцтве з вялікабрытанскім рэкард-лэйблам. Яны зацікаўленыя ў маёй творчасці. У бліжэйшы час рыхтуецца прома-дыск, які будзе прэзентаваць мае музычныя напрацоўкі. Што будзе далей?.. Адно выцякае ў другое, а другое - у трэцяе. Што мяне чакае, ведае толькі Бог і фартуна...

Ілья ЛАПАТО.