Фінал "Еўрабачання" пройдзе без "Герояў", але з "Эйфарыяй"

26.05.2012
"Звязда", 26 мая 2012 г.


Беларускія балельшчыкі сумуюць: з тэнісных, хакейных пляцовак і футбольных палёў апошнім часам прыходзяць спрэс не радасныя весткі. На жаль, гэтая тэндэнцыя стала заразлівай. Выступленне гурта "Lіtеsоund" у другім паўфінале "Еўрабачання" ў сонечным Баку сустрэла халодны прыём еўрапейскай публікі, і наша краіна з далейшай барацьбы выбыла.
Хацелася б напісаць, што гледачоў перапаўняюць эмоцыі і ў рэдакцыю паступаюць гнеўныя званкі, але, па шчырасці, гэта не так. Безумоўна, крыўдна будзе, калі ў ноч з 26 на 27 мая апублікуюць вынікі галасавання на ўсіх трох этапах конкурсу і высветліцца, што да дзясяткі лепшых беларусам не хапіла ўсяго пары балаў. Але, як кажа ў такіх выпадках кіраўнік праекта "ЕўраФэст" Аляксандр Ціхановіч: "Гэта конкурс, і ў ім заўжды нехта прайграе". Сапраўды, каго і ў чым папракаць, калі адміністрацыйная і творчая каманда сёлета працавалі зладжана, здароўе нікога не падвяло, тэхніка спрацавала як след, і нават галоўная экс-суперніца Алена Ланская арганізавала за кулісамі самую гарачую групу падтрымкі "Lіtеsоund"?.. Не пашанцавала - і ўсё тут.
Беларуская інтэрнэт-суполка надзіва спакойна паставілася да гэтага выніку, адзначыўшы хіба што наступнае:
а) другі паўфінал быў мацнейшым за першы,
б) выступленне многім спадабалася. Хоць, безумоўна, многія з нецярпеннем чакаюць, ці адбудзецца сёлета традыцыйны "разбор палётаў" у выглядзе тэлевізійнага ток-шоу, а таксама пэўных арганізацыйных высноў.
Але ўстрымаемся да канчатковага высвятлення ўсіх абставін і ад плачу Яраслаўны, і ад злараднасці. (Тым больш, кропкі над "і" мы зможам расставіць зусім хутка: у нядзелю беларуская дэлегацыя ўжо вернецца ў Мінск). Лепш нагадаем, што сёння ў "Баку Крыстал Хол" адбудзецца фінальны канцэрт "Еўрабачання-2012". У ім выступяць артысты з 26 краін - па 10 з кожнага паўфіналу, "вялікая пяцёрка" (Вялікабрытанія, Германія, Іспанія, Італія і Францыя), а таксама краіна - гаспадыня конкурсу Азербайджан. І, нарэшце, вырашыцца галоўная інтрыга сёлетняй песеннай еўрагонкі: хто стане яе пераможцам - фаварытка букмекераў, шведская спявачка Лорын (стаўкі на яе прымаюцца ўжо з каэфіцыентам 1!) або цудоўным чынам нехта іншы (прыкладам, "Буранаўскія бабулі" з Расіі, серб Жэлька Ёксімавіч, турак Джан Банома, італьянка Ніна Зілі)?
Па звестках беларускіх букмекерскіх клубаў, нашы суайчыннікі больш за ўсё вераць у перамогу Швецыі ці Расіі, найменш - у Венгрыю. Але як яно акажацца насамрэч, дазнаемся сёння ўначы, калі ўсе 42 краіны-ўдзельніцы зробяць свой выбар. Каментаваць фінал будуць Дзяніс Кур'ян і Аляксандр Ціхановіч, а абвяшчаць балы ад Беларусі - удзельнік "Еўрабачання-2007" і пакуль што наш адзіны гонар на гэтым конкурсе, спявак Дзмітрый Калдун.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.