Фільм-гісторыя пра багемскае шкло - на "Беларусь 1"

26.02.2016

"Звязда"

Сёння ў вячэрнім эфіры глядзіце працяг дакументальнага цыкла "Лёс гігантаў". У новай серыі можна будзе даведацца ўсё пра багемскае шкло, здзейсніўшы чарговую вандроўку ў часы СССР.

"Яго нельга чапаць, на яго можна толькі маліцца!" - гэтая фраза з вядомага фільма Эльдара Разанава "Дзяўчына без адраса" як мага лепш апісвае дэфіцыт багемскага шкла ў Савецкім Саюзе. Яго ў тыя часы можна было здабыць хіба што праз пятыя рукі і з вялікай пераплатай... У новай серыі, якую можна паглядзець адразу пасля "Панарамы", аўтары праекта сабралі самыя цікавыя факты пра багемскае шкло: унікальнае відэа, экспанаты, якія ўпершыню пакажуць у тэлеэфіры. Таксама даведаемся сакрэты шкловарэння. Нам дадуць адказы і на такія пытанні: навошта Брэжневу спатрэбілася ваза вышынёй больш за метр, чаму "сухі закон" ледзь не спыніў шклозаводы ў Саюзе і як Захад спрабаваў пераманіць нашых майстроў да сябе.

Нагадаем, усяго у новым сезоне "Лёсу гігантаў" гледачоў чакае дзесяць серый пра савецкае мінулае і яго таямніцы.

Алена ДРАПКО.