Эстрада без ружовых акуляраў

06.08.2011
"Культура", 6 августа 2011 г.


Няўжо музычная канцэпцыя не прадугледжвае "разгорнутых думак"?
Эстрадная музыка была, ёсць і будзе ў цэнтры ўвагі грамадскасці, прэтэндуючы на статус аднаго з найбольш медыйных відаў мастацтваў. Таму "ў перапынку" паміж двума буйнымі форумамі - ліпеньскім ХХ Міжнародным фестывалем мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" і ХІ Нацыянальным фестывалем беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне, які адбудзецца 26 - 28 жніўня, - "К" сабрала "круглы стол", прысвечаны праблемам эстрады. Яго ўдзельнікамі ў Інфармацыйным цэнтры "Культура-інфа" сталі Алена Атрашкевіч - член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, кампазітар, старшыня камісіі па спецыяльнасці "Мастацтва эстрады (спевы)" Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, Юрый Бурш - музычны рэдактар радыёстанцыі "Радыус-FM", Уладзімір Кубышкін - прадзюсар, Дзяніс Шпітальнікаў - дырэктар музычных і забаўляльных праграм Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь, Таццяна Якушава - галоўны рэдактар Музычнага вяшчання Беларускага радыё, а таксама рэдактары аддзелаў газеты "Культура" Дар'я Амяльковіч і Надзея Бунцэвіч.

Алена Атрашкевіч: - Найперш хацелася б узняць пытанне прафесіяналізму. Так, заўсёды былі, ёсць і будуць самародкі, адораныя і прыроднай пастаноўкай голасу, і музычнасцю, і артыстызмам, але гэта, хутчэй, выключэнне з правілаў. Музыка (і эстрада ў тым ліку) - гэта тая сфера, дзе навучальны працэс павінен пачынацца калі не з дзяцінства, дык хаця б з падлеткавага ўзросту. Сучасны свет увогуле патрабуе адукаванасці ў любой галіне дзейнасці. 

Уладзімір Кубышкін: - Вось я як прадзюсар, да прыкладу, не маю спецыяльнай адукацыі. І з-за гэтага не пакутую. 

Надзея Бунцэвіч: - У нас на прадзюсараў яшчэ толькі-толькі пачынаюць вучыць: не склаліся ні традыцыі, ні, тым больш, школа як сукупнасць методык. 

Уладзімір Кубышкін: - Ды я сам усе свае напрацаваныя веды ў гэтай галіне мог бы змясціць у пяцігадзінны курс лекцый, навучыўшы на прадзюсара любога, у каго ёсць здольнасць выбудоўваць больш за тры звёны лагічных ланцужкоў. Нават спрабаваў выкладаць у прыватнай ВНУ, але там крыху іншая спецыфіка. Так што паняцце прафесіяналізму, пэўна, адноснае.
Надзея Бунцэвіч: - Наадварот: вельмі дакладнае, калі ацэньваць па выніках. 

Алена Атрашкевіч: - Пад словам "адукаванасць" трэба разумець не проста наяўнасць дыплома, а ўменне прыкласці свае веды на практыцы. І тут адразу паўстае пытанне пераемнасці навучання. Бо чым раней будзе пачынацца правільнае навучанне і чым больш паслядоўна яно будзе працягвацца, тым больш чалавек паспее зрабіць, тым больш высокім будзе яго прафесійны ўзровень. Сёння працуюць шмат дзіцячых эстрадных студый, калектываў, удзельнікі якіх выязджаюць за мяжу, паспяхова ўдзельнічаюць і перамагаюць на разнастайных замежных конкурсах. Але куды потым знікаюць нашы юныя зорачкі? З гэтым я сутыкнулася і ў сваёй навучальнай установе - Мінскім дзяржаўным каледжы мастацтваў. Спецыялізацыя эстрадных спеваў там з'явілася не так даўно, усяго пяць гадоў таму, задача была - забяспечыць Мінскую вобласць педагагічнымі і выканальніцкімі кадрамі. Сёлета ў нас адбыўся другі выпуск, і нават я, маючы вялікі вопыт працы з дзецьмі больш ранняга ўзросту, не чакала, што за чатыры гады навучання можна дабіцца так шмат. Але надалей нашых выпускнікоў павінны падхопліваць Універсітэт культуры і мастацтваў, іншыя ВНУ з адпаведнымі факультэтамі, прадзюсары, творчыя калектывы. 

Таццяна Якушава: - Дэфіцыт прафесійнасці адчуваецца адразу - нават непрафесіяналамі. І наадварот: тыя ж выпускнікі Мінскага каледжа мастацтваў, якіх мне даводзілася назіраць на справаздачных канцэртах, часам пераўзыходзяць некаторых нашых вядомых выканаўцаў. А колькі цудоўных дзяцей адкрываюць нашы шматлікія эстрадныя конкурсы - той жа "Маладзічок" у Маладзечне, многія іншыя. Але што будзе надалей з іх пераможцамі? Бо ўжо ў дзіцячым узросце відавочныя парасткі асобы - значыць, трэба іх узрошчваць і песціць надалей, а не вырабляць на дарослай эстрадзе штучны "пластылінавы" прадукт. Трэба тых таленавітых дзяцей "абдымаць і весці", мэтанакіравана прасоўваць на прафесійную эстраду, а не шукаць штогод новых непадрыхтаваных, з якіх, маўляў, мы зараз зробім цуд. 

Дзяніс Шпітальнікаў: - Для мяне як для тэлевізійшчыка існуе дакладны падзел на конкурсных спевакоў - і эстрадных артыстаў, якія маюць дачыненне да шоу-бізнесу. Падзел на мастацтва і шоу-бізнес існуе ва ўсім свеце, і змешваць гэтыя сферы не трэба. Большасці слухачоў, якія з'яўляюцца карыстальнікамі пладоў шоу-бізнесу, няма ніякай справы да таго, бярэ спявак высокую ноту ці не. Галоўнае, каб ён быў яркі, запамінальны. Рыхтуючы тыя ж тэлетрансляцыі "Славянскага базару ў Віцебску", мы неаднойчы казалі ўсім, хто марыць трапіць на тэлеэкран: калі ласка, рыхтуйце сцэнічныя строі, стаўце нумары, бярыце музыкантаў-інструменталістаў і балет. Бо некаторыя думаюць, што дастаткова прыехаць, выйсці на сцэну, правесці там адведзеныя тры хвіліны - і ўсё, ты "адзначыўся" на фестывалі. А тая ж Лайма Вайкуле, запрошаная нават з адной-дзвюма песнямі, бярэ з сабой чалавек дзесяць балета. Бо ў сапраўдных зорак больш паважлівае стаўленне да сцэны, чым у некаторых пачаткоўцаў, якія часам папросту не разумеюць, дзеля чаго яны выходзяць да публікі: ці забаўляць гледачоў, ці, можа, несці ім свае перажыванні, ці клікаць за сабой. У большасці з тых, хто прыходзіць на эстраду, такой ідэі няма. Ёсць іншае: спяваць, каб знаходзіцца ў цэнтры ўвагі. І ўсё! А гэтага, вядома, замала.

Надзея Бунцэвіч: - Наколькі я вас зразумела, размова - пра мастацкую ідэю і, адпаведна, пра мэтавую аўдыторыю кожнага спевака...

Дзяніс Шпітальнікаў: - Здаецца, само паняцце "мэтавай аўдыторыі" для некаторых з іх не зразумелае. Галоўнае - "засвяціцца". А "дзеля чаго свяціць" і "для каго" - не важна.

Уладзімір Кубышкін: - Асноўная праблема (а насамрэч, не столькі праблема, колькі дадзенасць, рэальнасць, якую нельга змяніць, але трэба абавязкова ўлічваць і ставіцца да яе з паразуменнем), - гэта тое, што мы жывём у маленькай па сваіх геаграфічных памерах краіне.

Надзея Бунцэвіч: - А як тады іншыя еўрапейскія краіны? Беларусь у параўнанні з многімі - куды большая.

Уладзімір Кубышкін: - Там артысты супрацоўнічаюць з еўрапейскім шоу-бізнесам, інвестуюць грошы на раскрутку на тэрыторыі ўсёй Еўропы, а каму пашанцуе - і свету. Мы ж намагаемся зарабіць грошы "ў адной асобна ўзятай краіне". Але становішча ў нас далёка не самае горшае! Калі нашы артысты прыязджаюць, скажам, у Літву, іх прымаюць, як сапраўдных зорак.

Дар'я Амяльковіч: - У той жа Прыбалтыцы добра развітыя джазавае мастацтва, фальклорнааўтэнтычны кірунак.

Уладзімір Кубышкін: - Я кажу менавіта пра шоу-бізнес: на маленькай прасторы немагчыма вярнуць (тым больш - з прыбыткам) хоць якую-небудзь значную суму грошай, патрэбную для эстраднага мастацтва.

Дар'я Амяльковіч: - Дык, павашаму, у моладзі маленькай краіны няма перспектыў?

Уладзімір Кубышкін: - Чаму ж? Але давайце падлічым: складзём выпускнікоў нашых музычных вучылішчаў, каледжаў мастацтваў, ВНУ культуры - атрымаецца пара тысяч культурных работнікаў. І ўсе, хто можа прыдумаць матыўчык, пачуваюць сябе Моцартамі, а дзяўчынкі, якія спяваюць, - прынцэсамі. Але барані вас божа сказаць ім, што гэта не так - нават у сяброўскай размове, жартам: вас не зразумеюць, вам ніколі не даруюць! Таму, калі мяне просяць паглядзецьпаслухаць чарговы малады талент, я заўсёды шукаю нейкія добрыя словы. Не падманваю, а звяртаю ўвагу на моцныя звёны, на тое, што ў гэтым аўтары або выканаўцы больш "прыкольнае". Іншая справа, дзе і як тыя адметнасці можна выкарыстаць. Можа, камусьці трэба спяваць у бэк-вакале, у хоры, а не прэтэндаваць на статус саліста. А некаму хопіць працы ў рэстаране, дзе, паверце, можна атрымаць грошай куды больш, чым на вялікай эстрадзе. Усё гэта - розныя фарматы, але кожны з іх годны павагі, калі тое робіцца добра, на належным узроўні. Але рынак - вузкі. Звычайна скардзяцца, што беларускія артысты не запатрабаваны ў публікі, што ніхто з іх не збярэ залу таго ж віцебскага Амфітэатра, як расійская Алена Ваенга. А калі б яна жыла і працавала ў нас, на, паўтаруся, айчынным вузкім рынку, дык колькі разоў у год магла б сабраць Палац спорту? Вось вам і адказ.

Юрый Бурш: - Так, краіна ў нас не самая вялікая ў свеце. Але хто перашкаджае нашым спевакам гэтак жа, як і артыстам заходніх краін, супрацоўнічаць з еўрапейскім шоу-бізнесам? Перашкаджае не хто, а што: якасць іх прадукцыі. Вядома, ёсць і вельмі якасныя праекты, якія прадстаўляюцца за мяжой, але гэтая з'ява, на жаль, пакуль не масавая.

Дар'я Амяльковіч: - Разам з тым, у тым жа расійскім шоу-бізнесе беларускіх спевакоў апошнім часам становіцца ўсё больш - дарэчы, куды больш, чым з многіх іншых краін...

Юрый Бурш: - Але яны не вяртаюцца! У лепшым выпадку - прыязджаюць да нас выступаць як "крыху замежныя" госці. Нашым жа слухачам, пэўна, хацелася б, каб яны заставаліся ў нас - і ездзілі выступаць у замежжа.

Уладзімір Кубышкін: - Навошта расцэньваць такія ад'езды як трагедыю? Радавацца трэба, што ў чалавека добра развіваецца кар'ера! Бразілія, прабачце, чамусьці не плача, што, маўляў, "страчвае" сваіх футбалістаў, якія гуляюць за іншыя каманды па ўсім свеце.

Надзея Бунцэвіч: - А што? Беларусы ў замежжы - як "экспансія" беларускай культуры. Што ж да формулы "жыць тут - выступаць там", дык падобная схема была добра распрацавана ў межах колішняй савецкай прасторы для буйных філарманічных калектываў. Падрыхтаваўшы новую праграму, артысты "абкатвалі" яе на роднай сцэне і рушылі ў працяглы гастрольны тур - па ўсіх кутках Саюза. Праз нейкі час рыхтавалі чарговую праграму - і зноў у дарогу. Нават смяяліся, што тых жа "Песняроў" на чале з Уладзімірам Мулявіным можна часцей заспець "у гасцях", чым на беларускіх сцэнах.

Алена Атрашкевіч: - Па такім жа прынцыпе цяпер працуе "Камерата": мабільны джазавы вакальны гурт запатрабаваны далёка за межамі краіны.

Надзея Бунцэвіч: - Для некаторых буйных калектываў цяперашняе "звужэнне рынку" часам выклікана не адсутнасцю попыту на іх творчасць, а складанасцю вывазу адразу вялікай колькасці артыстаў. Гэта вымушае іх рыхтаваць усё новыя і новыя праграмы: адну і тую ж безліч разоў на адной сцэне не пакажаш.

Уладзімір Кубышкін: - Гэтак жа - і з песнямі. На нашым вузкім рынку, каб утрымацца і не надакучыць, трэба куды больш новых песень, чым на шырокай геаграфічнай прасторы: 30 новых - штомесяц.

Таццяна Якушава: - Не трэба столькі! Бо калі ўзнікае гэткі "вал", агульная карціна атрымліваецца даволі сумнай.

Юрый Бурш: - Яна будзе яшчэ больш сумнай, калі на радыё, пры неабходных 75-і працэнтах беларускага эфіру, штодзень будзе гучаць адзін і той жа выканаўца з адной і той жа песняй. Таму і патрэбны 30 песень, каб была хаця б разнастайнасць. Так што праблема нават не ў тым, што добрых песень мала, а ў тым, што дрэнных, на жаль, зашмат.

Таццяна Якушава: - Таму што ствараюць тыя песні - непрафесіяналы. Не трэба, паўтаруся, многа песень! Хай будзе менш, але - годных, якасных.

Уладзімір Кубышкін: - Калі будзе 30 песень у месяц, будзе з чаго выбіраць. І праблема не ў тым, што іх шмат, а ў тым, што прафесійна іх ствараюць усяго два-тры аўтары.

Юрый Бурш: - Новыя работы, безумоўна, патрэбны. У неабходнасці іх з'яўлення - сама прага да новага. Але калі мы хочам, каб у нас была моцная эстрада, дык і ацэньваць яе трэба па сусветных стандартах, без скідак на тое, што гэта "нашы". У нас жа пакуль атрымліваецца прыблізна так: маўляў, няхай нашы падымаюць штангу вагой паменей - мы ўсё роўна залічым ім, быццам яны выйшлі на сусветны рэкорд.

Уладзімір Кубышкін: - У свой час 75 працэнтаў беларускай музыкі, якія павінны прысутнічаць у эфіры, былі прагрэсіўным крокам. Але прафесійнаму аўтару, каб стварыць добрую песню, патрэбен месяц. Зразумела, мелодыя можа нарадзіцца імгненна, але каб давесці яе да ладу, неабходны час. Дый добрыя мелодыі не з'яўляюцца штохвілінна. На сённяшні дзень, каб забяспечыць тыя 75 працэнтаў новымі песнямі, аўтары, наколькі я ведаю, ужо выцягнулі са сваіх самых далёкіх паліц і тыя накіды, што рабіліся шмат гадоў таму, і тое, што пісалася не для сцэны, а так, для сябе, сваіх родных і каханых. Таму многія фарматныя песні, якія з'яўляюцца сёння, гэта часта, так бы мовіць...

Таццяна Якушава: - ...Трэкі, не больш.

Уладзімір Кубышкін: - Я сказаў бы, можа, крыху інакш. Такая сітуацыя з пошукамі рэпертуару ўласцівая не толькі Беларусі, але і, да прыкладу, Расіі. Толькі прычыны там іншыя: усе песні "скупіла" тамтэйшая "Фабрыка зорак". Дарэчы, набывалі яны іх і ў некаторых нашых кампазітараў. Але справа не толькі ў гэтым, а - у стылёвай абмежаванасці песень. Здавалася б, яна можа быць створана ў любым стылі: з выкарыстаннем сучасных тэхналогій у аранжыроўцы - ці пад гітару, цымбалы...

Алена Атрашкевіч: - ...Ці як джазавы стандарт.

Уладзімір Кубышкін: - Для джаза існуюць асобныя каналы і станцыі. Але, пры ўсёй стылёвай размаітасці, публіка схільная аддаваць перавагу танцавальнасці. І ад гэтага я пакутую - не столькі як прадзюсар, колькі як аўтар слоў. Бо на такія рытмы патрабуюцца простыя, словы з невялікай колькасцю складоў, сціслыя сказы: музычная тэндэнцыя не прадугледжвае разгорнутых думак.

Таццяна Якушава: - Сусветныя тэндэнцыі - куды больш шырокія. Дайце моладзі шанс знайсці штосьці новае!

Уладзімір Кубышкін: - А што яны есці будуць, тыя маладыя? На жаль, свае рэальныя магчымасці ацэньваюць далёка не ўсе. А трэба ўлічваць яшчэ і тое, што калі хтосьці новы прыйдзе на эстраду, дык камусьці са старэйшых давядзецца з яе сысці.

Надзея Бунцэвіч: - Ні ў якім разе! Культура і мастацтва - якраз тыя сферы, дзе ўсе нішы ніколі не будуць запоўнены, дзе калі і ёсць штосьці незапатрабаванае, дык усяго толькі таму, што яго не прапаноўваюць належным чынам ці яно не той якасці.

Уладзімір Кубышкін: - Справа не ў мастацкіх нішах, а, элементарна, у колькасці грошай. Калі з'яўляецца новы артыст, ён адцягвае на сябе тыя фінансавыя сродкі, якія раней маглі б пайсці на каго-небудзь іншага. Значыць, той, іншы, будзе вымушаны зарабляць іх іншым чынам. Паглядзіце, сёння большасць артыстаў мае дадатковы бізнес: хтосьці адкрывае святочныя агенцтвы, хтосьці зарабляе яшчэ чымсьці. А для моладзі ў нас, насамрэч, усе дарогі адкрыты! Радыё, тэлебачанне - усё бясплатна: няма, як у Маскве, ніякіх прэйскурантаў на ўдзел у той або іншай праграме. Галоўнае - прапануй штосьці годнае.

Юрый Бурш: - А тым часам на эстраду імкнуцца тыя, хто спявае "дзеля самога працэсу", бо ім самім гэта падабаецца.

Алена Атрашкевіч: - На Захадзе такія спевы пад фанаграму "мінус адзін" называюць "караоке"...

Юрый Бурш: - Здараецца, не ставяць перад сабой ніякіх мэт і тыя, хто прыносіць свае ўласныя песні. На мае пытанні адказваюць: "Хачу, каб прагучала на радыё". А што далей? Калі ж песню прыносяць на радыё, каб потым слухачы пазналі яе на канцэрце, гэта ўжо іншая справа. Творца павінен ствараць уласны "план росту". Добра, калі такім планаваннем займаецца прадзюсар, але ў кожнага павінна быць і свая галава на плячах. Калі чалавек дакладна ўяўляе сябе ў будучым і да гэтага імкнецца, усё звычайна і "здзяйсняецца". Калі ж не - вінаватымі аказваюцца ўсе, акрамя яго самога.

Надзея Бунцэвіч: - Але ж ці адкрываюць у нас радыё- і тэлеэфіры шлях да папулярнасці? Мяркую, усё ж не.
Таццяна Якушава: - Усё залежыць ад праекта. Летась Першы канал Беларускага радыё ўпершыню правёў конкурс "Маладыя таленты Беларусі", сёлета ён аб'яўлены зноў. Ахвотных удзельнічаць столькі, што можна праводзіць некалькі конкурсаў адначасова! Радасна, што самыя адораныя будуць пачуты. Але, зноў такі, мы можам даць ім толькі першы штуршок. Далейшае - у іх уласных руках, хтосьці абавязкова "праб'ецца".

Уладзімір Кубышкін: - Ды ўсё ж, нават папулярнасць - гэта яшчэ не гарантыя, што на сваіх эстрадных спевах ты зможаш зарабіць грошы.

Алена Атрашкевіч: - Уладзімір, у вас надта песімістычны погляд на многія рэчы. Але сапраўды: у нашай краіне створаны ўсе ўмовы - найперш, на высокім дзяржаўным узроўні, каб моладзь магла рэалізаваць свой творчы патэнцыял на пачатковым этапе. Што ж да далейшых этапаў, дык праблема менавіта ў іх. У нас ёсць прызнаныя артысты - пераважна старэйшага пакалення - і ёсць добрая моладзь - пачаткоўцы, для якіх таксама існуе шмат рэальных праектаў, тых жа конкурсаў, дзе можна сябе паказаць. А хто паміж гэтымі пакаленнямі?

Уладзімір Кубышкін: - Іх амаль няма. Бо пры існуючым падзеле на "дзяржаўную эстраду" і артыстаў шоу-бізнесу тыя ж Аня Шаркунова і Герман, якіх я прадзюсірую, афіцыйна да эстрады быццам увогуле ніякага дачынення не маюць: Герман - вядучы АНТ, Ганна - кіраўнік вакальнай студыі на музычна-педагагічным факультэце БДПУ імя Максіма Танка. Таму канкурэнцыя, калі і атрымліваецца, дык не паміж тымі або іншымі канкрэтнымі артыстамі, а паміж іхнімі статусамі.

Надзея Бунцэвіч: - Іншымі словамі, паміж тымі, хто мае дзяржаўную падтрымку, і хто яе не мае. Такім чынам, вы за тое, каб усе былі пастаўлены ў роўныя ўмовы.

Юрый Бурш: - Функцыя камерцыйных устаноў - забаўляць, дзяржаўных - выхоўваць. Хай кожны займаецца сваёй справай!

Алена Атрашкевіч: - Цяпер такі час, што творчасць - і для кампазітара, і для выканаўцы - застаецца, у большай ступені, чымсьці накшталт хобі. Бо зарабіць на ёй грошы і жыць толькі на гэтыя сродкі - немагчыма. Абсалютна кожны творца на чымсьці зарабляе - і потым укладае гэтыя грошы ў творчасць. Можна, вядома, паспрабаваць не зарабляць самому, а знайсці спонсара, які ў цябе паверыць. Але іншага шляху - жыць на заробленыя творчасцю (падкрэслю, не бізнесам, а творчасцю) грошы - папросту няма. Не толькі ў нас, але і ў замежжы таксама. У гэтым сэнсе наша моладзь мае неаспрэчныя перавагі: у яе ёсць усе магчымасці для першага творчага ўзлёту. А надалей - трэба штосьці шукаць самому. Каб рэалізаваць сябе на вышэйшых прыступках творчасці, трэба зарабіць грошы і ўкласці іх у свой творчы рост. Менавіта на гэта я настройваю сваіх выхаванцаў.

Надзея Бунцэвіч: - Некаторыя зарабляюць, але на гэтым і спыняюцца: калі ў чалавека з'яўляюцца сям'я і дзеці, прыярытэты часта змяняюцца, і творчасць аказваецца далёка не на першай прыступцы. Дый саміх праектаў для "пераходнага ўзросту" - для той катэгорыі артыстаў, што знаходзяцца на прыступцы ад моладзі да майстроў, - у нас, мабыць, не хапае. Хіба "Песня года" на АНТ.

Алена Атрашкевіч: - Падобным тэлепраектам бракуе зваротнай сувязі з гледачамі. Мне паказваюць гатовы вынік: вось яны, тыя песні, якія з'явіліся сёлета. Але як іх адбіралі? І чаму я як тэлеглядач не ўдзельнічала ў гэтым працэсе? Можа, трэба спачатку запусціць некалькі праграм, накіраваных на знаёмства слухачоў з новымі песнямі і адбор лепшых кампазіцый? Тады і вынік будзе больш канкрэтны, а не проста "выпадковы зрэз" агульнага становішча на песенным фронце. Да таго ж, лепшыя кампазіцыі павінны паўтарацца, каб мы паспелі запомніць і іх саміх, і выканаўцаў, каб маглі вывучыць словы і падпяваць. У гэтым і ёсць папулярнасць! Калі ж праект "аднаразовы", дык у чым яго сэнс? Мы не паспяваем прызвычаіцца ні да новых песень, ні да новых выканаўцаў. Дзе ж тады ўзяцца той "сярэдняй прыступцы"?

Дзяніс Шпітальнікаў: - Над гэтай праблемай я б'юся з таго часу, як прыйшоў на тэлебачанне. У пагоні за "эксклюзівам" і "тварам" таго або іншага канала лічыцца, што артысты і песні не павінны паўтарацца. Да таго ж, чым больш тэлебачанне рухаецца ў бок самаакупнасці, тым больш немагчымым становіцца аддаць тры хвіліны эфірнага часу невядомаму выканаўцу.

Надзея Бунцэвіч: - Звярніце ўвагу, сёлетні гала-канцэрт Дня Беларусі на "Славянскім базары..." быў пабудаваны на лепшых песнях мінулага 20-годдзя. А між тым, яго асновай сталі менавіта тыя кампазіцыі, якія калісьці спецыяльна ствараліся для тэле- і радыёпраектаў "Прэм'ера песні", "Песню бярыце з сабой" і круціліся ў беларускім эфіры з ранку да ночы, па некалькі разоў на дзень. Але потым прыйшлі тэндэнцыі іншага кшталту: маўляў, няхай усіх і ўсяго будзе аднолькава. Пэўна, эстрада, як і эканоміка, патрабуе рыначных адносін.

Дзяніс Шпітальнікаў: - Дарэчы, гэтым канцэртам сёлета займалася тэлебачанне, ён быў вырашаны менавіта з пункта гледжання тэлерэжысуры. Міністр культуры нашай краіны Павел Паўлавіч Латушка застаўся вельмі задаволены, хаця і заўважыў: "Вы зрабілі так, як вам было зручна, вы зрабілі тэлевізійны прадукт". Дадам, што пры ўсіх вышэйзгаданых складанасцях самаакупнасці, не зважаючы ні на што, мы пакажам нікому не вядомага выканаўцу з нікому не вядомай песняй - пры той умове, што ў яго будзе пастаўлены нумар са сцэнічнымі строямі. І зробім мы гэта - з вялікай радасцю, бо матэрыялу нам папраўдзе не хапае. Але звычайна прыходзяць - у будзённым "вулічным" (а часам і хатнім) адзенні, ды яшчэ і патрабуюць, быццам мы абавязаны. Гэткае выключна "спажывецкае" стаўленне да СМІ.

Надзея Бунцэвіч: - Але я часам бачу на тэлеэкране і іншае: артыст з песняй і падтанцоўкай - без аніякіх цітраў...

Дзяніс Шпітальнікаў: - Мы імкнёмся змясціць усю інфармацыю, якую нам даюць. Але часам не атрымліваем яе ні ад артыстаў, ні ад іх прадзюсараў, ні ад арганізатараў канцэртаў. Дык да каго прэтэнзіі?

Таццяна Якушава: - Галоўная задача радыё і тэлебачання - пазіцыянаваць сваю краіну. Мы - беларусы, дык давайце абапірацца на нацыянальную тэму, развіваць яе, стварыўшы ў тэле-, радыёэфіры найбольш спрыяльнае асяроддзе для тых, хто працуе менавіта ў гэтай галіне.

Уладзімір Кубышкін: - Фарматнай беларускамоўнай музыкі мы не назбіраем, мяркую, і пяці працэнтаў. Апошнім часам некаторыя артысты чамусьці лічаць, што такія творы павінны належаць андэграунду - і ствараюць адпаведныя роккампазіцыі.

Юрый Бурш: - Аднак фарматныя беларускамоўныя песні ў эфіры нашай радыёстанцыі выглядаюць незвычайна і ярка. Хацелася б больш такіх песень менавіта ў попстылі.

Таццяна Якушава: - Працуючы на радыё ўжо каля пятнаццаці гадоў, чым далей, тым больш пераконваюся: рэкламадаўцы больш рэагуюць на галасы вядучых і дынаміку эфіру, а не ўласна на песні. Яны нават галасы спевакоў не заўсёды адрозніваюць! Дарэчы, яшчэ і таму, што пішуцца песні ў адных і тых жа студыях, аднымі і тымі ж рэжысёрамі, якія імкнуцца не выявіць індывідуальнасць, а звесці ўсё да аднаго "фармату". У выніку атрымліваецца "адна вялікая песня" - у аднолькавых рытмах, без аніякіх усплёскаў, з аднымі і тымі ж словамі, што ў розных камбінацыях паўтараюцца з песні ў песню. Музыка на радыё ператвараецца ў фон, які не замінае займацца сваімі справамі.

Юрый Бурш: - Радыйная музыка ўвогуле мае свае асаблівасці: не ўсё тое, што гучыць на канцэртах, можа добра ўспрымацца ў эфіры. Дый стаць папулярным можна і без радыёраскруткі. 

Уладзімір Кубышкін: - Усё большым попытам карыстаецца Інтэрнэт: праз яго дабіцца папулярнасці значна прасцей, хаця і аўдыторыя там спецыфічная. А тыя ж рок-выканаўцы традыцыйна раскручваюцца праз клубы. Так што не трэба глядзець на радыё і тэлебачанне як на адзіны шлях, бо магчымасцей насамрэч больш.

Надзея Бунцэвіч: - Але заўсёды лічылася, што СМІ павінны не толькі забаўляць, але і выхоўваць, фарміруючы, у тым ліку, і добрыя музычныя густы насельніцтва.

Дзяніс Шпітальнікаў: - Гэта спрацоўвала ў савецкія часы, асабліва добра - ва ўмовах "жалезнай заслоны", калі радыё і тэлебачанне заставаліся галоўнымі папулярызатарамі эстрады.

Уладзімір Кубышкін: - Сёння тыя або іншыя тэндэнцыі ў эстрадным мастацтве фарміруе менавіта публіка. Дзеячы ж культуры іх толькі падхопліваюць і развіваюць надалей. Музыку, якая не падабаецца публіцы, ніякімі дадатковымі эфірамі не "прасунеш": яе ўсё роўна слухаць не будуць.

Таццяна Якушава: - Не пераменшвайце ўздзеянне эфіру!

Дар'я Амяльковіч: - Гурт "J:Морс" існаваў ужо некалькі гадоў, але папулярнасць атрымаў пасля песні "Web-дызайн", якая пракацілася па ўсіх каналах. Таму няма чаго спісваць усё выключна на публіку, апраўдваючы тым самым уласную бяздзейнасць.

Надзея Бунцэвіч: - А так званы сіндром паўтораў? Спярша песня можа і не спадабацца, але калі яна часта гучыць у эфіры, публіка міжволі ўспрымае яе як родную, бо тая перастае выклікаць "супраціўленне".

Юрый Бурш: - Усё залежыць ад псіхалогіі канкрэтнага чалавека, ад яго ўнушальнасці. Так што выхаваць музыкай усю публіку - немагчыма. Максімум - гэта прывучыць яе да таго, што раней раздражняла.

Таццяна Якушава: - А такі складнік, як асоба? Тая ж Ваенга пачынала з шансона, найбольш запатрабаванага публікай, а цяпер сама вядзе слухачоў за сабой, прапаноўваючы нават вытанчаныя джазавыя рэчы. І гэта заканамерна! Бо яна - прафесійная артыстка з добрым голасам і жывым музіцыраваннем, інтэлігентная, тонкая, разумная, інтэлектуальная, а гэта менавіта тое, чаго так часта бракуе іншым артыстам.

Алена Атрашкевіч: - Вось мы і вярнуліся ў чарговы раз да праблемы прафесіяналізму. Вельмі хацелася б, каб крэатыўных, разумных суразмоўцаў гэтага "круглага стала" пачула наша моладзь, якая часта носіць ружовыя акуляры.

Надзея БУНЦЭВІЧ.