Эксклюзіўнае відэа

29.12.2015 "Рэспублiка"

У першы дзень надыходзя­ча­га года айчыннае тэлебачан­не адзначыць 60-гадовы юбілей

Гісторыя захавала словы, з якімі 1 студзеня 1956 года дыктар Тамара Бастун упершыню звярнулася да гледачоў: "Добры вечар, таварышы! Вiншуем вас з Новым годам! Пачынаем нашы пробныя перадачы".

Перадачы тады прымалі крыху больш за 4 тысячы гледачоў, а Мінскі тэлецэнтр, які размяшчаўся на Камуністычнай, 6, быў разлічаны на аднапраграмнае вяшчанне з сярэднясутачным аб'ёмам 6 гадзін і радыусам дзеяння 60 км.

Да знамянальнай юбілейнай падзеі Белтэлерадыёкампаніяй падрыхтаваны інтэрнэт-праект "БТ - 60. Наша гісторыя". Увазе аўдыторыі прадстаўлены 12 відэаролікаў з рэдкімі архіўнымі кадрамі, у якіх - замалёўкі з гісторыі развіцця Беларускага тэлебачання, адлюстраванне жыцця, падзей у спорце, культуры, карціна побыту беларусаў мінулых гадоў.

Дзякуючы ўнікальным відэаматэрыялам нібыта адраджаюцца каштоўныя імгненні мінулага: моладзь зможа даведацца больш пра гісторыю свайго горада, сваёй краіны і, у прыватнасці, аб колішняй працы сённяшняга найбуйнейшага медыяхолдынга, а ў больш сталага пакалення з'явіцца магчымасць успомніць, як гэта было, і зноў адчуць атмасферу тых гадоў.

У прыватнасці, праект "БТ - 60. Наша гісторыя" паказвае кадры першых тэлевізійных эфіраў і тагачасныя тэхнічныя сродкі, фрагменты сюжэтаў навін, расказвае пра гісторыю беларускай кухні, адкрыццё ўнікальных архітэктурных збудаванняў Мінска, пра яркія моманты перамог нашых спартсменаў. Акрамя гэтага, тэлегледачы змогуць акунуцца ў пераднавагоднюю атмасферу розных часоў. З надыходзячым святам, як і шмат гадоў таму, усіх павіншуюць вядомыя касманаўт і кампазітар.

Кожны з ролікаў, хронаметраж якіх не перавышае двух хвілін, - асобны сюжэт з той ці іншай сферы жыцця, захаваны на плёнцы, бераж­ліва адрэстаў­рыраваны і перанесены ў лічбавы фармат.

Па словах дырэктара дырэкцыі фондавых матэрыялаў Алы Вярэніч, у архіве Белтэлерадыё­кампаніі сабраны ўнікальныя кінавідэа- і аўдыя­дакументы. Гэта своеасаблівы летапіс гісторыі нашай краіны, зафіксаваны на кінаплёнцы, магнітнай стужцы і ў лічбавых файлах. У гэтым "залатым фондзе" захоўваюцца хранікальна-дакументальныя фільмы, творчыя партрэты нашых дзеячаў культуры, музычныя, дзіцячыя і спартыўныя праграмы, спектаклі, тэлепастаноўкі і многае іншае. Словам, у архіве можна знайсці ўсё: ад хвіліннага сюжэта да шматгадзіннага серыяла.

Праект "БТ - 60. Наша гісторыя" створаны спецыяльна для карыстальнікаў сацыяльных сетак. Ролікі таксама даступныя на партале Белтэлерадыёкампаніі www.tvr.by. Акрамя таго, яны прадстаўлены на галоўным тэлеканале краіны ў праграме "Добрай раніцы, Беларусь!", а таксама выкарыстоўваюцца ў міжпраграмным афармленні эфіру.

Убачыць унікальнае архіўнае відэа можна па 1 студзеня ўключна.

Ирина СВИРКО.